Чалавек, які вядзе за сабой

Date 09.01.2023 Man
Comment 643
Чалавек, які вядзе за сабой

Сёння прозвішча Маргарыты Булойчык добра вядома жыхарам не толькі горада, а і Бярэзіншчыны ў цэлым, дзякуючы таму, што яна вось ужо 12 гадоў з’яўляецца пастаянным і нязменным кіраўніком створанага ёй жа клуба ветэранаў педагагічнай дзейнасці “Сустрэча”.

Калектыў за час свайго існавання заявіў пра сябе як суполка сапраўдных сяброў-аднадумцаў, аб’яднаных не толькі агульнымі інтарэсамі былой прафесіі, а і актыўным сумесным правядзеннем вольнага часу, выступленнем перад гледачамі з неардынарнымі запамінальнымі танцавальнымі і вакальнымі нумарамі.

А між тым, Маргарыце Анатольеўне ёсць чым ганарыцца і акрамя дзейнасці на чале ўзгаданага калектыву, бо за яе плячыма 40-гадовы стаж педагагічнага работніка. Усе гэтыя гады былі прысвечаны аднаму калектыву – дзіцячаму садку №1 г. Беразіно.

- Па збегу жыццёвых абставін, - расказвае Маргарыта Анатольеўна, - з гэтай дашкольнай установай мяне звязвае намнога большая колькасць гадоў. Мяркуйце самі, будучы дзіцем, я з’яўлялася яго выхаванцам. І хочаце – верце, хочаце – не, менавіта тады запала ў душу свайму будучаму мужу, які ўпершыню пабачыў мяне ў групе. Значны перыяд садок узначальвала мая матуля. І так атрымалася, што і мой працоўны шлях аказаўся непарыўна звязаны з ім.

Спачатку пасля заканчэння педвучылішча на працягу дваццаці гадоў была там проста выхавацелем, а затым, атрымаўшы багаты практычны вопыт і вышэйшую адукацыю, стала яго кіраўніком. І паверце, адпрацаваць столькі часу на адным месцы, займаццца любімай справай з калегамі, якія сталі табе нібы блізкія сваякі – гэта сапраўднае шчасце, гэта тыя гады, азіраючыся на якія, мне не сорамна ні за свае паводзіны, ні за сваю работу, ні за свой калектыў.

Менавіта дзякуючы новаму энергічнаму загадчыку садка, у ім адбыліся істотныя перамены. Спачатку яго будынак быў капітальна адрамантаваны, у ім значна палепшыліся ўмовы знаходжання і выхавання дзетак. Неўзабаве па яе ж прапанове садок набывае сваю вузкую накіраванасць і становіцца дашкольнай установай санаторнага тыпу.

 У садку ствараюцца адпаведныя ўмовы для аздараўлення дашкольнікаў, вядзецца медыцынскі кантроль спецыялістаў за іх станам, уводзіцца пасада інструктара лячэбнай фізкультуры, яго гадаванцы атрымліваюць харчаванне на павышаным ўзроўні. У садку праходзяць аздараўленне не толькі дзеткі гараджан, а і сельскіх жыхароў – на працягу аднаго з летніх месяцаў. Папулярнасць установы была надзвычай высокай і карысталася ў бацькоў апраўданым даверам, бо хлопчыкі і дзяўчынкі, сапраўды, станавіліся больш устойлівымі да захворванняў, радзей прапускалі заняткі. Клопатаў загадчыцы хапала заўсёды. Тым больш, што яна спалучала ў сабе і абавязкі метадыста, - займалася і гаспадарчай дзейнасцю, і кіравала педагагічным працэсам.

Так паступова набліжаўся час да выхаду на заслужаны адпачынак. Але выкарыстаць гэтую льготу Маргарыта Анатольеўна змагла толькі праз шэсць з паловай гадоў пасля таго, як надышоў пенсійны ўзрост.

Толькі сядзець без спраў не ўдалося, ды і не ў характары жанчыны быць незапатрабаванай. Якраз у той самы час былы загадчык аддзела адукацыі Мікалай Абазовік выйшаў да наваспечанай пенсіянеркі з прапановай стварыць ветэранскую арганізацыю з ліку былых педагагічных работнікаў дзіцячых садкоў. Вось з таго часу і пачаў свой адлік вядомы цяпер на ўсю вобласць клуб “Сустрэча” пад кіраўніцтвам Маргарыты Булойчык.

За 12 гадоў дзейнасці члены клуба паспелі пабываць у многіх цікавых мясцінах рэспублікі, наладзіць і правесці шмат незабыўных сустрэч і мерапрыемстваў, пабываць на многіх канцэртах і спектаклях, паспяхова паўдзельнічаць у многіх абласных конкурсах, змаглі яскрава даказаць, што даўгалецце, сапраўды, можа быць актыўным, змястоўным і цікавым.

За гэты час дзейнасць клуба стала больш разнастайнай: тут з’явілася свая вакальная група і танцавальны калектыў. У планах кіраўніка – стварэнне ўласнай тэатральнай студыі і выступленні са спектаклямі.


Са сваёй багатай біяграфіяй, захапленнямі і талентамі члены “Сустрэчы” плануюць больш шырока пазнаёміць бярэзінцаў ужо ў лютым, калі члены клуба будуць адзначаць сваё 12-годдзе. А яшчэ раней, а дакладней 9 студзеня, свой юбілей адзначыць Маргарыта Булойчык – чалавек няўрымслівай і вялікай душы, цудоўны педагог і нязменны кіраўнік клуба “Сустрэча”. Мы далучаемся да ўсіх тых віншаванняў, якія прагучаць у гэты дзень у адрас юбіляркі. З юбілеем Вас, Маргарыта Анатольеўна!

Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.

 

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER