І на сяўбе, і на касавіцы

Date 06.06.2022 Man
Comment 913
І на сяўбе, і на касавіцы

Гаспадаркі раёна ўключыліся ў нарыхтоўку кармоў з траў першага ўкосу. Па інфармацыі райсельгасхарчу па стане на 6 чэрвеня іх ужо скошана 3574 гектары з запланаваных 14038.

У большай ступені аграрыі нарыхтоўваюць зараз сянаж, якога закладзена 139838 тон. Найбольшы яго аб’ём належыць ААТ “Пагосцкі”, які, дарэчы, першым уключыўся ў гэтую адказную сельгаскампанію. Тут на названую дату было закладзена 5350 тон сенажу. Больш чым па дзве тысячы тон масы назапашана ў УП “АграМАЗ” і ААТ “Першамайскі”. Істотны задзел зрабілі таксама корманарыхтоўшчыкі ААТ “Багушэвічы” і “Брадзец”. А вось работнікі сельгасфіліяла “Ома” нарыхтоўку кармоў распачалі з закладкі сіласа. Яго закладзена амаль дзве тысячы тон. Такім чынам, ужо зараз у гаспадарках раёна назапашана па 2,81 цэнтнера кармавой адзінкі на ўмоўную галаву жывёлы і зроблены задзел для трывалай кармавой базы на наступную зімоўку грамадскага пагалоўя.

Старанна рупяцца гэтымі днямі механізатары: выкашваюць травы, здрабняюць іх, адвозяць з палеткаў. Хапае спраў і на сіласна-сянажных траншэях, дзе вядзецца закладка правяленай масы. Тут добра разумеюць, што ад захавання тэхналогіі выканання гэтай справы, у тым ліку і тэрмінаў закрыцця гатовай траншэі, у многім залежыць якасць захавання кармоў і іх наступная аддача.

Сярод удзельнікаў касавіцы вядомы ў сельгасфіліяле “Здравушка-агра” механізатар Генадзь Ізнік. Яшчэ не так даўно ён быў заняты на веснавых палявых работах і на сваім магутным МТЗ-3522 займаўся ўзорваннем і падрыхтоўкай глебы. Сёння яго трактар-волат таксама не стаіць без справы, а сам механізатар, не ведаючы прастояў, займаецца ўборкай траў.

Задзейнічаны на касавіцы і былыя актыўныя ўдзельнікі яравой пасяўной з ААТ “Першамайскі” Мікалай Жукоўскі і малады прадстаўнік механізатарскай справы Ігар Абмётка. Вясной яны задавалі тон на такіх работах, як узорванне і ўнясенне арганічных угнаенняў, а сёння раз-пораз дастаўляюць правяленую масу да месца яе закладкі. Тут жа, на полі, непадалёк ад в. Смалярня, сустрэлі мы і яшчэ аднаго перадавіка пасяўной – Валянціна Прыгоцкага. Увесну ён быў заняты на сяўбе, а сёння таксама шчыруе на апрацоўцы глебы.

- Як бачыце, - тлумачыць мужчына, - на гэтым полі ўборка травы ідзе да завяршэння. А для таго, каб зямля не пуставала, тут неўзабаве пасеюць проса – таксама каштоўную культуру. Вось мне і даверылі займацца падрыхтоўкай глебы на гэтым участку.

Так, нарыхтоўка кармоў у раёне набірае ўсё большы размах, вядзецца планава і комплексна, з задзейнічаннем самых адказных і лепшых спецыялістаў сваёй справы, якія выдатна праявілі сябе і на папярэдняй сельгаскампаніі. Дарэчы, многія з механізатараў, якія былі задзейнічаны на сяўбе яравых культур, па выніках сезона адзначаны каштоўнымі падарункамі. У іх ліку ўжо названыя асобы, а таксама Іван Путрык і Уладзімір Лагоўскі з унітарнага прадпрыемства “Здравушка-агра”, якія паспяхова выконвалі свае заданні на сяўбе і ўнясенні ўгнаенняў. У ліку прызёраў таксама і тры механізатары ААТ “Уша” – Аляксандр Матусевіч і Міхаіл Манкевіч (яны займаліся ўнясеннем угнаенняў), а таксама Аляксандр Хомчанка, які вызначыўся на падрыхтоўцы глебы і сяўбе.

Гэтымі днямі старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч сустрэлася з пералічанымі працаўнікамі, уручыла ім падарункі, падзякавала кожнага за іх намаганні і пажадала новых поспехаў на сельскагаспадарчай ніве.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « Са святам, меліяратары! Калі працаваць, то якасна »