Чаму не любяць прагнозаў ва “Ушы”?

Date 15.04.2022 Man
Comment 1138
Чаму не любяць прагнозаў ва “Ушы”?

Ранняя вясна – гэта заўсёды і ранняя сяўба. Праўда, без рызыкі тут не абыходзіцца. Вясна ўжо каторы год запар выпрабоўвае нервы механізатараў на трываласць. Як жа яна абыдзецца без ранішніх замаразкаў, мокрага снегу, ды першых красавіцкіх навальніц з праліўнымі дажджамі.

Але яны ніяк не астудзяць вялікага жадання сейбітаў і аратых хутчэй пакінуць машынныя двары, выехаць у поле і ўправіцца з сяўбой ранніх зерневых культур.

І дваццаць цэнтнераў – за шчасце!

Па стане на раніцу 12 красавіка ў раёне было пасеяна 44 працэнты запланаванага альбо 1668 гектараў зерневых палеткаў. Аднымі з першых абяцаюць абвясціць аб заканчэнні пасяўной кампаніі аграрыі ААТ “Багушэвічы”. На пяткі ім наступаюць механізатары сельгасфіліяла “АграМАЗ” і ААТ “Пагосцкі”.

– Нам за гэтымі аграрыямі не ганяцца, яны ж каторы год у лідарах жніва і плошчы ў іх велізарныя, – зазначае дырэктар адкрытага акцыянернага таварыства “Уша” Аляксандр Аўтухоў, – а ў нас палеткі невялікія, ды і землі надзвычай капрызныя і неўрадлівыя. Нават дваццаць цэнтнераў на круг атрымаць на іх – за шчасце!

Адзіны сейбіт – Аляксандр Хомчанка

У тым, што землі тут няпростыя, мы пераканаліся асабіста. У далёкім урочышчы Глухаўка на полі застыў у чаканні працы энерганасычаны трактар з сеялкай Аляксандра Хомчанкі. Ён – адзіны сейбіт у гаспадарцы.

– Я толькі трэці дзень займаюся сяўбой, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч. – Куды нам спяшацца, калі плошча ў нас невялікая - усяго 180 гектараў. Удзень старанна засейваецца па 30 гектараў. Можна, вядома, і больш, але паглядзіце ўважліва: вільгасць стаіць такая, што і тэхніку можна "надзейна пасадзіць". А навошта так рызыкаваць машынай і часам?

Дванаццаць гадоў сеялцы і трактару

Гаворыць гэта сейбіт з веданнем справы. У гаспадарцы шчыруе не адзін год, а апошнія дванаццаць нязменна – на сяўбе.

– Роўна столькі ж гадоў трактару МТЗ-3522 і пасяўному агрэгату АПС-6, – гаворыць Аляксандр Уладзіміравіч, – але яны мяне не падводзяць і гарантуць раўнамернае і дастаткова глыбокае закрыццё насення нават на няроўнай паверхні і пры высокай хуткасці руху пасяўнога агрэгата, бо адрамантаваны і адрэгуляваны мной асабіста.

Па словах сейбіта, пасяўная кампанія для яго – звычайная справа, бо ён таксама шчыра і адказна рупіцца на шэрагу сельскагаспадарчых работах.

Стаўка - на якасць падрыхтоўкі глебы

– Атрад механізатараў у нас невялікі, таму кожны з нас, лічы, універсальны земляроб. А ленавацца і шукаць лёгкай працы ўшанцы не прывучаны. У мяне аб’ём сяўбы за дзень залежыць ад многіх фактараў, – распавядае мужчына, - напрыклад, плошчы ўчастка. Яны ў нас у большасці сваёй малаконтурныя і раскіданы па ўсёй гаспадарцы. Таму дабірацца да іх таксама трэба асцярожна, ашчадна, асабліва па нашых гаспадарчых дарогах. Працоўны дзень пачынаецца нязменна ў 7 гадзін раніцы і заканчваецца на змярканні. Таму засяваць 30 гектараў для нас дастаткова. Можна было б паэксперыментаваць з тактыкай высейвання ўпоперак альбо ўдоўж поля, але навошта губляць час і паліва на гэтыя развароты? Куды лепш якасна падрыхтаваць глебу, унесці пад поўную патрэбу мінеральныя тукі.

Вялікая надзея на азімы клін

Тут хлебароб мае рацыю. Сёлета гаспадарка набыла неабходную колькасць мінеральных угнаенняў і засейвае палеткі толькі першай рэпрадукцыі.

– Мы звычайна робім стаўку на азімыя культуры, – зазначае дырэктар гаспадаркі, – якія ў нас займаць 750 гектараў. Усе яны нядрэнна перазімавалі і ўжо якасна падкормлены. За гэта шчырае дзякуй трэба сказаць Канстанціну Бубенька і Міхаілу Манкевічу. Наперадзе ў нас падсеў шматгадовых траў і сяўба кукурузы. “Царыца” палёў зойме 800 гектараў і на яе мы робім асаблівую стаўку ў плане нарошчвання якаснай кармавой базы.

Прагнозаў не даюць

Добра ведаю, што ні механізатары, ні аграномы не любяць зазіраць наперад і дзяліцца меркаваннямі пра будучы ўраджай, але ўсё ж цікаўлюся ў Аляксандра Мікалаевіча, ці будзе сёлета ў засеках збожжа.

– Ніхто з паважаных хлебаробаў на гэтае пытанне вам сёння не адкажа, – гаворыць кіраўнік. – Наша задача – якасна пасеяць, і мы яе выканаем.

– Памятаеце такі выраз: хоць памірай, а жыта сей? Гэта пра нас, бо нягледзячы на эканамічны крызіс, палітычныя баталіі, селянін увесну заўсёды ў полі. А ці будзе год ураджайным, вырашае хлебаробскае майстэрства і боская літасць.Мы знаходзімся на поўначы, а тут заўсёды надвор’е рознае – то залье, то павысыхае. Таму мы далёка не загадваем, а старанна працуем з надзеяй, што зямля-матухна шчодра ўзнагародзіць за наш салёны пот.

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ з архіва рэдакцыі.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER