Так, па выніках работы са студзеня па верасень бягучага года вытворчасць валавой прадукцыі ў супастаўных цэнах у параўнанні з папярэднім годам склала 111,7%, выручка ад рэалізацыі прадукцыі – 108%, у тым ліку ад прадукцыі жывёлагадоўлі – 116%.
Малако – было і застаецца асноўнай крыніцай даходаў гаспадаркі. Вытворчасць прадукцыі ферм з кожным годам павялічваецца, як і рэалізацыя, ды і па прадуктыўнасці жывёлы яны надзейна другія ў раёне. Надой на рагулю складае
5319 кілаграмаў малака.
Ганарацца мясцовыя жывёлаводы высокай таварнасцю і тлустасцю, невялікімі затратамі на вытворчасць і выключнай якасцю атрыманага малака. Практычна ўсё яно рэалізуецца гатункам “экстра”. У выніку гаспадарка мае не толькі высокую цану рэалізацыі прадукцыі сярод гаспадарак раёна, але і значны прыбытак ад гэтага.
Аднак росту малочнай вытворчасці яўна мала амбіцыйным работнікам гаспадаркі. Нядаўна яны замахнуліся на нялёгкую ў эканамічным плане задачу – выпраўленне спраў у вытворчасці буйной рагатай жывёлы. Дзеля гэтага на тысячу галоў павялічылі статак на дарошчванні і адкорме, дасягнулі самых вялікіх сярэднясутачных прыбаўленняў у вазе жывёлы, рэалізуюць яе вышэйшай укормленасцю. Дарэчы, гэты напрамак дзейнасці тут лічаць самым перспектыўным і зараз тут пастаянна ідзе будаўніцтва новых жывёлагадоўчых аб’ектаў.
Мясцовых работнікаў справы ў гаспадарцы радуюць, ды і задавальняе заробак. Тут у сярэднім атрымліваюць амаль па 1500 рублёў. Але вабіць сюды людзей не толькі магчымасць мець надзейны дабрабыт, а і ўвесь час асвойваць нешта новае. Каб у гэтым пераканацца, дастаткова ўсяго толькі на адзін дзень зазірнуць у гаспадарку.
Даеш зернефураж!
Усё пачынаецца з кармоў. Гэта правіла добра вядома мясцовым механізатарам, якія аднымі з першых у нашым раёне асвоілі нарыхтоўку для высокапрадукцыйнага статка сенажу ў палімернай плёнцы. І сёння дыктуюць моду на новыя кармы.
Ужо на машынным двары ўвагу прыцягнула куча зерня кукурузы. Яно тут жа сплюшчваецца і адпраўляецца ў вялікі белы рукаў. Адказная і важная справа даручаецца механізатарам Аляксандру Суханаву і Юрыю Стасевічу.
– Прынцып назапашвання плюшчанага кукурузнага зерня, па вялікім рахунку, такі ж, як і пры сіласаванні траў: кармавая маса нарыхтоўваецца вільготнай з абавязковым унясеннем кансерванту і захоўваннем у герметычных умовах, – расказваюць механізатары.
Адна з неаспрэчных пераваг такога метаду ў тым, што зерне можна сіласаваць прама з поля – яго не трэба трамбаваць, як сіласную масу, а памер “рукава” можна вар’іраваць.
– Чым спялейшае зерне, тым яно больш важкае. У адзін рукаў у сярэднім змяшчаецца ад 100 да 180 кубаметраў высакаякаснага ўшчыльненага кукурузнага зерня, – з веданнем справы зазначаюць яны.
Спецыялісты жывёлагадоў-чай галіны гаспадаркі сцвярджаюць, што сплюшчанае закансерваванае ў стадыі васковай спеласці зерне кукурузы мае высокую пажыўнасць – яго з задавальненнем есць буйная рагатая жывёла. Кармленне плюшчанкай не толькі павышае прадуктыўнасць кароў, але і дазваляе эканоміць сродкі на набыццё дарагіх кармавых дадаткаў. Дарэчы, такі від корму тут плануюць уключыць у меню высокапрадуктыўных рагуль.
Працаваць трэба з душой
На дальнім урочышчы шумна гудзеў магутны трактар “Беларус”. Тут дыскаваў глебу пад будучую вясеннюю сяўбу царыцы палёў механізатар Аляксей Якуш. Вопыту яму не пазычаць, ды і працавітасці таксама, і цяжкасці не палохаюць.
– Усё бывае, але нашы вытворчыя планы ніяк не зрываюцца, – гаворыць механізатар. – Гной з фермаў вывезены і паступова раскідваецца, узарана звыш тысячы гектараў зябліва. Лагодная восень дазваляе ўсё гэта рабіць якасна і без аўралаў. Ды і душа радуецца, калі ў ямінах і цюках ляжыць важкі запас якасных і сакавітых кармоў.
Грошы “куюцца” на фермах
Малочнатаварная ферма “Уюноўка” надзейна ўпісана ў слаўную гісторыю Бярэзінскага раёна. У свой час яна наладзіла продаж малака дзяржаве гатункам “экстра”, утрыміваючы жывёлу на прывязі. Усё гэта гаворыць аб надзейнай санітарыі, належным парадку і стараннасці ўюноўскіх жывёлаводаў. І сёння тут няма спецыяльнай малочнай залы, і кароў па-ранейшаму навязваюць уручную, але нараканняў на якасць прадукцыі няма. Ды і ў сярэднім ад кожнай рагулі атрымліваюць па 18 кілаграмаў малака.
– А ўсё таму, што ўсе тут акуратныя і адказныя работнікі, – зазначаюць спецыялісты гаспадаркі, – якім не патрэбен лішні кантроль і яны даражаць сваім працоўным месцам.
Гэтыя словы яны адрасуюць Лізавеце Свірыд, Кацярыне Старавойтавай, Таццяне Яроцкай і інш.
У суткі прывагі – да кілаграма
Нярэдка да іх у госці наведваецца даглядчыца буйной рагатай жывёлы Людміла Краўцова. Яна працуе разам з Мікалаем Уцьковым і Міхаілам Лапцёнкам у новых жывёлагадоўчых памяшканнях для вырошчвання бычкоў.
– Выдатныя ўмовы ўтрымання, належныя якасць і колькасць кармоў дазваляюць мець прывагі да кілаграма ў суткі, – дадае жанчына. – Жывёла закупляецца ў гаспадарках, праходзіць праз каранціннае памяшканне, што выключае паморак, а затым пасля дарошчвання адпраўляецца на мясакамбінаты альбо на далейшае дарошчванне.
Самае смачнае малако – на МТК “Казлоў Бераг”
Слаўныя традыцыі якаснай працы жывуць і кожны год множацца на малочнатварным комплексе “Казлоў Бераг”.
– Пры норме бялку ў 3 адзінкі, мы рэалізуем перапрацоўшчыкам малако, якое ўтрымлівае аж 3,29, – ганарыцца сваёй прадукцыяй брыгадзір Таццяна Драко. – Я тут на гэтай пасадзе з верасня 2019 года, але ніколі не чырванела за якасць прадукцыі. Малако наша не толькі самае карыснае, але і чыстае, і якаснае, якое прыносіць здароўе людзям. Нездарма ж з яго робяць такі смачны сыр!
Заслуга ў гэтым належыць усяму калектыву комплексу, але ў першую чаргу аператарам машыннага даення Вікторыі Яблонскай і Алене Петрушэні, якія не раз за свае працоўныя дасягненні, як і цялятніца Ала Шык, прызнаваліся лепшымі. Жанчын гэты факт ніколькі не здзіўляе, бо працаваць інакш пры такіх адносінах і павазе кіраўніцтва да чалавека працы яны ніяк не могуць.
На крок апярэджваючы час
Як бачым, гаспадарка жыве і квітнее, будуе планы і рэальна імкнецца іх ажыццявіць, выбірае для свайго развіцця як старыя, так новыя формы стымулявання людзей. Тут даўно зразумелі, што рэальна замацаваць высаклакласных спецыялістаў у аграгарадку ці вёсках гаспадаркі наўрад ці атрымаецца. Таму маюць цвёрды намер будаваць у Беразіно двухпакаёвую і аднапакаёвую кватэры за свой кошт у доме з долевым удзелам. Ідэя такога службовага жылля па сённяшніх мерках смелая, але такая своечасовая для прадпрыемства, якое імкнецца стаць высокарэнтабельным і выйсці на самаакупнасць.
* Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.