Пакуль памятаем, жывём

Date 06.05.2023 Man
Comment 776
Пакуль памятаем, жывём

З больш чым дзевяці тысяч брацкіх магіл, помнікаў, мемарыяльных комплексаў нашай краіны, якія звязаны з Вялікай Айчыннай вайной, 78 вайсковых пахаванняў знаходзяцца ў нашым раёне. Дагэтуль няма дакладнай лічбы загінуўшых, як і дагэтуль не ўстаноўлены імёны ўсіх загінуўшых. Амаль у кожнай вёсачцы альбо аграгарадку ўстаноўлены абеліскі і помнікі. Шмат вайсковых пахаванняў і на вясковых і гарадскіх могілках. Бярэзінцы беражліва захоўваюць месцы апошняга спачыну сваіх вызваліцеляў і дагэтуль смуткуюць праз некалькі пакаленняў па сваіх забітых сваяках. Нездарма ж на могілках можна пабачыць новыя сучасныя помнікі з датамі гадоў акупацыі раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі.

Адзнакі памяці

Праўда, сярод іх сустракаюцца самыя розныя. Часцей гэта тыповыя савецкія манументы другой паловы ХХ  стагоддзя, але больш часам прымітыўных помнікаў. Іх нярэдка ўстанаўлівалі жыхары, якія памяталі землякоў і сваякоў. Такія адзнакі не менш каштоўныя для захавання памяці, бо за кожнай – свая гісторыя, трагедыя, свае ахвяры.

Вядома, час і прырода разбураюць надмагіллі, але многія з іх цяперашняе пакаленне аднаўляе. Усё часцей ставяць новы памятны знак побач са старым, аддаючы даніну пашаны папярэднікам. Дагэтуль перад вачыма стаіць арыгінальны мармуровы помнік спаленай дзяўчынцы ў вёсцы Баравіно, якая была знішчана ў 1942 годзе нямецкімі карнікамі. Сваякі яе дагэтуль памятаюць тую трагедыю і не пашкадавалі грошай на добры і сімвалічны помнік. Ды і не пералічыць сціплых крыжоў і абеліскаў з зоркамі, якія стаяць на могілках. Бярэзінцы не забываюцца іх прыбраць вясной, а кветкі прыносяць 9 Мая, на Радаўніцу.

 

Каля помніка заўсёды чыста

У аграгарадку Пагост, якраз у самым цэнтры, размешчаны брацкая магіла, стэла і помнік у памяць аб загінуўшых вучнях Пагосцкай школы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Два апошнія помнікі даглядае разам з мясцовым сельсаветам педагагічны калектыў Пагосцкай школы. Тут заўсёды чыста прабрана і стаяць кветкі.

– Помнік гэты – упадабанае месца для правядзення самых розных мерапрыемстваў і акцый, – гаворыць дырэктар школы Наталля Жыгар. – Асабліва прыгожа тут вясной, калі ўсё патанае ў першай зеляніне дрэў. Вучням падабаецца гуляць каля помніка, рабіць тут фотаздымкі, а педагогі раз-пораз перачытваюць імёны сваіх вяскоўцаў. На жаль, толькі адзін выкладчык ведаў цяпер забітага чалавека. Столькі ж гадоў прайшло!

 

Ад Смаленскай вобласці да Польшчы

Гэты помнік дастаўся дырэктару ў спадчыну ад папярэдніка Канстанціна Ермакова, які пэўны час з 1978 года ўзначальваў навучальную ўстанову.

– Ужо тады ў школах вялася належная патрыятычная работа, – успамінае Канстанцін Паўлавіч, – быў час, у гонар загінуўшых землякоў пасадзілі памятную алею і падпісалі кожнае дрэва.

Гэта яны так трапятліва шумяць кожны год. Ды і вучні 70-80 гадоў ахвотна збіралі інфармацыю пра загінуўшых землякоў. Аднак яе было зусім нямнога, бо далёка раскідала іх вайна. І нават дзе загінулі, невядома, бо шмат прапала без вестак, яшчэ многія прынялі смерць на польскай зямлі.

Нягледзячы на гэта, пагосцкі педкалектыў беражліва захоўвае памяць пра мясцовых герояў. Гэта іх намаганнямі мемарыяльная дошка пасля закрыцця Пагосцкага вучэбна-вытворчага камбіната з’явілася на сцяне школы.

– Людзі звяртаюць на яе ўвагу, нярэдка спыняюцца тут, – гаворыць дырэктар установы, – чытаюць прозвішчы і некалькі хвілін стаяць у цішыні.

 

Ля брацкай магілы

Не зарастае сцежка і да брацкай магілы ў форме скульптуры жанчыны-маці. Тут пахаваны 245 воінаў-вызваліцеляў раёна і перазахаваны легендарны старшы лейтэнант А. Аввакумаў.

– Наколькі мне вядома, усе яны знаходзіліся ў пагосцкім палявым шпіталі і памерлі ў апошнія дні чэрвеня і пачатку ліпеня 1944 года, – успамінае Канстанцін Паўлавіч. – Былы дырэктар школы Мікалай Міхалёў, неяк расказваў мне, колькі сюды з усяго Савецкага Саюза наведвалася сваякоў, якія жадалі схіліць свае галовы перад гэтай магілай. І зараз тут кожны год 9 Мая шматлюдна. Пагостцы нясуць сюды кветкі.

Ды і сёння да брацкай магілы спяшаюцца сваякі загінуўшых. Нядаўна ў Пагосцкі сельвыканкам прыйшла падзяка ад Фатыха Рамазанава, брата Шаміля Рамазанава, чыё імя залатымі літарамі напісана на брацкай магіле. Ён неяк знайшоў яго магілу на бярэзінскай зямлі і быў прыемна ўражаны дагледжанасцю і парадкам на ёй, дзякаваў за гэта мясцовым уладам.

 

Памятаем – значыць жывём

– Памятаць подзвіг савецкіх салдат у гады Вялікай Айчыннай вайны, ушаноўваць іх памяць і мужнасць навядзеннем парадку на могілках – гэта наша першачарговая задача, – падкрэслівае старшыня Пагосцкага сельвыканкама Аляксандр Цыбулька, – яна дапамагае нам выхоўваць моладзь і шанаваць мір.

Ды і прыемна нам, што з кожным годам становіцца ўсё менш і менш белых плям у гісторыі самай кровапралітнай вайны ХХ стагоддзя. Вось нядаўна на помніку брацкай магілы былі ўпісаны яшчэ два прозвішчы. Магчыма, іх сваякі ў рэшце рэшт даведаюцца, дзе загінулі героі і прыедуць сюды ўскласці кветкі.

Калі мы пакідалі аграгарадок Пагост, на брацкай магіле вялася ўборка і рабіўся пэўны рамонт. Ён тут быў, на мой погляд, не вельмі патрэбны. Але рабочы старанна рабіў сваю справу, прыбіраў і падфарбоўваў. Значыць, памяць жыве і будзе жыць!

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ,

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER