– Са сцвярджэннем, што зіма сёлета выдалася ранняй, нязгодны, – выказвае свае меркаванні начальнік філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” ДРБУ-192 Аляксей Кніга, – бо яшчэ колькі гадоў назад першы снег выпадаў якраз на наша прафесійнаесвята – Дзень дарожнікаў і аўтамабілістаў. А гэта апошняя нядзеля кастрычніка. І знянацку снег і нізкая тэмпература паветра нас не засталі, бо штогод ужо з верасня мы абараняем інжынерную прапрацоўку падрыхтоўкі да зімы. У ёй указваюцца патрэбнасць у пясчана-саляной сумесі (з разліку выкарыстанай мінулагодняй зімой плюс 10%) і тэхніцы, узгадняецца з аддзелам утрымання Мінскаблдарбуда і ДАІ.
Асноўная задача работнікаў ДРБУ-192 – захаванне бяспекі дарожнага руху на мясцовай сетцы. Дарэчы, працягласць гэтых дарог (асфальтавых, гравійных і грунтавых) складае 597 кіламетраў. Для іх якаснага абслугоўвання ў арганізацыі ёсць 4 пескаразмеркавальнікі, 6 трактароў, 1 грэйдар і 4 пагрузчыкі. У снежні тут мяркуюць набыць яшчэ адзін песка-размеркавальнік, што дазволіць на паўтары гадзіны скараціць час апрацоўкі дарог.
З чаго ж і калі пачынаецца работа дарожнікаў у зімовых умовах? На кругласутачнае нясенне дзяжурства, а гэта адбываецца калі сярэднясутачная тэмпература пачынае набліжацца да нуля і ўзнікае пагроза галалёдзіцы, дыспетчарская служба сёлета перайшла з 14 лістапада ў адпаведнасці з загадам аблдарбуда. З гэтага часу дарожнікі ў рэальным часе адсочваюць умовы надвор’я. Назіранні робяцца пры дапамозе інтэрнэту: на дарогах (у асноўным рэспубліканскіх і магістральных) на вызначаных участках устаноўлены датчыкі, якія адлюстроўваюць інфармацыю аб стане дарогі – тэмпературу пакрыцця, тэмпературу навакольнага асяроддзя, наяўнасць снегападу, а таксама галоўны паказчык – кропку расы, якая паказвае, колькі часу засталося да ўтварэння на дарозе галалёдзіцы. Вось тады і спяшаюцца машыны на лінію, каб папярэдзіць непрыемныя сюрпрызы для вадзіцеляў. Аналагічным чынам паступае інфармацыя і пра набліжэнне снежнага фронту – адкуль ён рухаецца, з якой хуткасцю, інтэнсіўнасць снегападу.
У такіх выпадках дарожнікі прымаюць рашэнне аб канкрэтных дзеяннях. Калі, напрыклад, намячаецца паніжэнне тэмпературы і ўтварэнне галалёдзіцы, у ход ідуць пескаразмерка-вальнікі (нярэдка яны выконваюць і прэвентыўную падсыпку да таго, як на праезнай частцы паспеў з’явіцца лёд).
А вось праблемы са снегападам вырашаюцца ў кожным выпадку асобна. У выпадку, калі завея толькі пачынае разгортвацца, іншы раз неабходна дачакацца яе канца, каб работа не аказалася марнай, а на дарозе пасля яе чысткі не ўтварыўся небяспечны шчыльны слой снегу (накат), які толькі стварае большую аварыйнасць.
– Лічу неабходным нагадаць вадзіцелям і пешаходам пра ўласную бяспеку на дарогах. Гэта і пераход на зімовую гуму, і захаванне рэжыму руху, і выкананне патрабаванняў дарожных знакаў – устанаўліваюць іх зусім недарэмна. Асаблівую ўвагу звяртайце на часовы знак “сняжынка” на мастах. Гэтыя ўчасткі дарогі найбольш часта прамярзаюць і першымі рэагуюць на з‘яўленне галалёдзіцы. Будзьце пільнымі і выконвайце ўсе патрабаванні Правілаў дарожнага руху, клапаціцеся пра сваё жыццё.
А вадзіцелям веласіпедаў і іншай малахуткаснай тэхнікі наогул раіў бы зімой не выкарыстоўваць іх: зімовай гумы на іх няма, а ў выпадку заносу яны становяцца некантралюемымі. Да таго ж, у многіх веласіпедыстаў адсутнічаюць катафоты, флікеры, – звяртае ўвагу Аляксей Кніга. – Дзякаваць богу, сёлета па нашай віне з-за няправільнай эксплуатацыі або нясвоечасовай апрацоўкі мясцовых дарог не было зафіксавана ніводнага ДТЗ, значыць, наша служба сваю справу выконвае належным чынам.
Па выпрацаванай сістэме работы дзейнічаем і зараз – у адпаведнасці з нарматыўна-прававымі актамі, дакладней СТБ-100 (зімовае ўтрыманне). І хоць зіму сіноптыкі прадказваюць як даволі капрызную, з частымі снегападамі і перападамі тэмператур, якія пагражаюць утварэннем галалёдзіцы, з выкананнем пастаўленай перад намі задачы мы справімся належным чынам і без парушэнняў устаноўленых тэрмінаў і нарматываў для правядзення той ці іншай работы. Гавару пра гэта так упэўнена таму, што ведаю свой калектыў і тыя кадры, якія працуюць у нас.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.