Гадаванец Беразіно. Журналіст па прафесіі, пісьменнік па хобі. Інтэлігент, арыстакрат па духу. Здаецца, зусім раўнадушны да пасад і званняў, багацця і вядомасці. За вонкавай стрыманасцю прытоена трапяткая душа летуценніка і рамантыка. Ён адшукаў у сваёй інтэлектуальнай скрынцы пяро, пакладзенае туды прыродай і годна робіць гэтым інструментам сваю справу. Журналісцкі ген набраў сілы, каб праявіцца на поўную моц у літаратурным пісьменстве. Зямляк мае на творчым рахунку 7 кніжных рознажанравых выданняў: правінцыйныя казкі, фэйсбучны раман, аповесці і апавяданні ў стылі фэнтэзі. Сёлетні кніжны дэбют А. Бычкоўскага — “Дзеці Сільмарыліёна”, дзе прадстаўлены аднайменная аповесць і разнапланавыя фэнтэзійныя апавяданні. Радасная падзея для аўтара і прыхільнікаў яго творчасці, якіх сабрала бібліятэчная кантакт-гасцёўня. Гаспадыня гасцёўні прадставіла творчае рэйтынг-дасье госця “Журналіст на Парнасе”.
Алесь Бычкоўскі падзяліўся сакрэтамі творчай кухні, вытокамі свайго захаплення фантастыкай, адчуваннямі аўтара, калі кніга завершана і пайшла вандраваць… З цікавасцю сустрэла чытацкая публіка расповед пісьменніка пра свой новы твор “Вясёлыя хаўтуры” у нетрадыцыйным для яго жанры трагікамедыі. У папулярным для журналістыкі стылі інтэрв’ю прайшоў кантакт-дыялог са званым госцем “Пытанне на засыпку”. Па традыцыі гаспадыня гасцёўні падарыла шаноўнаму земляку “Залатое пёрка” шаржы-эпіграмы з пажаданнем, каб і надалей не ржавела пяро і не зачыняліся веснічкі, праз якія наведвае натхненне.
Тамара КРУТАЛЕВІЧ,
загадчык аддзела маркетынгу і сацыяльна-культурнай дзейнасці.