Наперадзе заўсёды моладзь

Date 15.11.2022 Man
Comment 1044
Наперадзе заўсёды моладзь

Да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі прынята расказваць пра людзей, якія прысвяцілі сябе служэнню зямлі і аграрнай галіне. Парушаць традыцыі не будзем. Таму запрасілі ў субяседнікі дырэктара ААТ “Брадзец“ Аляксандра Крука.

Гэта адзін з самых маладых кіраўнікоў сельгаспрадпрыемства, які не пабаяўся, нягледзячы на ўзрост, узначаліць гаспадарку з вялізнымі даўгамі, здолеў наладзіць дысцыпліну і перажыць нягоды аб’яднання з суседняй гаспадаркай “Месціна”, шыкоўна адсвяткаваў раённае свята хлебаробаў і, насуперак усяму, верыць у росквіт роднага таварыства.

– Па выніках работы за студзень-верасень наш калектыў дэманструе зайздросны рост выворчасці ў супастаўных цэнах у параўнанні з мінулым годам. Тут мы першыя ў раёне. Прыемна зазначыць, што такі імклівы рост вытворчасці забяспечыла нам нарошчванне прадукцыі раслінаводства.

Дзякуючы чаму мы маем чысты прыбытак у 1781 рубель. Гэта ў параўнанні з аналагічным перыядам амаль у два разы больш. Належныя даходы ад усіх відаў дзейнасці дазволілі павялічыць заробак нашых работнікаў з 934 рублёў летась да 1336 – сёлета.

Яшчэ варта дадаць, што рост валавой прадукцыі прыйшоў разам з аптымізацыяй працоўных месцаў. Цяпер замест 130 чалавек у калектыве працуюць 89. Думаю, гэта лічба красамоўней любых слоў сведчыць, што сумленны і працавіты чалавек у нашай гаспадарцы заўсёды зможа зарабіць і заявіць пра сябе.

– Сцвярджаюць што у маладых кіраўнікоў сваё асаблівае стаўленне да работнікаў – прынцыповае і справядлівае…

– Гэта ў мяне ўжо прафесійнае. Да таго ж, я вясковы і працавітых людзей вызначаю хутка. Бацька мой працаваў і зараз працуе ў сельскай гаспадарцы, разам са мною. Таму з маленства прывучаны да нялёгкай сялянскай працы. Цяжкасці не баюся. Працаваць магу і трактарыстам, і на камбайне, і на машыне – усё гэта мне знаёма. Можа таму і хлопцы-механізатары, што сёння працуюць у гаспадарцы, ведаюць, што мяне падмануць (усміхаецца) складана. Ды і адтуль, з дзяцінства, у мяне шчырае перакананне, што ўсё ў нашых руках і ўсё магчыма, патрэбна толькі верыць і не ленавацца працаваць.

– Але як быць з тым, што паказчыкі часам не вельмі радуюць?

– Так, здараецца, аграрнікаў, папракаюць: недастаткова добра працуеце, не тыя паказчыкі… А я скажу, што гультаёў на сяле няма. Людзі працуюць у меру сваіх магчымасцей, у тым ліку фінансавых магчымасцей гаспадаркі. Негатыўна на галіну ўплывае адток сельскага насельніцтва, міграцыя ў гарады.

Людзей старэйшага пакалення, якія не тое што сумленна – самаахвярна аддавалі сябе служэнню зямлі, засталіся адзінкі: хто пайшоў на заслужаны адпачынак, каго ўжо няма. З гадамі кадравая праблема толькі абвастраецца – маю на ўвазе і спецыялістаў, і жывёлаводаў, і механізатараў. А гэта значыць, што ў разрад першаступенных выходзіць задача працаваць з моладдзю. Не адмахвацца ад яе праблем і запытаў, а прыслухоўвацца, заахвочваць да работы на сяле ўсімі магчымымі спосабамі: адносінамі, заробкам.

– Які ваш прынцып работы з людзьмі?

– Ніколі не імкнуся пакрыўдзіць людзей. На гэтым і будую ўзаемаадносіны ў калектыве. Калі гаварыць пра эканоміку, то лічым, лічым і яшчэ раз лічым. У гэты сельскагаспадарчы год надзвычай падраслі ў цане матэрыяльныя рэсурсы. Мінеральныя ўгнаенні, сродкі аховы раслін, паліва, энерганосьбіты, запчасткі – усё гэта расце ў цане несуадносна закупачным цэнам на сельгаспрадукцыю.

Даводзіцца нялёгка — сціскаемся, на ўсім эканомім. Перш чым за якую работу ўзяцца, сем разоў адмераем: прыкідваем, вымяркоўваем, пралічваем. Не будзем гэтага рабіць – не будзем мець фінансы, каб рухацца наперад. У першую чаргу стараемся знізіць затраты на вытворчасць прадукцыі. Набываем выключна тое, без чаго не абысціся.

З чым можна памарудзіць – адкладваем. І, вядома ж, работнікаў арыентуем на павелічэнне вытворчасці працы, бо дабрабыт калектыву залежыць ад укладу кожнага. Радуе, што людзі ставяцца з разуменнем і сабралася каманда моцных спецыялістаў – ёсць касцяк, які вызначае вытворчую палітыку гаспадаркі. Маем добрых спецыялістаў сярэдняга звяна, высокі ўзровень падрыхтоўкі ў загадчыкаў ферм, зладжана працуе інжынерная служба.

– Ведаю, што ў вашай гаспадарцы працуе нямала моладзі...

– Маладых няшмат, але яны ў нас ёсць. Пытанні іншым разам з імі узнікаюць, але, лічу, што ў рабоце з моладдзю трэба быць церпялівым, з разуменнем ставіцца да іх запытаў – дбаць пра будучыню сельгасвытворчасці.

Азіраючыся на жыццё сваіх бацькоў, уласны вопыт, добра ўсведамляю, наколькі нялёгкая праца ў сельскай гаспадарцы, таму ў калектыве імкнёмся арганізаваць работу так, каб у моладзі былі і выхадныя дні: нехта толькі ажаніўся, у некага нарадзілася дзіця, іншаму неабходна проста пераключыцца, схадзіць куды з сям’ёй, сустрэцца з сябрамі. Хоць сам прарабіў без выхадных і святочных – уцягнуўся, гэта стала ладам жыцця, — маладых шкадую. Дый час цяпер другі, іншыя жыццёвыя арыенціры – гэта трэба ўлічваць.

– Ці сябруе кіраўнік ААТ “Брадзец” з гаджэтамі, сучаснымі сродкамі зносін?

– Без гэтага цяпер не абысціся. Ды я не кансерватар. Разумею, што інтэрнэт надта зацягвае і незаўважна адбірае час. Таму, каб не шкадаваць пра непрадуктыўна праведзены дзень, абыходжу. Дый мне, каб адчуваць пульс гаспадаркі, трэба штохвілінна быць у курсе спраў, сустракацца з людзьмі, размаўляць з імі, самому ацэньваць сітуацыю – я не кабінетны работнік. 

Штодня прыходзяць жыхары з праблемнымі пытаннямі, трэба прыняць пазней – не адмаўляю. Людзі ідуць, шукаем выйсце з той ці іншай сітуацыі, размаўляем – для мяне гэта важна. Пасля ўжо спакойна займаюся вытворчасцю: наведваю аб’екты, сустракаюся са спецыялістамі, жывёлаводамі, механізатарамі.

– Якім быў сёлетні сельскагаспадарчы год для гаспадаркі?

– Калі адным словам – стракатым. Вядома, мы нядрэнна папрацавалі над павелічэнем прадукцыі раслінаводства. Атрымалі важкі запас кармоў і зрабілі добры задзел на будучы ўраджай. Аднак патрэбна яшчэ закасаць рукавы і навесці парадак на фермах.

Спадзяёмся, што да канца года выправім сітуацыю з вытворчасцю малака і мяса. Рэзервам для гэтага будзе не толькі багаты рацыён статка, але і ўласная зацікаўленасць жывёлаводаў. Большасць іх па дваццаць і болей гадоў шчыруюць на фермах і справай сваёй даражаць. Яны ведаюць, што ад вынікаў жывёлагадоўлі напрамую залежыць дабрабыт усяго калектыву.

– Як адзначаеце прафесійнае свята ў калектыве?

– Штогод абавязкова наладжваем урачыстасць, уручаем прэміі, граматы. Узнагародзіць і сказаць шчырае дзякуй за сумленную працу хочацца многім, бо сярод іх нямала тых, у кім магу быць упэўнены, якія і добрую параду дадуць, бо часцяком знізу лепш відаць, чым зверху. Усім сваім работнікам дзякую.

З прафесійным святам віншую ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны, жадаю добрага здароўя, дабрабыту. Кіруючаму складу – волі ў дасягненні працоўных вынікаў. Будуць яны ў нас станоўчымі – будзе хлеб і да хлеба на стале беларусаў.


Штогод у лістападзе мы традыцыйна адзначаем Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. І я хачу звярнуцца да аграрыяў раёна, да тых, хто працуе на зямлі. Вы, сапраўды, заслугоўваеце павагі за вашу нялёгкую, высакародную і такую неабходную ўсяму грамадству працу. Выказваю сваю шчырую ўдзячнасць тым, хто ў гэтым годзе, не шкадуючы сваіх сіл, працаваў на хлебнай ніве, дабіваўся павелічэння паказчыкаў у жывёлагадоўчай галіне, паляпшаў якасць прадукцыі.

Сельскагаспадарчы год быў няпростым для ўсіх працаўнікоў сяла. І хоць сёлета не ўдалося ў поўнай меры дасягнуць намечанага, мы можам ганарыцца вынікамі сваёй працы.

У гэты святочны дзень асаблівыя словы ўдзячнасці і віншавання – нашым ветэранам, якія многія гады аддалі развіццю сельскай гаспадаркі і служаць эталонам прафесійнага майстэрства, надзейнай апорай працоўных калектываў.

Ва ўсе часы да працы вяскоўцаў адносіліся з асаблівай павагай.

На долю працаўнікоў сяла выпадае нямала выпрабаванняў, паспяхова праходзіць якія дапамагаюць ваш высокі прафесіяналізм і адданасць справе.

Сёння перад работнікамі аграпрамысловага комплексу стаіць задача павышэння эфектыўнасці вытворчасці, развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы на сяле, умацавання кадравага патэнцыялу, забеспячэння стабільнай работы па кожным напрамку. Гэта патрабуе павелічэння аддачы ад кожнага. Таму добрага вам здароўя і сямейнага дабрабыту!

Адміністрацыя і прафкам ААТ “Брадзец“.


 

*Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER