Разгорнута гэтая работа і ў ААТ “Пагосцкі”. Рамонт тэхнікі тут наладжаны адначасова на двух мехдварах – у Лешніцы, дзе сканцэнтравана яе большая колькасць, і ў Пагосце. Ідзе ён не першы дзень, тут стараюцца аператыўна, наколькі гэта магчыма, выконваць заяўкі на набыццё неабходных запчастак. Да таго ж два эрнерганасычаныя трактары былі вымушаны адправіць на рамонт у абласны аграсэрвіс, які каштуе нятанна, а выканаць уласнымі сіламі яго немагчыма.
Тым не менш, выконваючы абавязкі дырэктара гаспадаркі Аляксандр Салаўёў, сцвярджае, што тэхагляд пройдзе ўся тэхніка. Прычым робіцца гэта не толькі для якаснай і без зрыву работы ў напружаны час кампаніі, а, перш за ўсё, для забеспячэння бяспекі працуючых на ёй людзей, выключэння няшчасных выпадкаў і захавання тэхнікі бяспекі.
У час нашага візіту ў Пагост, на рамонце ў майстэрні знаходзіўся МАЗ аднаго з лепшых маладых вадзіцеляў Віталя Семашкевіча. Ён разам са слесарам Артурам Салодкім даводзіў да ладу тармазную сістэму аўтамабіля і яго рэсоры. Артур не без гонару заўважыў, што слесарам ён тут будзе нядоўга, бо марыць стаць механізатарам і мара яго хутка ажыццявіцца, бо ўжо сёлета яму давераць трактар. А гэта – яшчэ адна прыступка яго працоўнай біяграфіі ў гаспадарцы, якую ён пачынаў з простага вартаўніка.
Пачаткам працоўнай біяграфіі стаў ААТ “Пагосцкі” і для маладога інжынера Радзівона Карповіча.
Толькі летась у жніўні прыбыў ён у калектыў пасля заканчэння сельскагаспадарчай акадэміі і робіць самастойныя крокі ў вытворчасці. Як аказалася, сам ён – бярэзінскі, прафесію набываў па накіраванні ад нашага раёна і пакуль што ў выбранай спецыяльнасці не расчараваўся, як і ў сваім першым працоўным месцы. Тое ж самае пра сябе можа сказаць і яшчэ адзін малады спецыяліст гаспадаркі - Кірыла Мотуз, які прыбыў сюды па размеркаванні на год раней і ўжо прызначаны на пасаду галоўнага інжынера.
Сапраўды, прыемна бачыць у ліку працаўнікоў сельскай гаспадаркі моладзь. Для яе гэта рэальны ўчастак, дзе можна праявіць свае здольнасці, а магчымасці для самарэалізацыі тут неабмежаваныя.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.