Задае тэмп ААТ “Пагосцкі”

Date 07.04.2022 Man
Comment 939
Задае тэмп ААТ “Пагосцкі”

Пасяўная плошча пад яравую сяўбу ў ААТ “Пагосцкі” складае сёлета 804 гектары. Гэта амаль удвая больш, чым было летась. Істотнае павелічэнне аб’ёмаў адбылося ў сувязі з аб’яднаннем сельгаспрадпрыемства з суседняй гаспадаркай, ААТ “Бярэзінскі”. Таму ў пагосцкіх сейбітаў работы сёння нямала.

Але мясцовыя аграрыі і спецыялісты на такую акалічнасць не наракаюць, бо прывыклі працаваць і выконваюць сваю справу годна і якасна. Пацвярджэннем таму – іх сёлетнія тэмпы работ. Прыступіўшы да палявых работ яшчэ 24 сакавіка, пагосцкія сейбіты паспелі ўжо пасеяць палову адведзеных плошчаў – 207 гектараў зернебабовых і 197 гектараў аўса. І сёння ААТ “Пагосцкі” з’яўляецца ў раёне лідарам па тэмпах правядзення галоўнай кампаніі сезона.

Увесь названы аб’ём работы выканаў адзін механізатар (затое які!) – Вячаслаў Кашлачоў на сваім энерганасычаным трактары. Бесперабойнай яго рабоце садзейнічае і сочыць за тым, каб не было прастояў, Мікалай Піскун, які рэгулярна і спраўна “запраўляе” пасяўны агрэгат насеннем. Так за дзень засеяная плошча палеткаў прырастае ў сярэднім на 45-50 гектараў.

- Гэтымі днямі, - расказвае наменік дырэктара ААТ Аляксандр Салаўёў, - запускаем яшчэ адну адзінку тэхнікі – трактар МТЗ-1221 з сеялкай СПУ-6, якім кіруе Сяргей Дадонаў, бо пераходзім да высеву 300 гектараў ячменю і ста гектараў пшаніцы. Работы плануем правесці за 4-5 дзён. І гэта рэальна, ды і часу марудзіць няма, бо праз якіх два-тры тыдні трэба прыступаць да сяўбы кукурузы.

У планах пагосцкіх аграрыяў пасеяць гэтай вясной, акрамя збожжавых і кукурузы, 200 гектараў грэчкі, 50 гектараў яравога рапсу, а таксама заняць невяікі ўчастак пад бульбу. Новай культурай тут стане сланечнік, пад які адводзіцца 100 гектараў. Насенне яго (расійскі гібрыд) ужо завезена. Культура гэтая прыбытковая, а яе насенне цэніцца больш высока, чым рапс (яго, дарэчы, тут таксама высадзілі мінулай восенню і плануюць атрымаць па 30 цэнтнераў на круг).

Паралельна з сяўбой у гаспадарцы комплексна вядуцца шырокім фронтам і іншыя палявыя работы. Толькі адной тэхнікі тут занята 26 адзінак! Пачыналі з падрыхтоўкі глебы, закрыцця вільгаці і ўнясення ўгнаенняў. Работы гэтыя ідуць і зараз. Так, на ўнясенні мінеральных тукаў на тыя палеткі, куды раней не было магчымасці заехаць з-за пераўвільготнасці глебы (а іх засталося ўжо не так многа), заняты Сяргей Дадонаў. Актыўна вядзецца раскідванне арганікі. Механізатар Іван Захожы за змену грузіць яе на прычэпы да дзвюх тысяч тон. А на трасе ўрадлівасці задзейнічаны чатыры трактары. Найбольш рупяцца тут Аляксандр Ермаловіч і Валерый Данільчанка. Займацца падрыхтоўкай глебы даручана Аляксандру Пінчуку і Леаніду Лагуцёнку. А Аляксандр Хвашчэўскі заняты ворывам.

У нейкай ступені тэмпы работ стрымлівае няўстойліае надвор’е, з-за якога на поле выязджаць даводзіцца не з самай раніцы. Ды і палеткі гатовы не ўсе ў аднолькавай ступені. Вось і даводзіцца спецыялістам карэкціраваць сваю работу, выбіраць найбольш аптымальныя варыянты прымаемых рашэнняў.

- Так, - згаджаецца А. Салаўёў, - на сёння надвор’е для нас з’яўляецца самай вялікай праблемай. Хаця, якой вясной яно было лагодным і не дастаўляла клопатаў селяніну. Галоўнае, што ў нас ёсць паліва, ёсць угнаенні, ёсць настрой на працу і вялікая дружная сям’я нераўнадушных аднадумцаў. Так што ў нас ўсё добра. Гэта наша зямля, нам на ёй працаваць, ніхто за нас нашу работу не выканае. Нам жа застаецца толькі прыкласці максімум намаганняў для таго, каб яна дала свой плён і шчодра аддзячыла ўвосень.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER