Фермам – маладзець

Date 08.03.2025 Man
Comment 149
Фермам – маладзець

Заўсёды вельмі прыемна бачыць на ферме твары маладых працаўнікоў. Значыць, у галіны ёсць свой працяг і на змену старэйшаму пакаленню прыходзіць годная змена. А яна сапраўды іменна такая. Прыкладам таму з’яўляецца Наталля Шчарбанёва, якая працуе жывёлаводам на МТФ “Мікулічы”.

Сама яна мясцовая. Пасля заканчэння Лагаўской школы вучылася ў мінскім ліцэі, пасля заканчэння якога засталася працаваць у сталіцы. Ды толькі мітуслівае гарадское жыццё неўзабаве памяняла на размераны лад сельскага быту. І, падобна свайму брату, механізатару ААТ “Першамайскі” Дзмітрыю, прыйшла ў родную гаспадарку.

– Наша Наталля Леанідаўна – чалавек незаменны ў многіх справах, – расказае пра яе дырэктар сельгаспрадпрыемства Аляксандр Салаўёў. – І хоць працуе на ферме яна каля года, заслужыла сабе добрую славу чалавека руплівага, паслухмянага, адказнага. Асноўны яе занятак – абслугоўванне дойнага статка. Выступае таксама і як падменная даярка. А калі здараецца патрэба кагосьці падмяніць, таксама не абыходзіцца без яе. Наталля аднолькава паспяхова і з веданнем справы спраўляецца з абавязкамі дзённай дзяжурнай, цялятніцы, даглядчыцы, карацей – ад даяркі да санітаркі.

Сама Наталля рабочым месцам задаволена, як і сваім вяртаннем на малую радзіму. Ёсць тут штосьці кранальнае і непаўторнае. Ды і ў калектыве ставяцца да яе як да чалавека, які не баіцца працы, выконвае яе з запалам, штодня прыбаўляючы сабе вопыту і павагі калег. Калі справа спорыцца і прыносіць задавальненне, то гэта ўжо трывалая частка чалавечага шчасця. Другая яго частка – сямейная – у Наталлі яшчэ наперадзе. Верыцца, што ў хуткім часе напаткае дзяўчына і яе.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « За плячыма – 40 гадоў Её года – её богатство »