Калі працаваць, то якасна

Date 08.06.2022 Man
Comment 954
Калі працаваць, то якасна

З пачаткам вясны работа на палетках не прыпыняецца ні на дзень да самай позняй восені. Земляробам хапае спраў – оолькі паспявай упраўляцца. Вось і Мікалай Буры з унітарнага прадпрыемства “АграМАЗ” як вывеў свой энерганасычаны МТЗ з пачаткам веснавой сяўбы, так і застанецца пастаянным удзельнікам наступных масавых сельскагаспадарчых кампаній.

У час сяўбы мужчына паспеў паказаць сваё майстэрства не толькі на ворыве глебы, але і на яе культывацыі, за што і быў днмяі адзначаны як адзін з лепшых механізатараў сельгаспрадпрыемства падарункам ад райкама прафсаюза раотнікаў АПК.

Механізатара мы засталі на машынным двары ў вёсцы Васілеўшчына за тэхнічным аглядам трактара. На гэты раз абсталяваны ён вялікай 9-мятровай касой, бо наспела гарачая пара корманарыхтоўкі. Як жа тут застанешся ўбаку ад справы?

- Сёння на Васілеўшчыне я першы дзень, - расказвае М. Буры. – Касіў з раніцы траву, зараз яна, перш чым трапіць у сіласна-снажную траншэю, правяльваецца. Да гэтага мы ўжо заклалі дзве траншэі ва Ўюноўцы. Стараемся, каб як і ў мінулыя гады, наша жывёла мела на зімоўку ўдосталь кармоў.

Як расказаў механізатар, акрамя яго касьбой заняты яшчэ двое спецыялістаў. На падборцы гатовай масы задзейнічаны тры корманарыхтоўчыя камбайны. Хапае тэхнікі і для бесперабойнай яе дастаўкі на закладку ў траншэі. Убіраюць у асноўным такія травы, як люцэрна, цімафееўка і канюшына. Сам  Мікалай Мікалаевіч за дзень спраўляецца скасіць да 60-70 гектараў.  Вось што значыць майстэрства!

Яшчэ на адным полі гаспадаркі, непадалёк ад в. Несцяроўка, знаходзім чарговага лідара вясенняй сяўбы - Мікалая Трафімчыка. У тую напружаню пару ён забяспечваў палеткі ўгнаеннямі – як мінеральнымі, так і арганічнымі. Сёння механізатар на сваім МТЗ-1221 заняты папаўненнем кармавой базы гаспадаркі.

- Для таго, каб атрымаць найбольшы запас кармоў, - расказвае Мікалай Елісеевіч, - мы не даём прастайваць палеткам. Вось тут яшчэ нядаўна касілі травы, а сёння я засяваю вызвалены і падрыхтаваны ўчастак насеннем пад яшчэ адзін іх ураджай. Зямля павінна працаваць і даваць максімальную аддачу. Плошча тут невялікая – парадка 20 гектараў. Затым перайду на другое поле, трэцяе… А неўзабаве да майго трактара падчэпяць прэс – стану прасаваць сена, нарыхтоўваць кармы ў палімернай упакоўцы. Хопіць спраў яшчэ надоўга.

Так, умелыя і працавітыя работнікі запатрабаваны заўсёды. Ім давяраюць самыя адказныя і важнейшыя ўчасткі, бо вераць у іх адказнасць і тое, што пастаўленыя задачы будцуць выкананы не толькі своечасова, а і якасна.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
Другие материалы в этой категории: « І на сяўбе, і на касавіцы Адданыя роднай зямлі »