– Гліна – сёння вельмі незвычайны матэрыял для работы, – расказвае Паліна, - хаця раней менавіта з яе нашы продкі выраблялі амаль увесь посуд. У адрозненне ад іх мы займаемся не ганчарствам, а менавіта лепкай – талерак, кубкаў, шкатулак, падзелак. Узоры для будучых твораў звычайна знаходжу ў інтэрнэце, адбіраю іх з такім разлікам, каб дзецям было цікава і даступна па іх навыках і ўменнях. Калі штосьці не атрымліваецца, абавязкова дапамагаю, тлумачу, з чаго лепш пачаць работу, у якой паслядоўнасці яе весці.
Незвычайны занятак, як і ўсё штосьці новае і нязведанае, захапляе дзятву, падштурхоўвае да творчасці. І няхай іншы раз у кагосьці штосьці і не атрымліваецца, другая або трэцяя спроба абавязкова аказваецца паспяховай і ўдалай. Частка створаных дзіцячых шэдэўраў трапляе ў печ для абпальвання, астатнія высыхаюць у натуральных умовах. Затым ідзе працэс размалёўкі і нанясення ўзораў. Хтосьці займаецца гэтым у гуртку, хтосьці – у хатніх умовах. Дарэчы, створаныя вырабы гурткоўцы пры жаданні могуць забраць дамоў ці выкарыстаць у якасці падарунка. Частка работ выстаўлена прама ў аўдыторыі, дзе праходзяць заняткі. Чаго тут толькі няма! А фантазія якая бязмежная!
Сама Паліна да асваення майстэрства лепкі прыйшла, можна сказаць, выпадкова. Яе старэйшая сястра Кацярына ў свой час вяла аналагічны гурток у цэнтры рамёстваў. Менавіта тут і адбылося першае знаёмства з глінай, як матэрыялам для творчасці. Затым была вучоба ў Магілёўскім каледжы мастацтваў і спасціганне азоў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе перавага была аддадзена напрамку керамікі. Сёння Паліна пашырае свае прафесійныя і творчыя веды ў гэтым накірунку і завочна займаецца ва ўніверсітэце культуры і мастацтва. А гэта раскрывае новыя гарызонты для ўласнай творчасці і работы з дзецьмі. Так што незвычайнаму гуртку існаваць і надалей.
- Безумоўна, гуртку быць, - пагаджаецца Паліна. – У адрозненне ад сваёй сястры, якая пасля замужжа пераехала з Беразіно, пакідаць свой родны горад я не збіраюся. Да таго ж і муж у мяне таксама бярэзінец. Веру, што і мае веды, і майстэрства юных гурткоўцаў яшчэ не раз парадуюць землякоў сваімі керамічнымі вырабамі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.