Як заставацца на плаву?

Date 08.04.2022 Man
Comment 954
Як заставацца на плаву?

Гэта пытанне з зайздроснай рэгулярнасцю ліхаманіць спакой кіраўнікоў і спецыялістаў аграпрамысловага комплексу. 

Аднак, насуперак усяму, гаспадаркі і ў гэтых умовах умудраюцца выплаціць заробак людзям, разабрацца з падаткамі, выкраіць сродкі на рамонт тэхнікі і набыццё ўсяго неабходнага. Дзе ж узяць грошы, калі рэальна бюджэт гаспадаркі папаўняюць толькі даходы ад рэалізацыі малака?

Вырашэнне пытання не ляжыць навідавоку, яно ў кожнай гаспадарцы сваё, бо прагне даволі няпростых, смелых, а часам непапулярных рашэнняў. Каб пераканацца ў гэтым, дастаткова пазнаёміцца з дырэктарам адкрытага акцыянернага таварыства “Бярэзінскі райаграсэрвіс” Іванам Штахурам. Ён у пачатку года прыступіў да работы і сёння мае намер навесці парадак на малочнатаварных фермах, умацаваць кармавую базу і, вядома, з цягам часу палепшыць эканамічнае становішча гаспадаркі і людзей.

Грошы дае таннае малако

Новы кіраўнік закрыў два жывёлагадоўчыя аб’екты ў вёсцы Высокая Гара. Рашэнне смелае, але што зробіш, калі названыя фермы надзейна замыкалі табліцу надояў і сярэднясутачных прыбаўленняў у раёне, патрабавалі мадэрнізацыі і вялікіх выдаткаў. Таму было прынята рашэнне жывёлу перагнаць на іншыя фермы. А для работнікаў набыць невялічкі аўтобус, каб наладзіць іх падвоз на працу.

– Трэба аддаць належнае, людзі падышлі з разуменнем, і ніхто не застаўся без працы, – гаворыць кіраўнік, – а вызваленыя сродкі былі накіраваны на мадэрнізацыю рэнтабельных фермаў, навядзенне там тэхналагічнага парадку і належ-най вытворчай дысцыпліны.

А землі не “гуляюць”

Зачыненыя фермы не сталі прычынай спынення работы на зямельных угоддзях.

– У вёсках Дзмітравічы, Высокая Гара і Шавярнічы ўрадлівасць глебы месцамі значна вышэйшая, чым у сярэднім па гаспадарцы, – зазначае Іван Мікалаевіч, – таму адмаўляцца ад іх мы намеру не маем. Тут застаецца машынны двор, вартаўнік ахоўвае тэхніку, робіцца невялікі рамонт, а механізатараў, як і раней, дастаўляюць на месца працы аўтобусам. Ды і нельга адмаўляцца ад гэтых зямель, бо яны падпадаюць пад чарнобыльскую праграму, якая прадугледжвае пэўнае забеспячэнне тукамі. А гэта рэальна істотны ўклад у наш будучы ўраджай.

У планах на лета - новы камбайн!

Сёння гаспадарка дастаткова забяспечана тукамі, насеннем, хімікатамі, застаюцца яшчэ пакуль нявырашанымі пытанні з рамонтам. Усё гэта рэальна зроблена пры падтрымцы Мінаблвыканкама і ўласных сродкаў.

– З-за фінансавых цяжкасцей мы не змаглі набыць новую пасяўную тэхніку, але капітальна адрамантавалі ўсе свае старыя агрэгаты. Не скажу, што гэта аказалася проста. Затраты моцна б’юць па кішэні. Ды і кроў з носа, нам патрэбен ужо летам кормаўборачны камбайн. Таму пасяўная кампанія стане выдатнай праверкай на нашу вартасць, дапаможа нам зрабіць добры задзел на паляпшэнне кармавой базы.

За эфектыўную працу кожнага работніка

– У маіх бліжэйшых планах – узмацніць інжынерную службу, перавесці на новыя камп’ютарызаваныя рэйкі бухгалтарскі ўлік. І мы рашуча развітваемся з выпівакамі і гультаямі. Такім работнікам у нас не месца, а для добрасумленных заўсёды знаходзім сродкі заахвоціць.

Усё трэба рабіць паступова і без спешкі

Намер кіраўніка навесці парадак і тэхналагічную дысцыпліну на прадпрыемстве заслугоўвае павагі. Удвая ўзрастае да яго пашана, калі даведаешся, што ён мае інжынерную адукацыю.

– Нехта можа справядліва папракнуць мяне адсутнасцю багатага вопыту працы ў сельскагаспадарчых прадпрыемствах, – гаворыць Іван Мікалаевіч, – яно так і ёсць, але я не лянуюся вучыцца, умею працаваць з людзьмі, ды і не маю вялікіх кар’ерных амбіцый. Мой прынцып іншы – трэба паступова і мэтанакіравана наладжваць вытворчасць, ні ў якім разе не грэбаваць тэхналогіяй, пралічваць усё да драбніц, не баяцца непапулярных рашэнняў і адказнасці за іх. Вось мы рызыкнулі і адрадзілі ў сябе былую дрэваапрацоўчую вытворчасць, якая таксама прынясе нам даход.

Застаецца зазначыць, што калектыў разумее старанне кіраўніка і яго намер палепшыць справы ў гаспадарцы.


– Для аграрыяў кожная пасяўная кампанія, на старце якой мы сёння знаходзімся, як экзамен на вартасць, – дадае галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Анатоль Шабан, – бо кожны год падкідвае нам усё новыя і новыя пытанні, таму што не стаяць на месцы ні тэхналогіі, ні патрабаванні, ні цэны, ды і надвор’е добра псуе нервы. Таму цалкам пагаджаюся з кіраўніком, які заклікае нас вучыцца працаваць па-новаму, думаць, аналізаваць і рызыкаваць. А без гэтага на зямлі ніяк!


Фота Івана ЖУКОЎСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER