Калі абсталяванне у надзейных руках

Date 15.11.2022 Man
Comment 651
Калі абсталяванне у надзейных руках

На тэрыторыі ААТ “Мінск-Крышталь” упраўляючай кампаніі холдынга “МінскКрыштальГрупп” участку вытворчасці спірту (г. Беразіно) заўсёды лунаюць пахі, поўныя характэрных, у тым ліку зернева-хлебных адценняў. Іх пастаянная прысутнасць паведамляе дасведчанаму спецыялісту, што працэс вытворчасці ідзе ў рамках прынятых тэхналогій і пад належным кантролем.

Удзельнічаюць у працэсе звыш 90 чалавек самых розных прафесій: ад рабочых – зваршчыка і слесара – да кіраўніка. Брадзільныя чаны, датчыкі ціску і тэмпературы, многае іншае – усё тут сведчыць аб несупыннай рабоце, усё тут патрабуе ўзмоцненай увагі, адказнасці і пільнага вока. Біяхімічныя тэхналогіі – справа надзвычай сур’ёзная і жартам тут няма месца, ідзе вытворчасць спірту-сырцу.

Назірае за спраўнасцю абсталявання, тэхналагічных вузлоў і агрэгатаў вядучы інжынер-механік Яўгеній Балашэвіч.

 

Дасведчаны спецыяліст

– У нашай гаспадарцы абсталяванне дастаткова складанае, шмат брадзільных чаноў, запорнай арматуры – шаравых кранаў, вентыляў, насосаў і шмат чаго яшчэ, – дзеліцца Яўгеній Мікалаевіч. – Мае ж галоўныя абавязкі: своечасовае і якаснае абслугоўванне абсталявання, забеспячэнне бесперабойнай работы ўсіх установак, катлоў і іх рамонту, каб завод працаваў без перапынку. Бо варта спыніцца гадзін на шэсць і сапсуецца прамежны прадут вытворчасці, выхад спірту будзе меншы за разліковыя паказчыкі.

Працуе інжынер-механік на сваёй пасадзе са снежня 2014 года і за мінулы час спыненняў вытворчасці ніколі не было.

Пад яго кіраўніцтвам рамонтная брыгада, у якую ўваходзяць 3 слесары, 2 зваршчыкі і 1 токар. Усе яны – зладжаная каманда спрактыкаваных і дасведчаных прафесіяналаў, ведаюць на вытворчасці кожны кран і механізм. Калі здараецца хоць нейкая паломка, адразу праводзяць візуальны агляд і аналіз узніклай праблемы, потым – за работу. Спецыфіка вытворчасці такая, што могуць выклікаць і ў выхадны дзень, тэхніка ў такіх выпадках календару не падпарадкоўваецца. Галоўнае – выканаць задачу якасна і аператыўна.

– Калі толькі ўладкаваўся, зразумела, на першых парах было цяжкавата, – прызнаецца Яўгеній Мікалаевіч. – Бо адна справа вывучаць тэорыю, іншая – спасцігнуць яе на практыцы. Дапамагаў, навучаў на месцы, уводзіў у курс спраў майстар парасілавой гаспадаркі Уладзімір Пятровіч Радкевіч, ён мне ўсё паказаў, павадзіў па ўсіх цэхах.

 

Падабаецца

Зараз, праз столькі часу Яўгеній Балашэвіч можа і сам каго хочаш навучыць, калі ўзнікне неабходнасць. Малады чалавек не цураецца звычайнай фізічнай работы, калі раптам узнікае патрэба аператыўнага рамонту і не хапае па нейкіх прычынах людзей, уласна закасвае рукавы, надзявае пальчаткі і дапамагае рамонтнай брыгадзе, пры выпадку можа і са зваркай справіцца.

Дарэчы, герой матэрыялу сам з Беразіно, закончыў у 2009-м годзе сярэднюю школу №3, адразу паступіў у Клічаўскі аграрны каледж, атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка. Пасля заканчэння ўстановы ў 2012 годзе патрапіў на адпрацоўку на Бярэзінскі льнозавод, дзе быў загадчыкам майстэрняў і інжынерам па ахове працы. Потым паступіў на завочнае аддзяленне ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію, якую сёлета паспяхова скончыў, атрымаўшы спецыяльнасць інжынера.

– Ці шмат складанасцей на рабоце? Вядома, усюды свае нюансы, але з цягам часу ўсё асвоіў, галоўнае – працаваць цікава, – тлумачыць Яўгеній Балашэвіч. – Я і прафесію такую выбраў, бо з дзяцінства падабалася ўнікаць у работу розных механізмаў, разбірацца ў дэталях.

 

Акрамя ўсяго

Пад кіраўніцтвам інжынера-механіка яшчэ і вытворчасць выглекіслаты, у якой задзейнічаны чатыры работнікі, сярод іх і двое маладых спецыялістаў. Давялося сумяшчаць гэтыя абавязкі, адміністрацыя ў свой час заўважыла спрыт прафесіянала і прапанавала займацца таксама і гэтым накірункам вытворчасці. Дарэчы, вуглекіслата – прадукт неабходны ў самых розных галінах: ад вытворчасці піва да любых відаў зварачных работ.

Акрамя ўсяго, Яўгеній не цураецца і грамадскіх нагрузак: з’яўляецца членам добраахвотнай народнай дружыны, патрулюе горад сумесна з работнікамі міліцыі. Таксама знаходзіцца на чале добраахвотнай пажарнай дружыны на роднай вытворчасці. Дружына засвоіла пажарна-тэхнічны мінімум і гатовая да любых нечаканасцей.

 

Надзейны тыл – сям’я

Пасля работы дома чакае сям’я: каханая жонка Вольга, якая працуе ў РЦГЭ, і сын Ягор, якому 18 лістапада споўніцца 6 гадоў. Сям’я для Яўгенія – надзейны тыл, падтрымка і радасць душы. З Ягорам чытаюць разам казкі, яшчэ сын займаецца танцамі, часам і англійскай мовай. Налета ж мяркуецца – першы раз у першы клас. Бацькі думаюць павесці дзіця ў спартыўную секцыю па барацьбе, ужо зараз разважаюць над варыянтамі.

Паглядзеўшы на шчырасць і ўвішнасць Яўгенія, міжволі робіш выснову, што абсталяванне спіртзавода ў надзейных руках. Пажадаем жа на свята работнікаў сельскай гаспадаркі герою матэрыялу далейшых поспехаў і жыццёвага шчасця. 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER