Адзін дзень са старшынёй сельвыканкама

Date 25.07.2023 Man
Comment 644
Адзін дзень са старшынёй сельвыканкама

Старшыню Пагосцкага сельвыканкама Аляксандра Цыбульку мы з раніцы засталі… на могілках у вёсцы Рубеж. Разам з рабочымі ён наводзіў тут парадак.

- Пазаўчора пазваніла адна з жыхарак вёскі і паведаміла аб тым, што ў выніку моцнага ветру паваліла дрэва, прасіла дапамагчы, - тлумачыць Аляксандр Пятровіч, - вось і выехалі сёння, каб ліквідаваць гэтую непрыемнасць. Заадно абкосім навокал, смецце прыбяром, навядзём парадак.

Калі справа была завершана, старшыня не стаў спяшацца ў свой рабочы кабінет: карыстаючыся тым, што трапіў у гэтыя мясціны, вырашыў па поўнай праграме папрацаваць у мікрараёне. Спачатку адвёз рабочых на могілкі ў Бярозаўку, дзе тыя таксама заняліся абкошваннем, уборкай смецця, сталі папраўляць агароджу. А тым часам разам з галоўным спецыялістам сельвыканкама Наталляй Дубовік пачаў абход дамоў вёскі Казлоў Бераг на прадмет падрыхтоўкі да зімовага перыяду. У іх полі зроку, як членаў аглядавай камісіі, у першую чаргу трапілі домаўладанні такіх катэгорый, як выпівохі, састарэлыя, адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне, шматдзетныя сем’і.

Заглядвалі таксама і да іншых вяскоўцаў, каб пабачыць, ці ўсё ў парадку з іх домаўладаннямі. Зазірнулі мы і да Марыі Буліцкай. Пацікавіліся яе справамі, заадно і станам здароўя. Жанчына запрашае ў дом. Утульна, светла, дагледжана. Аляксандр Цыбулька не без задавальнення канстатуе, што ўся праводка ў доме пакладзена ў спецыяльныя карабы, у кожным з пакояў устаноўлены аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. А печка! Вы б пабачылі гэты сапраўдны шэдэўр мастацтва!

З задавальненнем ідзём далей. Пабачыўшы яшчэ здалёк старшыню сельсавета, 92-гадовая Ганна Драка просіць зазірнуць да яе: ёсць праблема.

- Аляксандр Пятровіч, - звяртаецца Ганна Васільеўна, - як бы, па магчымасці, вырашыць маё пытанне: вось калодзеж стаіць, пачысціць бы яго. Сын яго даглядае, падтрымлівае ў належным стане, але без вашай дапамогі не абысціся.

Аляксандр Цыбулька з разуменнем ставіцца да праблемы, але адзначае, што ў вёсцы ёсць водаправод, і калодзеж не з’яўляецца адзінай крыніцай пітной вады. Таму на ачыстку калодзежа будзе пададзена заяўка ў “Барысаўводаканал”, які і выканае неабходную работу. Дарэчы, на тэрыторыі сельсавета толькі вёскі Навасёлкі, Лешніца, Пагост, Мачаск, Васілеўшчына, Любушаны і Старыя Прыборкі маюць водаправоды, у астатніх населеных пунктах людзі карыстаюцца калодзежамі, з іх 175 лічацца грамадскімі, большасць з якіх мае патрэбу ў ачыстцы і рамонце.

Аднак спецыялісты “Барысаўводаканала”, на баланс якіх яны перададзены, не вельмі спяшаюцца займацца гэтай справай.

Так паступова ў нашай размове перайшлі мы да тых праблем, якія хвалююць старшыню сельвыканкама ў першую чаргу, і над вырашэннем якіх даводзіцца ўпарта працаваць, бо не кожная з іх ажыццяўляецца з першага разу і патрабуе нямала карпатлівай работы. У ліку такіх цяжкавырашальных пытанняў – выдаленне дрэў, што стаяць на вуліцы непадалёк ад людскіх домаўладанняў. Ды і тыя дрэвы, што патрэбна спілаваць на могілках, таксама з’яўляюцца праблемай для старшыні: пасля таго, як могілкі перадалі Бярэзінскай жыллёва-камунальнай гаспадарцы, за гэтую справу стала адказваць ЖКГ, хаця з просьбай аб выдаленні таго ці іншага дрэва людзі па-ранейшаму звяртаюцца ў сельсавет.

Яшчэ адна праблема – стан вуліц і дарог, асабліва без асфальтавага пакрыцця. Іншы раз патрабуе добраўпарадкавання і дарога да могілак, калі яны размешчаны ў аддаленні ад вёскі, як, напрыклад, у Гужыку.

Вялікі аб’ём работы выконвае сельвыканкам па выяўленні і ліквідацыі лядашчых пабудоў. Для таго, каб знесці такую будыніну, неабходна правесці цэлы комплекс мерапрыемстваў па ўстанаўленні таго, што не знойдзецца затым які далёкі нашчадак і не выкажа прэтэнзій на ліквідацыю яго ўласнасці. Ужо сёлета былі ліквідаваны два дамы – у вёсках Кукарава і Дулебы, гатовы дакументы для правядзення такой жа работы яшчэ па трох вымарачных дамах, яна будзе выканана ў другой палове года, пасля паступлення адпаведных сродкаў.

Безумоўна, праблем у старшыні сельсавета хапае. Ды мяркуйце самі: на тэрыторыі Савета знаходзіцца 45 вёсак, у якіх пражывае 2465 чалавек, а ўлетку гэтая колькасць узрастае прыкладна яшчэ на трэцюю частку за кошт дачнікаў. І ў кожнага свае праблемы, пытанні, запыты, просьбы. Аляксандр Пятровіч адкрыты для кожнага. Яго тэлефон, у тым ліку і мабільны, ведаюць многія. Таму і звоняць яму ў рабочы час, пасля работы, у выхадны дзень… І ён заўсёды адгукаецца, бо лічыць, што лепш праблему вырашыць на самым яе пачатку, чым даць ёй разрасціся і стварыць снежны камяк. Таму і не абмяжоўваецца Аляксандр Цыбулька толькі правядзеннем прыёму грамадзян па серадах, а знаходзіцца з імі на сувязі рэгулярна.

Расказваючы пра сваю работу, Аляксандр Пятровіч падкрэслівае тую істотную дапамогу, якую ён бачыць ад кіраўнікоў ААТ “Пагосцкі” Наталлі Сокал і СУП “АграМАЗ” Валерыя Цэдрыка, якія заўсёды ідуць яму на дапамогу і ніколі не адмаўляюць. Яно і зразумела: агульны клопат пра людзей заўсёды дае свой станоўчы вынік, і не так ужо важна, чыімі намаганнямі ён дасягнуты…

Пасля таго, як разам з Наталляй Дубовік Аляксандр Цыбулька “адпрацаваў” у вёсцы Казлоў Бераг, яго аўтамабіль накіраваўся ў Мачаск, дзе абодвух ізноў чакаў падворны абход жыхароў наконт падрыхтоўкі да зімы і захавання супрацьпажарных нормаў. Вось такім, ці то напружаным, ці то традыцыйна-штодзённым быў гэты дзень старшыні Пагосцкага сельвыканкама.


Аляксандра Колесень, жыхарка в. Быковічы:

- Дык нічога ж кепскага аб рабоце сельсавета сказаць не магу. Яго старшыня Аляксандр Цыбулька – чалавек адказны, старанны. Ведала я і яго маці: у свой час яна працавала медсястрой і мне часта даводзілася звяртацца да яе. Такі ж і Пятровіч – кожнаму імкнецца дапамагчы, ніколі не адмаўляе, калі звяртаешся з якой просьбай.

Напрыклад, была патрэба спілаваць дрэва на могілках, пазванілі яму, вырашыў праблему. Праўда там, на могілках, яшчэ трэба папрацаваць, бо “селяцца”, у асноўным, па іх ускрайку, а вось сярэдзіна зарасла, трэба там паўбіраць дрэвы. Нам, жыхарам вёскі, гэта ўжо не па сілах, колькі нас тут засталося, ды і тыя ўсе пажылога ўзросту. Я вось 1941 года нараджэння. Таму чакаем дапамогі. А так, усё добра. Не буду гаварыць за ўсіх, бо нават у сям’і не ўсім дагодзіш. А тут – колькі людзей…

Святлана Літвіненка, загадчыца Мачаскага магазіна:

- Магазін – гэта тое месца, дзе часта збіраюцца людзі і абмяркоўваюць розныя праблемы. Дык вось сярод тых размоў, што адбываюцца ў нас, чуць нейкія нараканні на работу сельсавета ці яго старшыні мне не даводзілася. А калі няма нараканняў, значыць, працуе сельсавет нармальна. Асабіста я туды не звяртаюся, бо імкнуся ўсе пытанні, што ўзнікаюць, вырашаць самастойна. Дзякаваць богу, і сілы, і ўзрост дазваляюць. Што датычыцца праблем, дык тут існуе толькі адна – вымірае наша вёска. У ранейшыя часы Мачаск быў і цэнтрам гаспадаркі, і сельсавета, былі тут школа, клуб, дзіцячы садок, людзей было шмат. А сёння вунь пустуючыя дамы стаяць… Крыўдна. Але ж гэтую праблему сельсавет не вырашыць, ды і мы, напэўна.

Марыя Буліцкая, жыхарка в. Казлоў Бераг:

- Водгукі пра работу сельсавета і яго старшыні ў мяне самыя станоўчыя. Аляксандр Пятровіч – чалавек на сваім месцы. Ніколі не пачуеш ад яго кепскага слова, а калі звяртаешся з якой праблемай, як бы цяжка не было яму, абавязкова вырашыць, дапаможа. Вось могілкі абгарадзілі, абкасілі вакол, прыгажосць навялі. Я якраз у той дзень там была, дык бачыла, як Пятровіч сам разам з іншымі шчыраваў там – і касіў, і грузіў смецце. Не цураецца ніякай работы, малайчына. Мае асабістыя праблемы? Ды, здаецца, няма. Вось днямі дровы на зіму прывезла, чакаю дзетак, прыедуць, папілуюць, пасякуць, так што і да зімы, лічы, падрыхтавалася.

 

 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER