Яравы клін у гаспадарцы складае ўсяго 590 гектараў, з якіх 150 адведзена пад раннія збожжавыя і зернебабовыя. Ужо ў мінулую пятніцу мясцовыя хлебаробы справіліся з гэтай плошчай. Справіліся без спешкі і аўралаў, працуючы якасна і старанна.
– Плошча ў нас і сапраўды невялікая, але гэта зусім не значыць, што працаваць можна было без напружання, – гаворыць сейбіт Аляксей Цэдрык, – бачыце, на маім трактары падвоеныя колы. Гэта, каб дабірацца да палеткаў і працаваць без прыгод. Усім жа ў раёне вядома, што землі ў нас нізкія і доўга ўтрымліваюць вільгаць. Быў час, мы наогул, у ліку апошніх засяваліся. Сёння ж марудзіць не дае ні капрызная вясна, ні магутная тэхніка. Чаго вартая толькі мая сеялка “Берестье” . Гэта яна, на першы погляд, такая нязграбная, а ў полі вельмі ўвішная і шпаркая.
Нядрэнныя тэмпы пасяўной кампаніі і лідзіруючыя пазіцыі ў раённым табелі сельгасработ сярод іншых гаспадарак пакуль мала цікавяць галоўнага агранома сельгасфіліяла Яўгенія Пілецкага.
– У апошні час у раслінаводстве прынята адыходзіць ад тэрміна «зона рызыкоўнага земляробства», – расказвае ён. – Але што рабіць з такой вясной, у падручніках па агранаміі не пішуць. Мы плённа папрацавалі з восені: пасеялі крыху больш за 1486 гектараў азімых культур, шмат глебы ўзаралі. Прыемна адзначыць, што ўсе азімыя культуры нядрэнна перазімавалі. Але далёка загадваць нельга. Што яшчэ нам вясна падрыхтуе, ніхто не ведае. Можа, зноў маразы націснуць, ці снег пойдзе? Таму, што будзе з палеткамі, толькі Богу вядома!
Яравая збожжавая група ў гаспадарцы сёлета значна не змянілася ў параўнанні з мінулым годам: большую плошчу зойме ячмень – 100 гектараў, авёс – 50.
– Стаўку робім не на вялікія плошчы, а на якасць і культуру земляробства, – дадае аграном, – належным чынам рыхтуем глебу, уносім пад поўную патрэбу мінеральныя тукі, падбіраем патрэбнае насенне і папярэднікі і, вядома, пільна сочым за нормай высейвання.
На вясенне-палявых работах без перабольшвання задзейнічана ўся тэхніка: ніводны трактар не прастойвае ў механічных майстэрнях, а ў вольны ад працы час машыны нават мыюцца ад бруду і лішняй глебы. За гэтай справай мы і засталі трактарыста – машыніста Аляксея Якуша. Ён толькі-толькі завяршыў культывацыю глебы.
Механізатар Аляксей Якуш: "А ці заўсёды вясной нам надвор’е спрыяла?"
– Вы ведаеце, я працую ўжо даўно, але дагэтуль не магу прызвычаіцца да капрызаў вясны, – гаворыць механізатар. – Прадказаць яе немагчыма, як і супрацьстаяць ёй. Таму тут самае галоўнае – не даваць волю эмоцыям, а старацца сумленна выканаць сваю работу.
…Хоць пасяўная кампанія сёлета з няпростых, любушанскія аграрыі рук не апускаюць. Тут вясенне-палявыя работы адладжаны, як механізм гадзінніка: адны – культывуюць, другія – сеюць, трэція – падкормліваюць…
– Я ўжо сёння гатовы адчапіць сваю сеялку і замяніць яе на культыватар, – гаворыць Аляксей Цэдрык. – Трэба ж хутчэй рыхтаваць глебу пад кукурузу. Інакш, глядзі, і аптымальныя тэрміны прапусцім. Настрой у нас рашучы. Яшчэ б вясна ўсміхалася сонейкам, а не кідалася снегам – зусім шпарка справы пайшлі б!
Старшыня прафкама гаспадаркі Надзея Карнеенка:
– Раслінаводства ў нас «заточана» пад патрэбы жывёлагадоўлі. Наша гаспадарка надзейна ў ліку тых, хто ганарыцца нізкім сабекоштам малака. Таму нам, кроў з носу, патрэбен добры ўраджай зерневых на фураж. Не менш важна мець і якасны сілас. Таму ў апошні час стратэгічна важнай культурай стала кукуруза, пад яе сёлета адвядзём 700 гектараў, з якіх 300 – на зерне. Летась пайшлі на эксперымент: плюшчанае зерне кукурузы, зразумела з выкарыстаннем кансервантаў, захоўвалі ў спецыяльных герметычных «рукавах». Рызыкнулі – і не прагадалі! Па-першае, атрымаўся якасны спажыўны корм, не горш за звычайнае кукурузнае зерне, – заатэхнікі вельмі задаволены; па-другое, сэканомілі грошы на давядзенні кукурузнага зерня да патрэбнай кандыцыі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.