Напярэдадні іх прафесійнага свята карэспандэнт завітаў у Бярэзінскі раён электрычных сетак, каб расказаць чытачам пра чалавека нялёгкай і рызыкоўнай працы, па душах пагаварыць, што для яго значыць святло і электрычнасць. Наша субяседніца працуе ў самым сэрцы прадпрыемства — кругласутачнай дыспетчарскай службе. Таму ведае пра электрычнасць і яе сакрэты практычна ўсё. Знаёмцеся — адзіная ў раёне працуючая жанчына-энергетык Ганна Надумовіч.
Дзякуй роднай гімназіі!
— Гледзячы на Вас, ніколі не скажаш, што Вы працуеце на самай адказнай электрычнай пасадзе. Ніяк не ўявіць мне Вас з «кіпцюрамі», рыдлёўкай, багром і манціроўкай, каб круціць провад. Дык як дзяўчына магла звязаць свой лёс з энергетыкай? Няўжо па прыкладзе бацькоў выбіралі прафесію?
— Не, гэта не так. Мае бацькі не маюць ніякага дачынення да электрыкі. З маленства любіла дакладныя дысцыпліны. Вучылася ў фізіка-матэматычным класе Бярэзінскай гімназіі, удзельнічала ў прадметных алімпіядах па матэматыцы. Таму без асаблівых цяжкасцей паступіла на энергетычны факультэт Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта. Гэта адзін з самых прэстыжных факультэтаў. У мяне сертыфікаты цэнтралізаванага тэсціравання па прадметах разам з атэстатам сталасці пацягнулі на 340 балаў! Ды і не магло быць інакш, бо фізіку ў нас выкладаў славуты настаўнік Уладзімір Жукоўскі, рускую мову — Зоя Чорная, а за трывалыя веды па матэматыцы я шчыра ўдзячна педагогам Валянціне Дамашэвіч і Алене Алісейчык.
— Калі вучыліся ва ўніверсітэце, ужо рэальна марылі, што будзеце несці святло і цяпло людзям?
— У час вучобы яшчэ не. Ды і не дапамагла мне ў гэтым нават праца на першым працоўным месцы — інжынерам-энергетыкам у Барысаўспецпраекце. Я ж магу пры неабходнасці зрабіць нават электрыку ў доме. Праўда, звычайная інжынерная руціна з праектам, паперамі і мноствам пагадненняў мне аказалася не па душы. Таму я з радасцю пагадзілася вярнуцца ў родны горад і пайсці дыспетчарам у электрычныя сеткі.
Па першым часе было страшна
— А шлях на крэсла дыспетчара быў лёгкім? Ці не страшна адказваць за святло для тысяч людзей?
— Па першым часе страх прысутнічаў, але я цэлы год вучылася, затым праходзіла стажыроўку і працавала поруч з вопытнымі калегамі. Чаго варты былі для мяне ўрокі былога дыспетчара Тамары Лагуноўскай. Гэта ад яе пераняла навуку спачуваць людзям у надзвычайных сітуацыях. Цяпер жа змагацца з напружанасцю, раздражнёнасцю, пэўнай агрэсіяй і выгараннем нам дапамагаюць псіхолагі, ды і штогод мы здаём спецыяльны экзамен.
— А ці часта здараюцца аварыі і людзі на пэўны час застаюцца без святла?
— Сёння аварыі ўжо не такія частыя. Бываюць дні, што іх і зусім няма, бо электрычныя сеткі рэгулярна рамантуюцца і замяняюцца. Ды і на аднаўленне падачы святла прыходзіцца значна менш часу. Дагэтуль памятаю, што сваю першую аварыю ў горадзе мы ліквідавалі менш чым за гадзіну. Тады я ўжо і пераканалася, што знайшла справу па душы.
Крыху без святла — не катастрофа
— Як Вы рэагуеце на паведамленні людзей?
— Даволі спакойна, хаця іншым часам бывае цяжка стрымаць свае эмоцыі. Вось, напрыклад, тэлефануе бабуля, якая не можа ў цемры знайсці патрэбныя лекі. Аказваецца, што святло ў доме ёсць, але жанчына робіць гэта з дапамогай ліхтара на двары, які перастаў гарэць. Альбо іншая сітуацыя: людзі скардзяцца, што не могуць выспацца, бо ў доме светла, як днём, ад ліхтароў на двары. Як тут дагадзіць усім?
— А як Вы ставіцеся да адсутнасці святла? Няўжо таксама нервуецеся і даймаеце дыспетчарскую службу?
— Не ў маіх прынцыпах эканоміць святло. Мы жывём у ХХІ стагоддзі і гэта самы танны энерганосьбіт у нашай краіне. Яшчэ некалькі гадоў таму адсутнасць святла таксама прымушала мяне нервавацца. Цяпер жа я ўспрымаю гэта на дзіва спакойна, бо ведаю дакладна, хто працуе на змене, якая будзе задзейнічана брыгада і прыкладна праз які час загарыцца святло. Сумнявацца ў гэтым мне не даюць мае калегі — дыспетчары Юрый Лескавец, Арцём Несцяровіч, Дзмітрый Белабароды, Ягор Жукоўскі і непасрэдна начальнік раённай дыспетчарскай службы Валянцін Бурымскі.
На працы я — дыспетчар
— Ці не цяжка Вам быць адзінай дзяўчынай сярод мужчын на працы?
— Мне няцяжка, бо ў нашым калектыве пануе асаблівая атмасфера даверу і ўзаемапавагі, ды і нашы мужчыны на чале з начальнікам Уладзімірам Несцяровічам ніколі не забываюцца, што перад імі прадстаўніца слабай паловы чалавецтва. Грубага слова і лаянкі ў нас няма. Мужчыны шкадуюць мяне, частуюць салодкім, але і добра памятаюць: я — дыспетчар. Вядома ж, без спрэчак не абыходзіцца, і тут я прыслухоўваюся да іх меркаванняў. У мяне ж пакуль невялікі вопыт працы, а яны тут шчыруюць шмат гадоў.
Энергетыка — не для кожнай прыгажуні
— А ці не значыць гэта, што дыспетчарам можа стаць любая прыгажуня?
— Ніколькі, бо ў нашай групе ва ўніверсітэце з 25 чалавек 7 былі дзяўчаты, аднак толькі я працую па спецыяльнасці. Ды і справа ў нас нялёгкая, для асаблівых жанчын. Яна складаецца з мноства ведаў, падвоенай асцярожнасці, бо ведаеце, якую небяспеку тоіць электрычнасць, а яшчэ пільнасці ў рабоце, уніканні і прадбачлівасці, як пры гульні ў шахматы. Удзень жа даводзіцца прымаць па некалькі выклікаў і аператыўна іх вырашаць. А гэта бывае няпроста і фізічна, і маральна. Ды і парадкі ў нас суровыя і дысцыпліна жорсткая. Таму мужу часам даводзіцца выслухоўваць мае скаргі пасля змены гадзінамі!
Лямпачкі не мяняю
— А хто ў Вашым доме закручвае лямпачкі? Няўжо Вы, як энергетык з вышэйшай адукацыяй?
— Ні ў якім разе. Для гэтага ў мяне ёсць муж. Ды і не варта жанчыне нашай прафесіі губляць жаноцкасць. У мяне ж іншых турбот хапае. У нашым доме жыве кот, які патрабуе да сябе павышанай увагі, яшчэ трэба прыгатаваць ежу і падтрымліваць парадак. У маіх асабістых планах — заняткі ў трэнажорнай зале і басейн, не забываюся паклапаціцца пра бацькоў. Чытаць мастацкую літаратуру не люблю з дзяцінства, але апошнім часам захапілася ведамі па псіхалогіі. Гэта сучасны трэнд сярод маладых людзей. Ёсць у мяне і занятак для душы і жаданне далей самаўдасканальвацца, а сілы марыць і будаваць рэальныя планы дае любімая справа і вера ў нязгаснае святло лямпачкі.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Аляксандра БЫЧКОЎСКАГА.