І вось я ў яе дома ў Трасцянцы. Добраўпарадкаваная сядзіба, яшчэ не агрубеўшая пасля дбайных рук клапатлівага гаспадара Мікалая Фаміча (светлая яму памяць). Паглыбімся ж у гісторыю гаспадыні дома.
У сям’і Піліпа Карэнькі, баць-кі Веры, лічылася народжанымі адзінадцаць дзяцей. Адны з іх выжылі, другія памёрлі. Сям’я была беднай.
У сям’і Піліпа Міхайлавіча дзеці бегалі басанож да восеньскіх замаразкаў. Вера памятае, што толькі з зазімкам бацькі куплялі ёй кірзавыя боты і для дома, і для школы.
Карміла праца. І ў калгасе, і на сваім падворку. У гаспадарцы была вялікая жыўнасць: карова, свінні, авечкі, куры – ўсё пад наглядам Веры, якая была асноўнай памочніцай бацькам. Бо старэйшыя дзеці, хто куды, стараліся з’язджаць на свой хлеб. Маладыя рукі Веры грубелі ад сярпа, граблей, спіна балела ад копкі бульбы, пад’ёма ільну і іншых прац. Аслухацца і не выканаць загад бацькоў Вера прывычкі не мела. Яна нават на стары капыл звала кожнага з іх на “вы”.
Аблегчыла цяжкае вясковае жыццё дзяўчыны заканчэнне Межаўскай сямігодкі і паступленне ў Аршанскае індустры-яльна-педагагічнае вучылішча на факультэт пачатковых класаў. Па сваіх здольнасцях да вучобы маладая студэнтка ішла на дыплом з адзнакай, атрымлівала павышаную стыпендыю, была папулярнай сярод аднакурснікаў за сціпласць і ўменне несці дзявочы гонар.
І вось Міністэрства адукацыі дае накіраванне маладому спецыялісту ў Бярэзінскі раён, у новую двухпавярховую Капланецкую сярднюю школу. Як сёння бачыць Вера Піліпаўна прыемную сустрэчу з жонкай дырэктара, якая з радасцю ўспрыняла прыезд на вакантнае месца настаўніцы пачатковых класаў, адразу ж вызначыла ёй месца пражывання ў хаце адзінокай жанчыны. Так пачалося працоўнае жыццё ў новым калектыве, дзе на першай нарадзе дырэктар школы Уладзімір Анцыпаў, пазнаёміўшыся з выдатнай заліковай кніжкай Веры, назначае яе дадаткова і справаводам усіх педагагічных пасяджэнняў, што прыдало дзяўчыне яшчэ большы аўтарытэт.
Маладая, вытанчаная, з люстэркавым складам душы, яна ахінулася любоўю і прывязанасцю каля двух дзесяткаў дзяцей класа. Малеча пільна сачыла за кожным яе рухам і словам.
– Я настолькі містычна любіла Веру Піліпаўну, што не хацелася нават ісці дадому напрыканцы дня, - узгадвае яе былая вучаніца, цяпер ужо сама бабуля Вольга Старынская. - Такая любоў і павага да нашай настаўніцы жыве ў маёй душы і па сённяшні дзень.
Прыгадвае мая субяседніца першую хвалюючую сустрэчу з інспектарамі раённага аддзела адукацыі. “Да скону не забудуся гэтай праверкі – гаворыць Вера Піліпаўна. – З’явілася пяць чалавек інспектараў. Уварваліся ў расклад урокаў. Адзін з іх, мажны мужчына, кажа: “Я хачу пайсці на урок самай маладой настаўніцы пачатковых класаў”. Ад пачутых слоў у мяне задрыжэлі ногі. Уладкаваўшыся на задней парце, інспектар дастаў блакнот і штосьці пачаў пісаць. Дзеці таксама насцярожана глядзелі на незнаёмца, але я, узяўшы сябе ў рукі, пачала пераканаўча выкладаць тэму ўрока. У канцы інспектар падыйшоў да мяне, усміхнуўся і ціха прамовіў: “Не хвалюйцеся. Усё добра”.
З гэтага часу пачалося больш блізкае знаёмства Мікалая Вяргейчыка з Верай Карэнька. Мікалай Фаміч рослы, пад два метры ростам, заўсёды акуратны. Вера спачатку саромелася сустрэч… Але Мікалай больш настойліва пачаў заляцацца да гэтай сарамлівай дзяўчыны. Урэшце знайшоў сваю методыку: яны вырашылі сустрэчы замяніць на адкрыцце шчырых пачуццяў у ліставанні. Шчыра, без фальшы і падману, выказвалі свае думкі на паперы.
Праз два гады такіх адносін Мікалай Фаміч вырашыў: “Хопіць гуляць у непрадказальнасць, мы не дзеці. Ці тое, ці другое”. І напісаў сваю прапанову словамі песні: “Я без цябе – не я, ты без мяне – не ты. А вось разам мы будзем добрая сям’я”.
Атрымаўшы такі ліст, Вера сумелася: што за песенны матыў сур’ёзнага мужчыны ў такі адказны момант? Доўга раздумваючы, яна звязалася са сваёй старэйшай сяброўкай. Выслухаўшы, тая дала параду:
“Тваё права прынімаць рашэнне. Толькі памятай, не трэба шукаць ідэальных людзей, бо такіх не існуе. Перш за ўсё шукай чалавека, які ведае сабе цану і цэніць цябе. І мне здаецца, што ты такога чалавека знайшла.”
Гэтыя словы і сталі эпілогам адносін Мікалая і Веры. Яны пабудавалі свой дом, выгадавалі дзвюх дачушак, якія пакінулі бацькоўскае гняздо з выездам у сталіцу. На жаль, час не шкадуе нікога і прапануе людзям свае лякалы. Дзесяць год таму пайшоў з жыцця Мікалай Фаміч. Цяпер Вера Піліпаўна жыве ў прасторным доме адна. Пакідаць сваё гняздо і пераязджаць да дачок пакуль не збіраецца. У дзяцей, нават самых лепшых, усе ж як у гасцях. А дома сама сабе гаспадыня. Нікому не перашкаджае, і гэта варта таго.
Ніна БУРКО.
Фота Паўла САЛАЎЁВА.