Медработнік з паэтычнай натурай

Date 30.05.2023 Man
Comment 662
Медработнік  з паэтычнай натурай

Праверыць можна нервы, склад крыві,

Убачыць мозг і сэрца на рэнтгене.

А па якіх зубцах або крывых

Праверыць можна чалавечае сумленне?

Гэтыя радкі верша аднаго з класікаў беларускай паэзіі падштурхоўваюць нас да глыбокага роздуму не толькі аб сутнасці жыцця чалавека ўвогуле, а ў большай ступені асабіста кожнага з нас: якія “зубцы” або “крывыя” адлюстроўваюць вашу сутнасць? У гераіні майго расказа з сумленнем усё ў парадку, як і ў цэлым з жыццём. Не было ў ім ні крывых сцежак, ні брудных плям, якія прыводзяць да пакут. Галоўным для яе з’яўляецца служэнне людзям і дапамога ім у цяжкую хвіліну. Ды і прафесія заклікана да гэтага – медработнік.

 

Ірына Ярмоленка вось ужо 40 гадоў працуе медсястрой у Бярэзінскай райбальніцы. Будучую прафесію выбірала сама, сама ж свядома папрасілася на працу менавіта ў Беразіно, хоць пасля заканчэння другога медыцынскага вучылішча г. Мінска яе, як выдатніцу вучобы, накіроўвалі ў прэстыжны інстытут кардыялогіі. Не пагадзілася, папрасілася на сваю малую радзіму. 

Яшчэ адной важнай прычынай такога кроку было тое, што тут чакаў яе каханы яшчэ са школьных часоў Міхаіл, які,  па яго словах, расціў і чакаў яе з самага маленства.

У Міністэрстве аховы здароўя просьбу маладога спецыяліста задаволілі і адправілі старшай медсястрой інфекцыйнага аддзялення ў Беразіно. Калектыў маладое папаўненне прыняў шчыра і дружалюбна. Тагачасная загадчыца аддзялення Галіна Цэдрык не стала з вышыні свайго вопыту і ведаў павучаць новага спецыяліста, а ўвяла ў курс спраў і абавязкаў старшай медсястры і падкрэсліла, што зараз яны ўдваіх утвараюць як бы адзінае цэлае і на роўных падзяляюць поспехі і недахопы свайго невялікага калектыву. У плане ж парадку і дысцыпліны яна параіла быць патрабавальнай і справядлівай. Гэтай устаноўкі Ірына Аляксандраўна заўсёды прытрымлівался.

Працаваць у інфекцыйным аддзяленні з яго жаночым гуртом было і цікава, і няпроста, асабліва ў маральным плане. А стваралі яго пацыенты, частку з якіх дастаўлялі сюды ў неадэкватным стане пасля працяглага і празмернага ўжывання спіртнога. Нагледзецца давялося ўсякага, ды і сітуацыі здараліся надзвычайныя, нярэдка з прыцягненнем для іх вырашэння супрацоўнікаў міліцыі, якія ўціхамірвалі буянаў або вярталі ў палату чарговага ўцекача.

Сапраўднай аддушынай для жанчыны з’яўляўся яе дом. Лёс падарыў ёй у спадарожнікі жыцця чалавека спакойнага, гаспадарлівага, клапатлівага, ураўнаважанага. Яе Міхаіл па прафесіі – першакласны зваршчык, а па прызванні – цудоўны кандытар, які сваім майстэрствам не саступае жанчынам-умельцам. Можна толькі пазайздросціць таму, якія выдатныя атрымліваюцца ў яго выкананні тарты ды пірагі!

Рабоце на пасадзе старшай медсястры аддзялення Ірына Ярмоленка аддала больш за дваццаць гадоў. Не толькі як выдатны спецыяліст праявіла яна сябе за гэты час. Не засталіся незаўважанымі і яе арганізатарскія магчымасці, актыўная жыццёвая пазіцыя, здольнасць згуртаваць вакол сябе людзей. Наладзіць чарговае мерапрыемства, арганізаваць каманду сандружыны на спаборніцтвы, выступіць у хоры мастацкай самадзейнасці – усюды адчувалася прысутнасць Ірыны Аляксандраўны, яе завадатарскія схільнасці.

Жыццё наша, у тым ліку і грамадскае, не абыходзіцца без перамен, якія дыктуе нам час. Закранулі яны і калектыў інфекцыйнага аддзялення. Крыху памяняўся напрамак яго дзейнасці, скарацілася колькасць ложкаў у ім, стаў меншым і штат медработнікаў. Але выдатныя спецыялісты сваёй справы, да якіх адносіцца і наша гераіня, не аказаліся незапатрабаванымі ў райбальніцы. Так Ірына Ярмоленка трапляе ў паліклініку і пачынае працаваць у адным тандэме з цудоўным доктарам Ірэнай Гарбацэвіч. І хоць тут таксама даводзіцца мець справу з хворымі людзьмі, работа гэтая ў многім адрозніваецца ад той, ранейшай: яна больш спакойная і лягчэйшая.

У час нашай гутаркі выявілася, што Ірына Аляксандраўна захапляецца кветкамі і на сваім прысядзібным участку вырошчвае каля 50 кустоў руж. А яшчэ аказалася, што жанчына – паэтычная натура і піша вершы. А ў іх, можа крыху і недасканалых, яшчэ больш раскрываецца глыбіня душы гэтага чалавека. У доказ таму – адзін з яе твораў.

Родная вёска, дзе я нарадзілася.

Ціха да рэчкі яна прытулілася.

Леса наўкола зялёныя шаты.

Лаўка была тут калісьці ля хаты.

А на той лаўцы бабулі сядзелі,

І з-пад рукі на дарогу глядзелі.

Росны мой ранак і сцежка да рэчкі,

Пах агуркоў і садовай парэчкі…

А ва ўспамінах адбіткам нямногае.

Дзе ты, дзяцінства маё басаногае,

Дзе тая хата і дзе тая лаўка?

Маё прывітанне табе, Міраслаўка!

Ніна БУРКО.

Фота Анатоля ПАЛЫНСКАГА.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER