Будуць у нашай сям’і два выратавальнікі!

Date 17.01.2023 Man
Comment 656
Будуць у нашай сям’і два выратавальнікі!

Пра бяду трывожна і гучна нагадвае гук сірэны пажарнага аўтамабіля. Паспець, каб, па магчымасці, не даць здарыцца трагедыі, – задача не з лёгкіх. І тут многае залежыць ад прафесіяналізму вадзіцеля пажарнага аўтамабіля.

 Аварыйна-выратавальнай часці № 1 Бярэзінскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях пашанцавала: тут працуюць выдатныя вадзіцелі. Сярод іх – Аляксей Лазнюха, які сваёй справе аддаў больш за 7 гадоў і рыхтуецца з гонарам насіць на сваёй форме нагрудны знак “Выдатнік”. А гэта адна з прэстыжных узнагарод супрацоўнікаў Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь.

 Аляксей не мясцовы. У Бярэзінскі раён прыехаў на радзіму жонкі ў вёску Котава. Хлопец ён вясковы і цяжкай працы ніколі не цураўся. Таму адразу ўладкаваўся вадзіцелем ў мясцовую гаспадарку, бо вельмі тэхніку любіў і кіроўцам слыў спраўным. Праўда, у 2014 годзе Аляксей Сяргеевіч вырашае крута змяніць свой прафесійны шлях і ідзе ў выратавальнікі.

– Сумнявацца мне ў маім рашэнні ні тады, ні сёння не даводзіцца, – прызнаецца мужчына, – напэўна, даўно ў маёй душы наспявала жаданне ратаваць людзей. Зразумеў я гэта не адразу, бо пэўны час вучыўся, стажыраваўся на аварыйна-пажарным пасце аграгарадка Мікулічы, дзе асвойваў азы супрацьпажарнага майстэрства.

І наіўна думаць, што вадзіцель на пажары ўвесь час знаходзіцца ў бяспецы і адседжваецца ў кабіне. Ён гатовы ў любы момант замяніць кагосьці са свайго разліку альбо прыйсці на дапамогу таварышам.

– Я назаўжды запомніў, што менавіта ад падрыхтоўкі вадзіцеля, яго прафесіяналізму залежыць многае ў ліквідацыі надзвычайных сітуацый, – прызнаецца Аляксей Лазнюха. – Ды і баявое хрышчэнне мне давялося прайсці на сапраўдным пажары яшчэ ў час стажыроўкі. Памятаеце пажар у садовым таварыстве "Чырвоны Бераг"? Тады ў 2016 годзе ахвярамі агню сталі бабуля і яе ўнучак. Рэшткі іх цел мне давялося выносіць са спаленага дома. Ці можна такое забыць?

Тылам і стымулам для Аляксея з’яўляецца яго вялікая і дружная сям’я. Ён – любімы муж і шматдзетны тата трох сыноў. Яны ганарацца сваім бацькам і імкнуцца быць ва ўсім на яго падобнымі. 

– Ведаеце, сыны – мае верныя памочнікі і надзея, – прызнаецца мужчына. – Старэйшаму ўжо 14 гадоў, ён выдатна спраўляецца з хатнімі абавязкамі, ва ўсім дапамагае матулі, заўсёды чакае мяне са службы, падрабязна распытвае, як прайшла дзяжурная змена. Ён плануе быць, як і я, выратавальнікам, бо збіраецца паступаць у кадэцкае вучылішча. Мы з жонкай не супраць. Няхай будзе ў нашай сям’і два выратавальнікі.

У сваю чаргу, калегі Аляксея Лазнюхі заўважаюць, што гэты вадзіцель пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 Бярэзінскага РАНС да сваіх абавязкаў ставіцца адказна, а яшчэ нешматслоўны, сціплы чалавек, добрасумленны і адказны спецыяліст, аўтамабіль якога яшчэ ні разу не падвёў выратавальнікаў у адказны момант.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER