Стараннасць маладога спецыяліста не была незаўважанай, і праз які час дзяўчыну прызначаюць спачатку намеснікам галоўнага бухгалтара, а затым і галоўбухам. Дарэчы, гэтую пасаду Наталля Ізнік займала больш як чвэрць стагоддзя, заўсёды паспяхова зводзячы дэбет з крэдытам і не дапускаючы пралікаў.
– За час маёй работы шмат чаго памянялася ў сельскай гаспадарцы, – расказвае жанчына. – Не раз адбывалася яе рэфармаванне, але праца заўсёды была аднолькавай: як даілі каровак, так і доім, як сеялі ды ўбіралі збожжа ды кармы, так і сёння для нас гэта галоўныя задачы. Праўда, паказчыкі за гэты час значна ўзраслі. І за кошт новых гатункаў насення і абнаўлення статка на больш высокапрадуктыўную жывёлу. Наша гаспадарка заўсёды імкнулася да таго, каб быць у авангардзе. Для таго, каб вырасціць важкі ўраджай, напрыклад, імкнёмся выкарыстоўваць толькі элітнае насенне, мець пад патрэбу мінеральных і арганічных угнаенняў, захоўваць тэхналогію апрацоўкі глебы. Вельмі важным фактарам з’яўляюцца надзейныя кадры. Лічу, што «Брадцу» ў гэтым плане шанцуе на працавітых людзей, як і ў цэлым на яго кіраўнікоў. Таму ў гаспадарцы ёсць і добрыя паказчыкі, і стабільная перспектыва росту.
Узгадваючы маладосць, Наталля Аляксандраўна расказвае, як трымалі з мужам (ён – механізатар са стажам) вялікую гаспадарку, як удзельнічала ў самадзейнасці. І зараз, нягледзячы на гады і існуючыя праблемы са здароўем, яна гатова разам з жанчынамі (а талентаў тут шмат) і заспяваць, і нават патанцаваць.
Сёння Наталля Ізнік у бухгалтэрыі вядзе раслінаводства. Аднак не замыкаецца толькі выкананнем службовых абавязкаў. Сваім багатым вопытам яна шчодра дзеліцца з калегамі. Так, дапамагала вырасці былому гаоўнаму бухгалтару, маладому спецыялісту Юліі Корык, а зараз вядзе шэфства над замяніўшай яе на гэтым пасту Крысцінай Паддубскай. Што ж, годны працяг прафесіянала.
– Напярэдадні свята, – гаворыць Наталля Аляксандраўна, – хочацца пажадаць усім здароўя (а ў маім узросце гэта вельмі актуальна), шчасця, дабрабыту, удачы, цудоўнага настрою; каб жанчына заўсёды свяцілася, а мужчыны звярталі на яе ўвагу, гаварылі ёй кампліменты – жанчынам гэта неабходна ў любыя гады!
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.