Сёння на яго календары не толькі 74 пражытыя гады, а і 58(!) гадоў працоўнага стажа ў галіне жывёлагадоўлі.
Трапіў столінскі юнак на Бярэзіншчыну ўжо сфарміраваным спецыялістам, які прайшоў выпрабаванне на Брэстчыне, а потым у Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах. Спачатку быў прызначаны галоўным заатэхнікам калгаса «Бярэзінскі». Затым пэўны час кіраваў калгасамі «Памяць Леніна», «Ленінскія дні», узначальваў райплемстанцыю. Добра ведаюць яго ў раёне і як кіраўніка той ці іншай фермы, якую з ліку адстаючых выцягваў да перадавых, надаваў новае жыццё. Адным з прыкладаў таму – МТФ «Дубраўка», якой Уладзімір Іванавіч прысвяціў 10 гадоў. Ферма невялікая, 200 галоў дойнага статка і 150 цялушак для аднаўлення статка. За першыя два гады надоі на ёй выраслі з трох да 18 кілаграмаў, агульны надой стаў дасягаць 3600 літраў малака.
Не менш напружаны ўчастак работы ў Уладзіміра Юшкевіча і сёння – МТФ «Пагост» ААТ «Пагосцкі». Апошнія гады не лічылася яна перадавой. З прыходам спецыяліста істотна памянялася сітуацыя. У якасці прыкладу Уладзімір Іванавіч прыводзіць прозвішча Аксаны Жукоўскай, якая за час яго работы надоі ад кароў групы павялічыла з 80 кілаграмаў да адной тоны. Выраслі паказчыкі і па ферме ў цэлым, сталі лепшымі вынікі захавання пагалоўя, палепшылася дысцыпліна.
Сакрэт поспеху спецыялста (а Уладзімір Юшкевіч закончыў ветэрынарны тэхнікум, саўгас-тэхнікум для падрыхтоўкі кіруючых кадраў і сельскагаспадарчую акадэмію, уяўляе сабой ветурача, заатэхніка і зоаінжынера) даволі просты: гэта любоў да сваёй справы, паважныя адносіны да людзей, захаванне тэхналогіі, уменне пралічваць перспектыву, імкненне ісці ў нагу з часам, а самае галоўная яго рыса – няўрымслівасць характару і пастаяннае знаходжанне ў руху. Бадзёрасці і энергіі, якімі надзелены гэты чалавек, здаецца, няма мяжы, яны не падлягаюць ні гадам, ні ўзросту. Адбітак гадоў адлюстроўваецца толькі на знешнім выглядзе гэтага чалавека, але ніяк ні на яго душы.
За сваю работу Уладзімір Іванавіч не быў адзначаны ні медалём, ні ордэнам. Галоўным сваім здабыткам і багаццем ён лічыць сваю сям’ю, дзе гадуецца чатыры сына і дачка – людзі ўжо дарослыя, годныя і выхаваныя.
Яго дом – гэтыя тая надзейная гавань, той тыл, дзе ён адпачывае душой і падпітваецца энергіяй. А яна яму ой як патрэбна, бо наперадзе так многа чаго трэба зрабіць, выканаць, адолець. А як жа пенсія і спакойны адпачынак?
– Пакуль магу працаваць і паказваць годны вынік, пакуль патрэбны людзям, я буду заставацца ў страі, – падводзіць вынік мой суразмоўца.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.