“Мы цэнім ВАС і ВАШУ працу”

Date 16.11.2022 Man
Comment 1024
“Мы цэнім ВАС і ВАШУ працу”

У пятніцу, 18 лістапада, у раённым цэнтры культуры адбудзецца ўрачыстасць з нагоды прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.

На мерапрыемстве будуць падведзены вынікі адыходзячага сельскагаспадарчага года і адзначаны лепшыя працаўнікі аграпрамысловага комплексу Бярэзіншчыны. Пройдзе яно крэатыўна і з «изюминкой». Думаю, многія памятаюць, што летась падчас такога свята мы выбіралі “Міс Агра”. Сёлета ж усе прысутныя стануць сведкамі праводзімага ўпершыню ў раёне конкурсу на званне “Містар Аграпрам”.

Напярэдадні прафесійнага свята мы сустрэліся з першым намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта, начальнікам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Карынай АРУЦЮНЯН і папрасілі яе даць для нашай газеты інтэрв’ю.

– Карына Гарэгінаўна, давайце спачатку згадаем, як прайшла адна з самых значных кампаній – жніво?

– З гонарам хачу адзначыць, што на Бярэзіншчыне сёлета вырашчаны багаты ўраджай – адзін з самых важкіх за апошнія 10 гадоў! На 1 кастрычніка ў пачаткова апрыходаванай вазе было намалочана з улікам кукурузы (яе ўборка на зерне на гэтую дату яшчэ працягвалася) 46 тысяч тон зерневых і зернебабовых культур, што на 10% вышэй мінулагодняга. Ураджайнасць склала 33 цэнтнеры з гектара. Лідарамі па выніках жніва, якія паказалі найвышэйшую ўраджайнасць, сталі ААТ “Пагосцкі”, СУП “АграМАЗ”, сельскагаспадарчы філіял ААТ МЗКТ “Арэшкавічы”.

Ва ўборачнай кампаніі было задзейнічана 55 камбайнавых экіпажаў. Вырашчаная ніва аказалася такой шчодрай, што амаль палова з іх (25 экіпажаў) дасягнулі тысячнага намалоту. А тры экіпажы – нават двухтысячнага! Вялікі спіс тысячнікаў прадстаўлялі сабой і вадзіцелі, занятыя на адвозцы збожжа ад камбайнаў. Мы сумесна з райкамам прафсаюза аграпрамысловага комплексу, аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі павіншавалі кожнага тысячніка і двухтысячніка, адзначылі тых працаўнікоў, якія ўнеслі найбольш значны ўклад ва ўборачную кампаніію.

Нашы лепшыя хлебаробы – трактарыст-машыніст Вячаслаў Кашлачоў і вадзіцель Віталій Семашкевіч з ААТ “Пагосцкі”, аператар зернесушыльных установак ААТ “Брадзец” Аляксей Юнец, трактарыст-машыніст СУП “Здравушка-агра” Уладзімір Сігаёў і многія іншыя. 

Прыемны і такі факт: бярэзінскія хлебаробы нават паспелі за час жніва аказаць істотную дапамогу суседзям – крупчанам!

Нельга не адзначыць і старанную працу іншых удзельнікаў кампаніі – аператараў зернесушыльных комплексаў, працаўнікоў, якія перавозілі збожжа ў склады, дастаўлялі яго на камбінаты хлебапрадуктаў, рамантавалі тэхніку, забяспечвалі своечасовае падвядзенне вынікаў спаборніцтва і гарачае харчаванне ўдельнікаў жніва. Увогуле, стараўся кожны на сваім працоўным месцы. Асаблівай удзячнасці заслугоўваюць кіраўнікі сельгасарганізацый за ўменне згуртаваць і мабілізаваць людзей, спецыялісты агранамічнай службы – за правільны падбор культур і захаванне агра-тэхнічных нормаў пры доглядзе пасеваў, галоўныя інжынеры – за якасную падрыхтоўку тэхнікі да галоўнай кампаніі года.

На свяце ў раённым цэнтры культуры многія з лепшых працаўнікоў сельскай гаспадаркі будуць годна адзначаны, у іх ліку і механізатары, і жывёлаводы, і вадзіцелі, а таксама спецыялісты.

– Як сёлета спрацавалі ў жывёлагадоўлі?

– У параўнанні з мінулым годам мы і тут маем станоўчыя вынікі. Так, па стане на 1 кастрычніка ў сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ўтрымлівалася 29,5 тысячы галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 10,3 тысячы кароў; пагалоўе свіней складала 29,3 тысячы галоў. За 9 месяцаў было рэалізавана жывёлы на забой у жывой вазе 5,9 тысячы тон. Вырашчана ж было асноўных відаў жывёлы 6,7 тысячы тон, у тым ліку 3,7 тысячы – свіней. Валавыя прыбаўленні ў вазе склалі 2,8 тысячы тон, сярэднясутачныя – 561 грам. У ЗАТ “Клявіца” кожны парсюк у суткі прыбываў на 621 грам. Лідарамі па прывагах з’яўляюцца СУП “АграМАЗ”, сельскагаспадарчы філіял “Ома”.

За гэты ж час вытворчасць малака склала 34,6 тысячы тон. За 9 месяцаў на адну фуражную карову надой малака склаў 3303 кілаграмы малака. Тут у лідарах сельгаспрадпрыемствы “Ома” (надой склаў 6516 кг), “АграМАЗ” (5319), “Арэшкавічы” (4888).

Для эфектыўнай работы галіны жывёлагадоўлі на перыяд зімовага стойлавага ўтрымання нарыхтавана дастатковая колькасць якасных кармоў – у сярэднім па 29,1 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву.

Разам з тым, для далейшага дынамічнага развіцця галіны, росту яе канкурэнтаздольнасці неабходна вырашыць шэраг задач па павышэнні эфектыўнасці сельгасвытворчасці, будаўніцтве, рэканструкцыі і мадэрнізацыі даільна-малочных блокаў. Пры гэтым важнейшым напрамкам і прыярытэтам у рабоце павінна заставацца стварэнне камфортных і сучасных умоў жыцця на вёсцы, прыцягненне ў галіну моладзі, замацаванне маладых спецыялістаў на Бярэзіншчыне. І тут многія гаспадаркі таксама дзейнічаюць творча і ўдумліва.

– Дарэчы, аб сельгаспрадпрыемствах. Якія калектывы вы назвалі б у ліку найбольш стабільных і перспектыўных?

– Па-першае, я лічу, што бесперспектыўных гаспадарак у нас наогул няма, кожная з іх мае сваю вартасць і далейшае развіццё. Проста шлях да яго ў некаторых з іх больш цярністы і працяглы. Па-другое, мяне радуе тое, што ў ліку моцных у эканамічным плане сельгаспрадпрыемстваў (а раней гэта былі выключна інвестуемыя калектывы – “Арэшкавічы”, “Ома” і “АграМАЗ”, якія і сёння не здаюць сваіх пазіцый) заявілі аб сабе высокімі вытворчымі паказчыкамі такія адкрытыя акцыянерныя таварыствы, як “Пагосцкі”, “Брадзец”. Гэта паказвае, што мы знаходзімся на правільным шляху, бачым перспектыву развіцця і робім канкрэтныя крокі да эканамічнай стабільнасці, развіцця вытворчасці і дасягнення больш высокіх паказчыкаў.

Гэты працэс таксама звязаны з рэфармаваннем сістэмы АПК раёна (сёлета, нагадаю, адбылося далучэнне ААТ “Бярэзінскі” да ААТ “Пагосцкі”), з работай з новымі культурамі (я маю на ўвазе азімы ячмень, які многія гаспадаркі пачалі ўпершыню вырошчваць сёлета), эксперыментальная работа (гаворка ідзе пра вырошчванне ў гэтым годзе чатырма гаспадаркамі сланечніка), укараненне на базе сельгаспрад-прыемстваў перапрацоўчых працэсаў (напрыклад, атрыманне масла рапсу ў філіяле “Ома” і дрэваапрацоўка ў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс”).

– Карына Гарэгінаўна, што было зроблена на працягу года па паляпшэнні матэрыяльна-тэхнічнай базы сельгаспрадпрыемстваў?

– Павышэнню вытворчасці садзейнічае і абнаўленне машынна-трактарных паркаў сельгасарганізацый. Сёлета набывалі трактары, збожжа-ўборачныя і кормаўборачныя камбайны, агрэгаты для ўнясення мінеральных угнаенняў і іншую тэхніку. Завяршаецца будаўніцтва прафілакторыяў у ААТ “Багушэвічы”, “Пагосцкі” і “Першамайскі”.

У СУП “АграМАЗ” напярэдадні жніва быў здадзены ў эксплуатацыю новы зернесушыльны комплекс. Новы КЗС выглядае больш выйгрышна на фоне аналагічных канструкцый мінулых гадоў, у тым ліку і зернесушылкі, якая выкарыстоўвалася там да гэтага года.

Вось асноўныя плюсы гэтага агрэгата:
1. Работа КЗС і ўсе яго тэхналагічныя працэсы поўнасцю камп’ютарызаваны.
2. Адначасовая загрузка шахты складае каля 60 тон.
3. Адбываецца эканомія паліва пры дапрацоўцы кожнай тоны зерня (КЗС працуе
на дызельным паліве).
4. Тут устаноўлена магутная сістэма ачысткі зерня, у тым ліку і лінія па падрыхтоўцы насення непасрэдна да высеву без дадатковай яго апрацоўкі.

І гэта толькі некалькі прыкладаў таго, што было абноўлена сёлета ў сельскай гаспадарцы. Наперадзе – шмат планаў!

– А зараз крыху аб асабістым. У час Вашага віншавання з юбілеем, які адбыўся літаральна месяц назад, старшыня райвыканкама Дзяніс Дзішук назваў Вас самым маладым першым намеснікам старшыні райвыканкама. Раскрыйце сакрэт: ці складана ў такім узросце адказваць за цэлую галіну і ўзначальваць сельскую гаспадарку?

– Складана і адказна. Але мы нашай дружнай камандай імкнёмся справіцца з усімі цяжкасцямі. Я – працаголік! Разумею, што поспех прыходзіць толькі да таго, хто сам праяўляе ініцыятыву, а не чакае, што ўсё прыйдзе само сабой. Таму працую па максімуме. Гэтага ж патрабую ад сваіх калег.

– Заўважыла, што работнікі сельскай гаспадаркі – не толькі выдатныя працаўнікі, а і крэатыўныя людзі. Прымаюць удзел у шматлікіх мерапрыемствах, сябруюць са спортам, любяць вандроўнічаць…

– Ведаеце, мне хочацца, каб работнікі сельскай гаспадаркі былі актыўнымі, не замыкаліся ў сабе і праяўлялі ініцыятыву.

Мне пашчаслівіла з парфсаюзным лідарам аграпрамысловага комплексу Марынай Каўзуновіч. Яна – чалавек надзвычай ініцыятыўны і непаседлівы. Мы разам і прыдумляем, як рабіць жыццё нашых калег больш цікавым і разнастайным.

У гэтым годзе каманда работнікаў сельскай гаспадаркі прымала ўдзел у раённым спаборніцтве па футболе і заняла першае месца. Мы творча заявілі пра сябе на раённым турзлёце. Упершыню нашы маладыя спецыялісты прымалі ўдзел у абласным турзлёце… Бярэзінскія аграрыі шмат падарожнічаюць: штомесяц здзяйсняюць экскурсіі па Беларусі. Ды і ў цэлым, яны – адна вялікая дружная сям’я, якой падуладна многае.

– Дык у чым, на ваш погляд, сакрэт паспяховай працы ў сельскай гаспадарцы?

– Бясспрэчна, у аснове высокіх дасягненняў – перш за ўсё людзі, іх самаадданая і напружаная праца, вернасць абранай справе і прафесіі, любоў да роднай зямлі. Вялікая ўдзячнасць кожнаму, хто працуе ў сельскай гаспадарцы раёна і на перапрацоўчых прадпрыемствах. Асабліва ветэранам, якія заклалі аснову цяперашнім дасягненням і перадаюць свой вопыт маладому пакаленню. Вы – гонар Бярэзіншчыны.


– Шчыры дзякуй, шаноўныя працаўнікі вёскі, за вашу нялёгкую працу.  Удзячна кожнаму   за ваш вялікі асабісты ўклад у нашу агульную справу росту дзяржаўнага дабрабыту. Памятайце: мы цэнім вас і вашу працу. Няхай у нагу з вамі крочаць па жыцці ўдача, шчасце, сямейны лад і моцнае здароўе. Са святам!

 Юлія БУКЕЛЬ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER