Стабільная праца = стабільны поспех

Date 16.11.2022 Man
Comment 526
Стабільная праца = стабільны поспех

Сельская гаспадарка – гэта тая галіна, якая ніколі не мае перапынкаў у сваёй рабоце. Бываюць, праўда, невялікія прамежкі часу, як, напрыклад, зараз, калі напал работ спадае і ўсе галоўныя кампаніі па сяўбе, нарыхтоўцы кармоў і ўборцы ўраджаю завершаны, і можна зрабіць невялікую перадышку і падвесці вынікі чарговага сельскагаспадарчага года, наколькі паспяховым і ўдалым ён аказаўся.

У сельскагаспадарчым філіяле “Ома” дасягнутым сёлета задаволены. І падстаў для гэтага некалькі. Галоўная з іх – тое, што ў гаспадарцы ўпершыню за час яе існавання атрымалі ўраджай збожжавых культур больш як па 40 цэнтнераў з гектара! Безумоўна, заслуга ў падобным выніку агульная, як і агульнымі былі намаганні ў час жніва. А задзейнічаны на ім былі камбайнеры і вадзіцелі на адвозцы збожжа Аляксандр Міхайлавіч і Аляксандр Барысавіч Валасевічы, Леанід Драгун, Сяргей Гайдук, Андрэй Дыбаль, Анатоль Цімашэнка, Сяргей Буры, Васіль Пінчук. І няхай у філіяле сёлета не аказалася тысячнікаў, некаторыя яго работнікі былі адзначаны на раённым свяце дажынак.

Добра на гэты раз урадзілі ўсе культуры, у тым ліку і азімы ячмень, які ў гаспадарцы вырошчвалі ўпершыню (ён даў на круг па 40,4 цэнтнера з гектара). Дае станоўчыя вынікі і перапрацоўка ва ўласных умовах рапсу на масла. А багаты травастой, а затым кукурузныя палеткі забяспечылі “Оме” трывалую кармавую базу для грамадскага пагалоўя.

- Па сваёй сутнасці, - гаворыць дырэктар сельгаспрадпрыемства Дзмітрый Калацэй, - усе нашы намаганні накіраваны перш за ўсё на стабільную работу жывёлагадоўчай галіны, бо менавіта яна дае прыбытак і дазваляе стабільна працаваць. Тым больш, што малочная прадукцыя заўсёды запатрабавана.

А для таго, каб атрымліваць яе ў значных аб’ёмах, тут наладзілі сістэму работы, якая ўключае ў сябе і належнае захаванне тэхналогіі, і адпаведны догляд жывёлы, і селекцыйную справу, і, зразумела, кармавую базу. Яе (за выключэннем камбікорма КР-1 для самых маленькіх цялятак) складаюць кармы, прыгатаваныя непасрэдна ў філіяле. Яны ўзбагачаюцца неабходнымі дабаўкамі і вітамінамі, робяцца на ўласным млыне і нічым не адрозніваюцца ад прамысловых. Істотным дадаткам да іх з‘яўляецца і рапсавы жмых, багаты на бялок.

Як вынік, сёння ў “Оме” атрымліваюць ад каровы больш як па 20 кілаграмаў малака, якое рэалізуецца выключна класам “экстра”, што сведчыць пра яго высокую якасць і дае дадатковыя сродкі. Ды і ў мясным цэху паказчыкі таксама істотныя: сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе тут не бываюць ніжэй 600 грамаў, а з пачатку года яны складаюць 654 грамы. І такія важкія паказчыкі ў філіяле трымаюцца далёка не першы год, сельгаспрадпрыемства пастаянна знаходзіцца ў лідарах. Зніжаць планку тут не збіраюцца, тым больш, што для такога прагнозу ёсць усе падставы: і належныя работнікі ферм, і кармавая база, і рост пагалоўя. Праўда, з-за таго, што памяшканні для ўтрымання жывёлы ўжо поўнасцю запоўнены, далейшае павелічэнне колькасці жывёлы рэальна толькі пры ўмове будаўніцтва новай фермы. Пакуль што пралічваюцца магчымыя варыянты адкрыцця комплексу на 600 галоў у в. Перавоз, пачатак яго будаўніцтва плануецца на 2024 год. А гэта – больш шырокія магчымасці для філіяла выйсці на новы ўзровень развіцця.

- Сваімі поспехамі мы абавязаны людзям, якія працуюць у нас, - працягвае Дзмітрый Калацэй, - іх працавітасці і закладзеным традыцыям, якія заклалі, у тым ліку, і нашы спецыялісты - галоўны аграном Уладзімір Шагойка, галоўны заатэхнік Вольга Фядотава, галоўны ветурач Іван Волкаў. Прыходзіць ім на змену і моладзь, ёй ёсць у каго вучыцца, ёсць што прымнажаць і адчуваць сябе гаспадарамі на зямлі. А яна любіць і адкрываецца толькі працавітым.

Людміла Драздова 18 лістапада адзначае сваё 60-годдзе. Але нягледзячы на паважаны ўзрост, па-ранейшаму застаецца ў страі і з’яўляецца аператарам машыннага даення малочнатаварнага комплексу "Перавоз", адным з лепшых яго работнікаў.

Як высветлілася, у Людмілы Мікалаеўны сёлетні год знакавы яшчэ па адной прычыне: роўна 35 гадоў свайго стажу аддала яна роднай гаспадарцы. Па словах жанчыны, адпраўляцца на заслужаны адпачынак у бліжэйшы час яна не плануе.


Шаноўныя работнікі філіяла і ветэраны!

Паважаныя работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Бярэзіншчыны!

Шчыра віншуем вас з прафесійным святам. Наша работа заўсёды з’яўляецца самай адказнай і ўдзячнай справай, бо ад яе залежыць дабрабыт і багацце кожнай сям’і, прамысловая бяспека краіны ў цэлым.

Сваю місію мы заўсёды выконваем сумленна, шчыра і адказна, як гэта павялося спакон вякоў. І гэтай высакароднай традыцыі мы не здраджваем: з году ў год клапоцімся пра высокія ўраджаі, пра тое, каб малочныя рэкі ніколі не мяльчэлі, а гадуемая жывёла прыносіла важкія прыбаўленні ў вазе. Клапоцімся мы і аб тым, каб уся атрыманая і вырашчаная прадукцыя своечасова была перапрацавана і знайшла свайго спажыўца.

Мы ўдзячны кожнаму, хто мае або меў у свой час дачыненне да сельскай гаспадаркі, хто ўнёс свой уклад у развіццё галіны, хто сёння рупіцца на палетках, у мехмайстэрнях, на фермах і сваёй працай узбагачае дабрабыт людзей.

Нізкі паклон вам. Няхай пануюць у вашых сэрцах і дамах толькі мір, спакой і дабрыня, няхай вашы рукі не ведаюць стомы, а сілы і здароўе даюць магчымасць займацца любімай справай яшчэ не адзін год.

Шчасця вам і багатай урадлівай нівы!

Адміністрацыя філіяла ТАА “Ома”.


 

*Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER