Планавая шпіталізація ў ЦРБ

Date 19.10.2022 Man
Comment 875
Планавая шпіталізація ў ЦРБ

Уявіце сітуацыю: у вас хранічнае захворванне, не даць рады застарэлым балячкам, сярод якіх можа быць і павышаны ціск, і хворае сэрца, і хвароба бронхаў, і хірургічныя паталогіі, і праблемы з сасудамі, і безліч чаго яшчэ.

Што рабіць? Зразумела, у вялікай колькасці выпадкаў адзінае выйсце – класціся ў бальніцу на стацыянарнае лячэнне. Правільна гэта называецца шпіталізацыяй.

– Кіраўнік дзяржавы нацэльвае медыкаў на тое, каб у людзей была магчымасць праходзіць планавую шпіталізацыю, – падкрэслівае галоўны ўрач Бярэзінскай ЦРБ Крысціна Крук. – І мы робім усё, што ад нас залежыць, каб забяспечыць людзям усебаковае лячэнне ў поўным аб’ёме.

 

Экстрэнная і планавая

Шпіталізацыя бывае двух відаў: экстрэнная і планавая.

Пры экстрэнным выпадку пацыент шпіталізуецца праз “хуткую дапамогу”, прыёмны пакой, або калі звяртаецца сам. Прычынай могуць быць экстрэнныя паказчыкі, напрыклад, чэрапна-мазгавыя траўмы, вострае парушэнне мазгавога кровазвароту, гіпертанічны крыз, ці іншы выпадак, які патрабуе тэрміновага лячэння. Экстрэнныя шпіталізацыі часцей за ўсё адбываюцца ў выхадныя і святочныя дні. У прыемным аддзяленні заўсёды дзяжурыць урач-тэрапеўт або урач агульнай практыкі, які аглядае дастаўленага пацыента і вырашае пытанне са шпіталізацыяй, а таксама пра неабходнасці звернецца за кансультацыяй да разнастайных медыцынскіх спецыялістаў: хірурга, няўролага, нарколага ці іншых. Надараецца, што бацькі прывозяць дзетак, тады патрабуецца кансультацыя педыятра.

Планавая шпіталізацыя патрабуецца для пацыентаў з хранічнымі захворваннямі. Напрыклад, у чалавека пастаянна трымаецца ціск 150 на 100, даймаюць галаўныя болі і голавакружэнне, дамініруе кепскае адчуванне, у такім выпадку рашэнне шпіталізаваць пацыента прымае ўрач. Свабодныя месцы ў бальніцы ў наяўнасці заўсёды. Доктар паліклінікі пасля прыёма пацыента звязвецца з загадчыкам тэрапеўтычнага аддзялення (у дадзеным выпадку яно профільнае) і папярэджвае, што будзе паступаць пацыент, каб падрыхтавалі месца і былі ў курсе спраў. Потым з накіраваннем пацыент адпраўляецца ў прыёмнае аддзяленне.

 

Абавязковы аналіз

Улічваючы небяспеку каранавіруснай інфекцыі ўсе пацыенты павінны здаць пры планавай шпіталізацыі пцр-тэст за трое сутак да шпіталізацыі. Пры экстрэннай здаецца антыген, вынік гатовы літаральна праз 5-10 хвілін. Пры адмоўным выніку аналізу на каранавірус пацыента  аглядае ўрач прыёмнага пакоя, які запаўняе медкарту, уносіць дадзеныя ў камп’ютар. Потым у суправаджэнні малодшага медработніка пацыент накіроўваецца ў аддзяленне на стацыянар.

Працяглась лячэння залежыць ад захворвання. Калі няма нічога “сур’ёзнага” і патрабуецца пракантраляваць аналізы і падлячыць хранічныя захворванні, тэрмін планавай шпіталізацыі бывае ў сярэднім 10 дзён. Для лячэння пнеўманій, гіпертанічных крызаў, парушэнняў рытма сэрца, інфарктаў, хірургічных паталогій і іншага патрабуюцца іншыя тэрміны.

 

Пра ўрача

Займаецца пытаннямі шпіталізацыі ў шэрагу вялікай колькасці іншых задач, намеснік галоўнага ўрача па медыцынскай частцы Валянціна Лушчык. Сама яна родам з Багушэвіч, дзе закончыла 11 класаў школы ў 2010 годзе і адразу паступіла вучыцца на ўрача. У 2016 з адзнакай закончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, і вярнулася ў Беразіно. Інтэрнатуру праходзіла на базе Бярэзінскай ЦРБ і пэўны час у Мінскай абласной клінічнай бальніцы. Са жніўня 2017 была загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення, і з сёлетняга мая – “начмед”.

– Лячыць людзей захацелася яшчэ ў выпускным класе школы, - расказвае Валянціна на пытанне, як стала ўрачом. – Паступіла з першага разу, да таго ж мэтавае накіраванне дапамагло. Вучыцца спадабалася і было вельмі цікава.  

Пасада “начмеда” даволі загружаная. На плечы маладога доктара кладзецца клопат амаль пра ўсё, што адбываецца ў бальніцы і датычыцца лячэбнага працэсу. Стацыянарная дапамога, шпіталізацыя, прыёмнае аддзяленне, безліч іншага – усё даводзіцца адначасова трымаць у галаве. У дадатак начныя дзяжурствы, якіх выпадае па 7 разоў на месяц, і пяць ложкаў у тэрапеўтычным аддзяленні, бо ўрач на дадзенай пасадзе павінен ажыццяўляць таксама і лячэбную дзейнасць, а не толькі адміністрацыйную, звязаную з дакументальным суправаджэннем і вырашэннем шматлікіх пытанняў.

У рабоце мае месца і няпросты псіхалагічны аспект. Напрыклад, сканаў “цяжкі” пацыент. Начмед займаецца апрацоўкай медыцынскай дакументацыі, разам з паталагаанатамам удзельнічае ва ўскрыцці, потым размаўляе з роднымі пацыента.

– Спецыфічная работа, але ўнікальная, тым і цікавая, – дзеліцца урач. – Я курырую аказанне менавіта стацыянарнай медыцынскай дапамогі, пачынаючы ад прыёмнага пакоя і заканчваючы выпіскай пацыента. Сумесна з загадчыкамі аддзяленняў праводзім абыходы “цяжкіх” пацыентаў, штодзённа аглядваем пацыентаў рэанімацыйнага аддзялення, кансультую цяжкія і экстрэнныя выпадкі.

У перыяды чарговых хваляў каранавіруснай інфекцыі Валянціне Лушчык давялося працаваць увесь час у чырвонай зоне. Асабліва няпроста выдалася ў леташнім лістападзе, калі хворых было асабліва шмат.

Не зменшыла нагрузак і зараз: пацыентаў на прыёме удосталь.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

 

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER