Як установы адукацыі рыхтуюцца да новага навучальнага года?

Date 09.08.2022 Man
Comment 888
Як установы адукацыі рыхтуюцца да новага навучальнага года?

Жнівень яшчэ, безумоўна, лета, але восень, а з ёй і хуткі пачатак вучобы ўсё часцей і часцей праскакваюць у размовах дарослых і нават дзяцей. У саміх жа школах падрыхтоўка да новага навучальнага года пачалася ці не адразу з завяршэннем мінулага. Вось чаму яшчэ да першага званка, па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Алесі Цітовай, пашпарты і сертыфікаты гатоўнасці атрымаюць ужо ўсе ўстановы адукацыі.

– За два і болей месяцы лета зроблена нямала ў рамках нашага фінансавання, – расказвае кіраўнік упраўлення. – Праводзім капітальны і бягучы рамонт памяшканняў, запланавана маштабнае добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Гатаваць і есці лепш у камфортных умовах

У ДУА “Брадзецкі вучэбнапедагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэдняя школа” да навучальнага года гатовы, ды і ўнеслі педагогі ўжо свой уклад у справу падрыхтоўкі да раённага свята “Дажынкі”. На прышкольнай тэрыторыі пануе чысціня і цешаць вока мноства рознакаляровых кветак, ды і заззяла яркім свежым колерам агароджа школы.

Дырэктар школы Святлана Халімончык зазначае, што гэтым летам быў зроблены касметычны рамонт класаў - пафарбавалі падлогу. Праўда, не гэтым сёлета ганарыцца
школа.

- У рэшце рэшт быў завершаны бягучы рамонт харчблока і актавай залы, якая замяняе нам сталовую, - гаворыць Святлана Віктараўна, - цяпер тут не проста ўтульна, але і надзвычай прыгожа. У мінулыя гады мы замянілі ўсё кухоннае абсталяванне, а сёлета сіламі падрадчыкаў зроблены капітальны рамонт. Гатаваць ежу ў такіх умовах нашым паварам цяпер адно задавальненне.

 

Дождж ужо не страшны

Самы вялікі аб’ём рамонтных работ на даху робіцца зараз у ДУА “Капланецкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Тут ужо ўсё практычна гатова да прыёму вучняў і пачатку заняткаў. Асабліва парадуе дзятву клас фізікі, дзе стаіць уся новая мэбля і абсталяванне. Наведвае яго дырэктар школы Наталля Жукоўская невыпадкова: праз акно ў лабараторным памяшканні класа яна сочыць за рамонтам даху.

- Ужо практычна завершаны першы этап гэтых работ, - гаворыць Наталля Аляксандраўна, - на чарзе яшчэ адзін, завяршальны. Якасць работ і аператыўнасць пытанняў не выклікаюць. Ды і паглядзіце, як рабочыя акуратна працуюць. Нідзе на тэрыторыі не ўбачыце будаўнічага бруду і смецця.

І гэта сапраўды так – тэрыторыя добраўпарадкавана і чыста прыбрана. Ды і багата тут розных кветак і кветкавых кампазіцый.

 

Баявое хрышчэнне

Мікалай Расійскі ўсяго некалькі месяцаў як заняў пасаду дырэктара ДУА “Лешніцкі вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы садок-сярэдняя школа”. Ён - самы малады ў раёне дырэктар школы. Нягледзячы на гэта з запланаванымі рамонтнымі работамі спраўляецца на выдатна.

- Зусім хутка будзе зроблены казырок з полікарбаната над ганкам, - зазначае Мікалай Аляксандравіч. - Гэта стане сапраўдным сюрпрызам для вучняў і педагогаў, бо істотна зменіцца фасад установы. Ды і часткова заменена падлога і пафарбавана яна ва ўсіх класах, заменены дах. Праведзены работы і ў асобным будынку дзіцячага садка.

Школьныя справы радуюць маладога дырэктара і дазваляюць яму смела будаваць свае рабочыя планы.

- Да рамонтных работ мы падыходзім надзвычай адказна, - гаворыць мужчына, - наша навучальная ўстанова самая малая ў раёне, а навучаюцца тут звыш 100 дзяцей. Яны любяць сваю аднапавярховую школу. Сёлета ўсе нашы выпускнікі здзейснілі свае мары - атрымалі студэнцкія білеты навучальных устаноў.

Мяркую, гэта стане нашай традыцыяй. А падтрымаць яе павінны маладыя спецыялісты, якія прыйдуць на змену ветэранам. Так, у гэтым навучальным годзе наш невялічкі калектыў папоўніўся маладым настаўнікам пачатковых класаў.

 

Наводзіць прыгажосць лепш талакой

Іна Чорная загадам ад 8 ліпеня была прызначана загадчыцай дзіцячага садка №8.

- Калі атрымлівала вышэйшую адукацыю, марыла кіраваць калектывам дашкольнай установы, - гаворыць яна, - але рэальна не здагадвалася, наколькі гэта няпроста. Праўда, мне наракаць на цяжкасці не даводзіцца, бо калектыў у мяне дружны, працавіты і адказны. З ім любая справа па плячы, ды і памочнікаў хапае.

Так, гэтым летам цалкам змянілася тэрыторыя дзіцячага садка. Тут не стала вялікіх дрэў - яны былі спілаваны і выкарчаваны.

- Дрэвы былі старыя і іх вялікія карэнні яўна псавалі акуратны выгляд і дарожкі, - гаворыць загадчыца. - Справіцца з гэтым было няпроста. Але нам дапамаглі шэфы і кіраўніцтва вытворчага ўчастка “Бярэзінскі спіртзавод”.

Ды і шмат зроблена ў будынку. Прыемна кідаецца ў вочы ўжо знешні выгляд будынка - зроблены рамонт і ліўнеўка. Больш камфортнай, яркай і галоўнае бяспечнай стане актавая зала. Новы колер набыла і дзіцячая мэбля.

- У гэтых работах задзейнічаны ўвесь калектыў, - зазначае загадчыца. - Але хачу асабіста падзякаваць Таццяне Піскун, Алене Шасцярнёвай, Святлане Баран, маладому спецыялісту Вользе Біруковай і нашаму самаму працавітаму бацьку Міхаілу Курневічу, які на роўных з іншымі работнікамі рыхтуе дзіцячы садок да прыёму дзяцей.

Застаецца дадаць, што дзіцячы садок № 8 актыўна працягне рэалізоўваць накірунак у праектным праваслаўным выхаванні дзяцей. Толькі мяркуецца, што яно выйдзе на новы, больш глыбокі даследчы ўзровень, дзе будуць задзейнічаны бацькі і дзеці. Таму рамонт – гэтаму добры пачатак.

 

Цікавы вопыт

На тэрыторыі дзіцячага садка № 2 па-сапраўднаму прыгожа і ярка ад кветак і кампазіцый. Ды толькі прыдзірлівае вока заўважыць - у будынку вядуцца рамонтныя работы. Поўным ходам ідуць бягучыя работы ў адным са спальных памяшканняў – ад даху да сцен і падлогі. Але не толькі гэта радуе калектыў дзіцячага садка.

У рэшце рэшт тут набылі сучасны выгляд лесвічныя маршы.

– Наш дзіцячы садок – адзін з самых старэйшых у горадзе і выгляд лесвічных маршаў нязменна псаваў уражанне ад установы, - заўважае загадчыца. - Адрамантаваць яго належным чынам сваімі сіламі ніяк не атрымлівалася, а цяпер, паглядзіце, якая пануе прыгажосць.

На дапамогу выхавальнікам прыйшоў раённы цэнтр занятасці, які аформіў дагавор падраду з адным з беспрацоўных.

– Ахвотнікаў такім чынам зарабіць было некалькі, аднак усіх іх напужаў значны аб’ём работ, – працягвае размову загадчыца. – Але нам пашанцавала – знайшоўся малады 25-гадовы рабочы з залатымі рукамі. Менш чым за месяц ён справіўся з даручаным заданнем. Прэтэнзій да яго няма, толькі словы падзякі ад бацькоў і педагогаў, якім прыемна зайсці ў дзіцячы садок.

Застаецца дадаць, што рамонтныя работы паступова набліжаюцца да завяршэння. Упраўленне па адукацыі, спорце і турызме пачало падрыхтоўку да традыцыйнай жнівеньскай настаўніцкай канферэнцыі, ну а ў школах неўзабаве выветрыцца пах фарбы і клею, будуць рыхтавацца да ўрачыстых лінеек першага званка. Мяркую, што ў плане стварэння неабходнага настрою новы выгляд пабудоў і памяшканняў будзе толькі пасаваць святу Ведаў і радасці дзяцей ад сустрэчы са школай.

 

Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER