Старэйшы работнік культуры Бярэзіншчыны

Date 07.10.2023 Man
Comment 1525
Старэйшы работнік культуры Бярэзіншчыны

У асаблівым прадстаўленні гэты мужчына патрэбы не мае. Бярэзінец, работнік культуры, выкладчык дзіцячай школы мастацтваў, які выпусціў не адно пакаленне сваіх вучняў, удзельнік шматлікіх канцэртаў, вядомы акампаніятар, баяніст.

Так, усё гэта пра яго – Уладзіміра Някрасава, чалавека творчага, неардынарнага і адданага служэнню музыцы. Дарэчы, унікальнасць Уладзіміра Мікалаевіча заключаецца яшчэ і ў тым, што яго працоўны стаж складае 53 (!) гады, што дазваляе яму па праве насіць званне самага старэйшага працуючага работніка культуры Бярэзіншчыны.

- Я ніколі не здраджваў музыцы, - расказвае ён. – Да выхаду на пенсію адначасова выкладаў у музычнай школе і быў задзейнічаны ў раённым Доме культуры, дзе акампаніраваў асобным салістам, хору, іграў у духавым аркестры.

Да таго ж працаваў з самадзейнымі калектывамі райсельгастэхнікі, МПМК-182, сырзавода і капланецкай “Калінкай”. Так, работы хапала. Але яна прыносіла мне сапраўдную асалоду і задавальненне, бо навучанне ігры на музычным інструменце, падрыхтоўка нумароў мастацкай самадзейнасці і магчымасць людзям праявіць свой талент – заўсёды справа ўдзячная і высакародная.

Асобнай старонкай біяграфіі Уладзімір Мікалаевіч лічыць сваё супрацоўніцтва з фальклорным ансамблем “Лявоніха”. Дзе толькі не пабываў гэты калектыў у свой час: Прыбалтыка, Грузія, Украіна, Выстава дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскве, адкрыццё сезона фантанаў у Піцергофе… Падарожнічалі і аўтобусам, і цягніком, і нават самалётам. Колькі вандровак, канцэртаў, сустрэч з цікавымі людзьмі, сярод якіх быў і знакаміты Генадзь Цітовіч, імя якога сёння носіць харавая капэла Беларусі.

Так, ёсць што ўзгадаць і пра што расказаць ветэрану культуры. Толькі вось слова “ветэран” для Уладзіміра Някрасава ніяк не дапасуецца, бо і сёння ён актыўна працуе ў школе мастацтваў, удзельнік створанага тут ансамбля народных інструментаў, стварае інструментальную музыку, піша ўласныя песні. Дарэчы, іх нямала ў нашага земляка.

Гэта, напрыклад, “Родныя мясціны” на словы бярэзінскага паэта Івана Маркевіча, “Вальс бярэзінскіх выпускнікоў” на словы Віктара Кулігіна, які быў напісаны спецыяльна для выпускнога балю ўнучкі і гучаў на цэнтральнай плошчы горада, зачароўваючы гасцей мерапрыемства.

Так, музыцы і творчасці не падуладныя гады і ўзрост. Па словах Уладзіміра Мікалаевіча, чалавек, які сябруе з імі, асаблівы і зусім па-іншаму крочыць па жыцці, робіць яго больш светлым і радасным. Менавіта гэтыя святло і радасць Уладзімір Някрасаў і дорыць людзям вось ужо на працягу 53 гадоў.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER