Чалавек, які верыць у лёс і ў Бога

Date 17.06.2023 Man
Comment 793
Чалавек, які верыць у лёс і ў Бога

Дзесяць гадоў таму назад свой 70-гадовы юбілей Мікалай Емяльянавіч, як кажуць, «спусціў на тармазах». Маўляў, навошта гэтая пампезнасць і залішняя шуміха, не па душы гэта мужчыну. Хацеў паступіць аналагічным чынам і сёлета. Ды не атрымалася: старэйшая дачка з уласцівай яе прафесіі педагога настойлівасцю давяла, што значна лепш і мудрэй сабраць усіх сваіх сваякоў на ўрачыстую дату, чым па прычыне жалобы, калі табе будзе зусім без розніцы, хто іменна правядзе цябе ў апошні шлях, бо ўбачыць гэтага не зможаш.

Так што, пакуль ёсць магчымасць і выключная нагода, жывым трэба збірацца разам і святкаваць. У выніку, на 80-годдзе слаўнага юбіляра сабралася больш за 30 чалавек – і сваякоў з усіх куточкаў Беларусі, з якімі не бачыліся гадамі, і самыя блізкія сябры, і былыя калегі. Мерапрыемства ладзілі ў кафэ, удалося яно на славу і прынесла віноўніку ўрачыстасці шмат прыемных хвілін.

Так, сёлета ў маі Мікалай Макаранка адзначыў свой 80-ы дзень нараджэння, пакінуўшы за плячыма не толькі шмат карысных спраў, а і добры след у памяці тых, з кім працаваў і перасякаўся па жыцці. А людзей такіх нямала, бо Мікалай Емяль-янавіч за час свайго знаходжання на Бярэзіншчыне, якая стала яму ўжо родным куточкам, шмат дзе паспеў «засвяціцца» як выдатны знаўца сельскай гаспадаркі. Спачатку ў якасці маладога спецыяліста – у Пагосце, затым – у Любушанах і Якшыцах, дзе займаўся інжы-нернымі справамі. А затым больш дзясятка гадоў ён кіраваў калгасам імя ХХII з’езда КПСС, цэнтр якога размяшчаўся ў в. Міхалёва. Апошнім жа пра-цоўным месцам было Беразіно, на ўскрайку якога размешчана міжгаспадарчае прадпрыемст-ва «Кастрычнік». Вось такая багатая біяграфія з геаграфічным ухілам.

Сваё жыццё Мікалай Макаранка лічыць поўным жыццевырашальных выпадковасцей, што прымушае яго задумацца пра падпарадкаванасць лёсу. Сапраўды, колькі разоў прапаноўвалі яму адказныя і перспектыўныя пасады сталіцы, але абставіны складваліся такім чынам, што прымушалі адмовіц-ца ад спакусы. З-за яго вакальных даных нават прапаноўвалі паступаць у кансерваторыю (сябрук так і зрабіў і потым уваходзіў у склад Ленінградска-га тэатра оперы і балета), ды зноў штосьці перашкодзіла. Відаць, было наканавана ад роду быць аграрыем на Бярэзін-шчыне і без варыянтаў. Дарэчы, і ў нашых мясцінах аказаўся ён не проста так. Аказваецца, яшчэ ў далёкім 1941-м годзе яго бацька пры адступленні войскаў Чырвонай Арміі быў паранены на тэрыторыі Бярэ-зіншчыны і яго выхаджвала жыхарка вёскі Паплавы.

Сапраўды, пасля такіх супадзенняў міжвольна пачынаеш верыць у хітрыкі лёсу. А яшчэ Мікалай Емяльянавіч верыць у Бога. З маленства вера перадалася яму ад старэйшых членаў сям’і. І нават у час пагалоўнага атэізму ён не здраджваў свайму светапогляду і не замоўчваў яго. Тым не менш, гэта не адбілася адмоўна на яго жыцці і кар’еры, а толькі спрыяла чалавечым узаемаадносінам і павазе да людзей.

Нягледзячы на паважаны ўзрост і істотныя праблемы са здароўем, Мікалай Макаранка па-ранейшаму вядзе актыўны лад жыцця: ва ўласным доме і на яго падворку спраў хапае аж да позняй восені. Вось толькі сёлета, абураецца ён, з-за адсутнасці дажджоў віды на ўраджай пакуль не вельмі, нягледзячы на пастаяннае паліванне раслін.

Быць у тонусе дапамагае Мікалаю Емяльянавічу не толькі праца па доме і вакол яго (вядома, дзеці тут заўсёды вялікія памочнікі, таксама жыхары Беразіно), а яшчэ і заняткі фізкультурай, якой займаецца штодзень раніцай і надвячоркам.

Вольны час Мікалай Макаранка любіць праводзіць за праглядам тэлеперадач. Але большую перавагу аддае чытанню кніг. Не, гаворыць ён, не традыцыйнай класікі, а ў большай ступені прыгодніцкіх раманаў, якія не загружаюць мазгі, нацэлены на адпачынак.

Сярод «чытва» абавязковай у спісе і раённая газета. З ёй Мікалай Емяльянавіч знаёмы яшчэ з часоў «Сцяга Леніна», асабіста ведае многіх супрацоўнікаў рэдакцыі. Пра яго, як спецыяліста і кіраўніка гаспадаркі, пра дзейнасць падначаленага яму калектыву газета часта пісала. Некаторыя з нумароў гаспадар беражліва захоўвае да гэтага часу. Выданне падабаецца сваім зместам і асвятленнем жыцця Бярэзіншчыны, тут сустракаецца шмат знаёмых твараў і прозвішчаў, гэта істотная крыніца для таго, каб быць пастаянна ў курсе спраў, што адбываюцца ў раёне. Як пажаданне прагучалі словы аб тым, каб раёнка больш пісала пра людзей, іх працу, захапленні, дасягненні, лёсы. Кожны такі матэрыял будзе цікавым і непаўторным, як і само жыццё кожнага з нас.

 

Пачуўшы аб тым, што распачата падпіска на другое паўгоддзе, Мікалай Емяльянавіч стаў прыкідваць свой «рабочы графік», каб знайсці ў ім магчымасць наведаць аддзяленне паштовай сувязі і аформіць падпіску на раёнку.

Дарэчы, у сераду, 21 чэрвеня, у Бярэзінскім аддзяленні паштовай сувязі з 11.00 да 13.00 будзе праводзіцца Дзень падпісчыка! Пры падпісцы адразу на 3 месяцы або паўгоддзе – вас чакаюць сюрпрызы! Запрашаем, паважаныя чытачы, заставайцеся з намі! 

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER