Жывая памяць зямлі і людзей

Date 05.05.2023 Man
Comment 1394
Жывая памяць зямлі і людзей

У веснавую пару земляробам няма часу на адпачынак. І нават тое суквецце свят, якое традыцыйна адзначаецца ў пачатку мая, большасць з іх праводзяць за штурваламі трактароў, працуючы на пасяўной. І хоць збожжавыя культуры гаспадаркі раёна адсеялі, яшчэ вялікім участкам работы застаецца сяўба кукурузы і шматгадовых траў, апрацоўка і падкормка пасеваў, падрыхтоўка і ўзорванне глебы. Менавіта гэтымі справамі заняты сёння і ў СУП “Здравушка-агра”.

Сённяшнія клопаты

Як расказаў галоўны аграном сельгаспрадпрыемства Аляксандр Шыбалка, тут ужо завершана другая падкормка азімага ячменю і пшаніцы, завяршаецца трэцяя падкормка рапсу з адначасовай апрацоўкай яго ад кветкаеда з унясеннем мікраэлементаў. Каля 32 тысяч тон арганікі задзелана ў глебу пад пасевы кукурузы, унесці яе засталося яшчэ каля тысячы тон. На гэтай рабоце былі задзейнічаны Дзяніс Тарасенка і Андрэй Некраш, якіх абслугоўваў на “Амкадоры” Мікалай Белабароды. Сёння ўзорвае глебу на вялікім МТЗ-3235 Аляксандр Хрышчановіч, яе падрыхтоўкай заняты Віталь Фурс. Сярод задзейнічаных на палявых работах таксама Уладзімір Лагоўскі (займаецца ўнясеннем мінеральных угнаенняў), на абароне раслін шчыруе Сяргей Пашкевіч, на падвозе з вялікай бочкай заняты Анатоль Марцінёнак, многія іншыя работнікі гаспадаркі, на дапамогу якім яшчэ прыязджае і група рабочых з горада з васьмі чалавек – на збор камянёў.

Аляксандр Тарасенка

Зразумела, што асноўны ўпор робіцца сёння на сяўбу кукурузы. Яна павінна заняць 1100 гектараў, са ста з іх плануюць сабраць зерне. Для гэтай мэты набылі спецыяльны малдаўскі гібрыд, астатнюю плошчу зойме беларусі сорт “Палескі-212”. На сёння засеяная плошча складае 250 гектараў, работы вядуцца па графіку і павінны быць завершаны ў аптымальныя тэрміны. 

Не без гонару расказвае Аляксандр Уладзіміравіч пра тое, што гаспадарка сёлета да засеяных летась 60 гектараў люцэрны дадасць яшчэ 80 гектараў. Ды якіх! Пасеяных нямецка-канадскім насеннем. Гэта дзякуючы намаганням ААТ “Слуцкі сыраробны завод”, састаўной часткай якога стала “Здравушка-агра” з мінулага года, калі адбылося далучэнне “Здравушкі-мілк” да гэтага буйнога прадпрыемства.

Адчувальная дапамога слуцкіх сыраробаў праявілася не толькі ў гэтым. Так, яны істотна пасадзейнічалі таму, каб у філіяле на добрых 70 працэнтаў былі забяспечаны ўсімі мінеральнымі угнаеннямі, у тым ліку і фосфарам. Ды і папаўненне новай тэхнікай у мінулым годзе таксама звязана з удзелам у гэтай справе шэфаў. А набылі тут два зернеўборачныя камбайны, МТЗ-3235, МТЗ-920, КВК, РУ-700. Дарэчы, на новым энерганасычаным трактары ўстаноўлена сістэма дакладнага земляробства, якая аўтаматычна кантралюе ход трактара, расход насеннага матэрыялу і шмат іншых працэсаў, якія істотна аблягчаюць працу механізатара. Адбываюцца станоўчыя перамены і ў жывёлагадоўлі. Тут для цялятак набылі новыя ўтульныя клеткі для надворнага іх утрымання. Так што сёння гаспадарка з большай упэўненасцю глядзіць у дзень заўтрашні, а яе працаўнікі не сядзяць склаўшы рукі і традыцыйна рупяцца над закладкай будучага ўраджаю. Хочацца спадзявацца, што будзе ён сёлета багатым і капрызы надвор’я не стануць псаваць яго.

 

Памяць зямлі

Сапраўды, зямелька-маці заўсёды дзячыць чалавеку за яго карпатлівыя намаганні, за клопат і праліты пот. Памятае яна і тых, хто ў час Вялікай Айчыннай вайны ратаваў яе ад фашысцкага бота, разрываў снарадаў і запусцення, шчодра паліваў яе сваёй крывёй для таго, каб ажыла яна і вярнулася да міру і стварэння. Памятаюць той жахлівы час і людзі. Напамінкам пра вайну з’яўляюцца помнікі мірным ахвярам і загінуўшым землякам. Штогод каля іх традыцыйна праводзяцца 9 Мая мітынгі і ўрокі мужнасці. У памяці людзей захоўваюцца прозвішчы і імёны тых, хто яшчэ, здавалася, нядаўна мог расказаць пра свой баявы шлях і ўдзел у вызваленні роднага краю. Не засталося сёння ў жывых тых удзельнікаў баёў і партызанскага руху. Але іх подзвіг і гераізм не забыты.

Памятаюць і пра тое, што яшчэ 3 мая 1942 года тут, на стыку Бярэзінскага і Чэрвеньскага раёнаў, з партызанскай групы У.П. Дзерабіна быў створаны партызанскі атрад “Іскра”, які спачатку называўся “Марак”. Памятаюць тут і пра подзвігі народных мсціўцаў, дзякуючы якім у ліпені 1943 года быў разгромлены паліцэйскі гарнізон у Паплавах.

З гонарам называюць у гэтых мясцінах прозвішчы Віктара Еранько, Цеміра Джанценкеевіча і Фёдара Калыхматава, якія ў 1944 годзе пры вызваленні Беларусі ў баях на шашы каля вёскі Марціянаўка адчайна грамілі адступаючага ворага і за свае подзвігі былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Не забыта нішто. І памяць гэтая жыве ў сэрцах сённяшніх працаўнікоў сельгаспрадпрыемства, перададзеная ад старэйшых пакаленняў, як і шанаванне подзвіга дзядоў, і беражлівых адносін да міру і яго захавання.

 

Памяць людзей

– Для мяне Дзень Перамогі заўсёды з’яўляўся святым днём. Менавіта такое стаўленне да гэтага свята заўсёды панавала ў нашай сям’і, – расказвае Аляксандр Тарасенка. – Вайна закранула і наш род. Удзельнікамі яе былі два мае дзяды. Ведаю, якая навала выпала на іх долю. Таму зараз мне, бацьку траіх дзяцей, нават ужо дзеду, вельмі хочацца, каб прынесены ахвярамі многіх жыццяў мір захоўваўся і не быў парушаны.

– Пра вайну ў нашай сям’і не забываюць, як і пра тую цану, якая была заплачана за вызваленне, – дзеліцца думкамі Віталь Фурс. – Тое, што ў тым полымі пацярпела кожная беларуская сям’я, рэальная праўда. Бачу гэта па сваёй сям’і. Так, маёй бабулі было наканавана стаць ахвярай фашысцкага генацыду, яна была прымусова вывезена на работы ў Германію. А дзядуля маёй жонкі прайшоў доўгімі франтавымі шляхамі, быў пад блакадай, меў шмат узнагарод. Нядаўна пра яго мы знайшлі цікавы матэрыял у Інтэрнэце, а фотаздымак жонка перадала ў музей СШ №3. На 9 Мая заўсёды памінаем сваіх герояў.

– Адбітак вайны захаваўся і на нашай сям’і, – сведчыць Аляксандр Хрышчановіч. – З фронту не вярнуўся мой дзядуля. Яго магіла знаходзіцца на тэрыторыі Расіі. Пры магчымасці пастараюся наведаць яе. А так жыву з удзячнай памяццю пра яго подзвіг, бо менавіта дзякуючы самаадданасці такіх людзей, як ён, і жывём мы сёння ў міры, маем магчымасць вырошчваць хлеб і быць шчаслівымі.

– Мне 24 гады, я нарадзіўся на рубяжы стагоддзяў і пра вайну ведаю толькі з кніг, фільмаў і ўспамінаў сваякоў, – гаворыць Алег Аўдзеенка. – З гэтых успамінаў ведаю, што мая бабуля ў час вайны перажыла блакаду і ледзь засталася жывой. Я застаў яе і мне яна расказвала пра тыя пакуты, пра вайну. Не, не хочацца, каб наша пакаленне, а тым больш нашы дзеці, зведалі падобныя жахі. У мяне ўжо ёсць маленькі сынок. І мне хочацца яму толькі добрай долі. Пры неабходнасці я гатовы стаць на абарону сваёй Радзімы, бо маю за плячыма добрую навуку армейскай службы, чым вельмі ганаруся. Але няхай лепш гэтыя веды не будуць запатрабаванымі.

– Павага да людзей ваеннага ліхалецця выхоўваецца ў кожнага з нас з маленства, – дадае Максім Пікулік. – Памятаю са школьнай пары, як у нас праходзілі ўрачыстыя мерапрыемствы да Дня Перамогі, як да нас прыходзіў былы нямецкі вязень Герасім Якімовіч і расказваў пра тыя часы. У жыхароў вёскі Новіны, дзе я жыву, пастаянна існуе традыцыя збірацца 9 Мая каля помніка загінуўшым на мітынг. А затым мы накіроўваемся ў бліжэйшы лес, дзе захавалася магіла загінуўшай партызанкі Сітнік і там працягваюцца святочныя мерапремствы.

– Праца работнікаў сельскай гаспадаркі – самая мірная і ўдзячная, – сцвярджае дырэктар СУП “Здравушка-агра” Аляксандр Асмалоўскі. – Мы не толькі вырошчваем і ўбіраем ураджай, атрымліваем малако і мяса. Сваімі намаганнямі мы ўмацоўваем эканамічную бяспеку краіны. А яна, бяспека, сёння вельмі важная для таго, каб не паўтарыліся падзеі далёкіх саракавых гадоў і наша зямелька не пераўтварылася ў поле бітвы. Мы памятаем салдат Вялікай Перамогі, свята шануем іх подзвіг і сваёй стваральнай працай сцвярджаем наш мірны лад жыцця.

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER