Рабіць стаўку на насенне

Date 12.04.2022 Man
Comment 1123
Рабіць стаўку на насенне

У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ідзе веснавая пасяўная камапанія. Нягледзячы на нестабільнае надвор’е, бярэзінскія аграрыі імкнуцца не ўпусціць час і ў сціслыя тэрміны правесці гэту важную кампанію.

Так, сёння многае залежыць ад умення і майстэрства механізаратаў і спецыялістаў агранамічнай службы, ад трывалай работы трактарнага парка, забеспячэння гаспадарак палівам і грашовымі сродкамі, ад іншых фактараў. Вельмі істотным з іх, які напрамую ўплывае на канчатковы вынік, з’яўляецца насенная база. Аб тым, наколькі яна багатая і сапраўды здольная даць высокі ўраджай, гутарым з начальнікам дзяржаўнай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін па Бярэзінскім раёне Васілём Піскуном.

- Васіль Мікалаевіч, мы прывыклі да таго, што сельскагаспадарчыя арганізацыі апошнім часам робяць стаўку на азімыя гатункі зерневых культур. Але і ўвесну іх таксама чакае вялікі аб’ём работ. Колькі ж гектараў плануецца сёлета аддаць пад яравы клін і якую плошчу зоймуць тыя ці іншыя культуры?

- План вясенняга севу сёлета складае 3811 гектараў. Тут ёсць дзе разгарнуцца і праявіць сябе. Калі гаварыць асобна па кожнай культуры, то меншая плошча адводзіцца пад яравую пшаніцу – усяго 100 гектараў. Прыкладна па тысячы гектараў, а дакладней 975 і 1110, зоймуць адпаведна яравы ячмень і авёс. Астатнюю плошчу (1626 гектараў) запланавана засадзіць зернебабовымі. З улікам страхавога фонду насення для правядзення веснавой пасяўной у гаспадарках дастаткова. Тым не менш, сёння актыўна вядзецца закупка насення эліты.

Другая частка палявых работ – сяўба і падсеў шматгадовых траў. На гэтыя патрэбы выдзелена 5270 гектараў. Пакуль што ў гаспадарках ёсць у наяўнасці 100 тон кандыцыйнага насення. Вырашаецца праблема па набыцці часткі насення, якой не хапае для таго, каб вызначаны план сяўбы траў быў выкананы.

Прыведзеныя лічбы паказваюць агульны малюнак у цэлым па раёне. Але ён не на сто працэнтаў поўны, бо ў асобных гаспадарках сёлетняй вясной у якасці эксперыменту будуць высаджвацца і некаторыя іншыя культуры (яравы рапс, сланечнік і г.д.).

У цэлым, лічу, па наяўнасці і якасці насеннага матэрыялу гаспадаркі раёна да сяўбы яравых культур падрыхтаваліся някепска і могуць разлічваць на высокі ўраджай.

- Аднак каравай раёна складаецца і з ураджаю азімых культур. Іх сяўба ўжо прайшла і сёння мы можам прааналізаваць, наколькі адказна падышлі да яе тыя ці іншыя сельгаспрадпрыемствы.

- Пачнём з крыжакветкавых. Гэтая азімая свірэпіца і азімы рапс. Азімая свірэпіца заняла 1668 гектараў. Гэта культура непатрабавальная да ўмоў росту, выкарыстоўваецца ў асноўным на кармавыя мэты. З высеяных 20 тон насення восем мелі першую рэпрадукцыю, астатняе насенне было трэцяй і наступных рэпрадукцый. З азімым рапсам (яго было пасеяна 3831 гектар) у гаспадарках папрацавалі больш эфектыўна: палеткі занялі толькі эліта, а ў шасці сельгаспрадпрыемствах – і высакаўраджайныя гібрыды насення.

Азімыя збожжавыя занялі 12726 гектараў. З гэтай колькасці 3056 гектараў заняло жыта. На жаль, тут адчуваўся істотны недахоп яго элітнага насення: замест 70 тон у наяўнасці было толькі 28. Поўнасцю адсутнічала эліта ў такіх гаспадарках, як ААТ “Уша”, “Багушэвічы”, “Першамайскі”, сельгасфіліялы “Арэшкавічы” і “АграМАЗ”. У той жа час, сельгасфіліялы “Ома”, “Арэшкавічы”, “АграМАЗ” і ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” для пасеву набылі гібрыды насення азімага жыта.

Азімы ячмень (ён заняў 1503 гектары) у раёне пачаў вырошчвацца з 2019 года замест яравога, нягледзячы на больш складаную тэхналогію. Больш паловы насення гэтай культуры (эліты і першай рэпрадукцыі) гаспадаркі закупілі. Вырошчваннем азімай пшаніцы займаюцца ўсе сельгасарганізацыі, яе плошча склала 2788 гектараў. Семдзесят працэнтаў гэтай культуры пры сяўбе склалі эліта і першая рэпрадукцыя. Сельгасфіліял “Ома” набыў гібрыд насення азімай пшаніцы і высеяў яго на плошчы 10 гектараў.

Самую значную плошчу ў раёне заняло азімае трыцікале – 5379 гектараў. Для засеву такой плошчы спатрэбілася ажно 1317 тон насення. На жаль, эліта ў гэтай колькасці склала толькі 123 тоны або 9%, насення першай рэпрадукцыі аказалася 823 тоны (62%). Другую рэпрадукцыю высявалі такія гаспадаркі, як ААТ “Бярэзінскі”, “Бярэзінскі райаграсэрвіс” і УП “АграМАЗ”.

Як бачым, насенны фонд у шэрагу выпадкаў з’яўляецца недастаткова паўнацэнным для таго, каб разлічваць на важкі ўраджай. А калі яшчэ зрабіць спасылку на дрэнныя кліматычныя ўмовы, нізкую бальнасць нашых зямель, культуру земляробства і недахоп мінеральных угнаенняў, можна хаця б прыкладна падлічыць, колькі мы недаатрымліваем прадукцыі палёў і, адпаведна, грашовых сродкаў.

- Тым не менш, зробленага ўжо не выправіш. На што б вы параілі звярнуць сёння ўвагу спецыялістам?

- Што датычыцца азімых культур, то на сённяшні дзень іх пасевы павінны быць канчаткова абследаваны і вынесена ацэнка іх стану. Пры гэтым асаблівая ўвага павінна быць звернута на насенныя ўчасткі. У ходзе абследавання палеткаў павінны быць прыняты неабходныя тэхналагічныя мерапрыемствы па доглядзе пасеваў. А наконт яравых культур, у сувязі з тым, што іх сяўба яшчэ не завяршылася, раю не грэбаваць рэкамендацыямі спецыялістаў адносна класнасці насення, якое высяваецца, выключыць з выкарыстання насенне ніжэй першай рэпрадукцыі. Памятайце, што ўдача сама па сабе не прыходзіць, а з’яўляецца сумай многіх складаемых.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER