У ААТ “Багушэвічы” ідзе касавіца

Date 17.06.2022 Man
Comment 306
У ААТ “Багушэвічы” ідзе касавіца

Першы ўкос траў набірае тэмп у гаспадарках раёна. Аграрыі даўно ведаюць пра значнасць гэтай сельскагаспадарчай кампаніі, якая пры захаванні тэхналагічных патрабаванняў абяцае не толькі пэўны прырост малочнай прадукцыі, але і карысны курс аздараўлення ўсяго грамадскага пагалоўя.

Лічбы і факты

Па стане на 15 чэрвеня пры плане ў 14038 гектараў ўжо скошана 8583 гектары сенажацей, што складае 62%. Убрана значная частка скошанага, бо на палетках задзейнічаны 16 касілак, у тым ліку 10 шырынёй захвату больш за 8 метраў. Ужо назапашана 15% ад запланаванага сена альбо 874 тоны, 35% ад запланаванага сенажу альбо 37561 тона, у тым ліку 1505 – у палімернай плёнцы. Назапашана пры плане ў 75541 тону кармавых адзінак ужо 11286 тон кармоў. Маецца з каштоўных траў першага ўкосу па 5,9 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Гэта лічба пакуль крыху саступае мінулагодняму паказчыку, хаця плошчы пад кармавыя ўгоддзі павялічыліся.

Віной усяму – халодная вясна

Належныя тэмпы касавіцы і яе якасць традыцыйна дэманструюць гаспадаркі, якія задаюць тон у нарошчванні малочнай вытворчасці, – філіялы “Ома”, “АграМАЗ”, “Арэшкавічы”. Яны ў гэтыя чэрвеньскія дні надойваюць ад 19 да 24 кілаграмаў малака ад каровы. Важкія надоі прымушаюць мясцовых механізатараў асабліва шчыльна падыходзіць да пытанняў назапашвання і якасці кармоў. Аднак і яны пакуль не могуць пахваліцца належнай колькасцю кармоў з траў першага ўкосу. Віной усяму спецыялісты называюць зацяжныя майскія дажджы і нязвыкла халоднае надвор’е, якія не дазволілі травам паспець і набраць неабходную масу.

Стаўка на бялок

На вытворчым участку ў вёсцы Матылянка побач з малочнатаварным комплексам механізатары ААТ “Багушэвічы” закладвалі сянажную яміну. Пільна за ходам трамбоўкі сачыў галоўны аграном гаспадаркі Іван Тарасеня. Яго мы засталі з віламі, калі ён утрамбоўваў яміну саломай.

– Кормаўборачны канвеер разгарнулі аператыўна, – тлумачыць галоўны аграном. – Малочны статак мы сёлета давялі да 1105 галоў, але пакуль важкімі надоямі пахваліцца не можам. Па пэўных прычынах сярэднясутачны надой скараціўся больш чым на тры кілаграмы і цяпер складае амаль 9 кілаграмаў. Мірыцца з такім ходам "малочных" спраў намеру не маем і ўсе сілы кінулі на нарыхтоўку багатых бялком травяністых траў. Дзеля гэтага стаўку зрабілі на люцэрну, райграс і канюшыну.

У запасе чвэрць кармоў

Першым укосам траў плануецца прыбраць 820 гектараў сенажацей і закласці не менш за 10 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. Штодзень скошваецца па 70 гектараў палеткаў, а ўбіраецца 55. Задзейнічана на корманарыхтоўцы практычна ўся сельскагаспадарчая тэхніка. Назапашаны ўжо 21% ад запланаванага сена альбо 123 тоны, пры плане ў 9000 тысяч тон сенажу закладзена 4260 тон. Гэта 61% ад запланаванага.

– У выніку мы ўжо маем з траў першага ўкосу чвэрць запланаваных кармоў, – падкрэслівае спецыяліст, – але нарыхтоўка траў працягваецца.Таму мяркуем яшчэ павялічыць запас кармоў.

Тэрміны ўсе змясціліся

 

Непадалёк ад фермы на КВК-800 працуе Валянцін Корзун. Гэта адзін з самых вопытных і адказных багушэвіцкіх механізатараў. Ён на сваім новым агрэгаце спраўна здрабняе правяленую зялёную масу канюшыны. Настрой у яго бадзёры і рашучы.

– Упэўнены: мы будзем з кармамі, – гаворыць мужчына. – Лета паступова ўступае ў свае правы, травы, хоць са спазненнем, паспяваюць і набіраюць патрэбныя сокі. Таму і механізатарам варта адысці ад звычайных тэрмінаў скошвання траў. Нічога дрэннага ў гэтым не бачу, наадварот, травы нальюцца і парадуюць багатай масай.

Меркаванне Валянціна Корзуна падзяляюць усе багушэвіцкія корманарыхтоўшчыкі. Механізатары Юрый Антаневіч і Мікалай Федаровіч задзейнічаны на «зялёным жніве» на трамбоўцы сянажнай масы. Ужо не першы год яны рупяцца на сельскай ніве. Работнікі, як заўсёды, ветлівыя і ў добрым настроі. Яны настроены на аператыўнасць у працы.

Зрабіць трэба ўсё магчымае

Як падкрэсліваюць механізатары, халодная вясна адбілася на ўраджайнасці траў. Але зараз аграрыяў больш хвалююць зацяжныя дажджы, якія прыпыняюць працэс уборкі. Пры позняй уборцы пажыўныя ўласцівасці кармавых траў прыкметна пагаршаюцца. Таму кожную пагодлівую хвіліну вяскоўцы выкарыстоўваюць па максімуме. Галоўная задача – прыбраць травы ў аптымальны тэрмін, каб атрымаць якасныя кармы.

Таму і гатовы багушэвіцкія корманарыхтоўшчыкі шчыраваць да самага заходу сонца.

Мілана ТРАПЯНОК.

Фота Юліі БУКЕЛЬ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER