І хоць некаторыя ўчасткі збажыны тут аказаліся палеглымі і пакручанымі ветрам, аптымізм у членаў экіпажа па-ранейшаму прысутнічае. Яны нацэлены на работу, і калі ў ёй іншы раз здараюцца цяжкасці, гэта толькі загартоўвае. Галоўнае, каб не падводзіў камбайн. А ён працуе спраўна: як-ніяк, а сваімі рукамі перабіралі яго і рыхтавалі да работы, таму падвесці не павінен.
На палетак мы прыбылі якраз у той момант, калі залацістае збожжа пералівалася з камбайна ў кузаў магутнага “МАЗа”. Кінулася ў вочы, што нумар на ім – “мінскі”.
- Усё правільна, - пацвярджае вадзіцель Дзмітрый Картуль, - на Бярэзіншчыну я прыбыў з прадпрыемства “Рэмаўтадор”, што знаходзіцца ў сталічным Заводскім раёне. Транспарт наш штогод удельнічае ў жніве ў тым ці іншым раёне. Мне камандзіроўка выпала ў гэтую гаспадарку. У вашым рэгіёне я не першы раз, працаваў у Марціянаўцы, Новінах, Высокай Гары. Прыёмам, разяшчэннем, харчаваннем і умовамі працы задаволены. Працаваць тут буду апошняга каласка!
Тут жа, на ўзбочыне палетка, знаходзіцца і дзяжурны пажарны аўтамабіль бярэзінскіх выратавальнікаў. Малодшы сяржант унутранай службы Пётр Шкатула, які нёс у гэты час дзяжурства, далажыў, што на яго рабочым месцы абстаноўка спакойная, ніякіх надзвычайных сітуацый не ўзнікала. Але ж калі яго ўмяшальніцтва будзе запатрабавана, ён не разгубіцца і будзе дзейнічаць аператыўна і ў адпаведнасці з узнікшай сітуацыяй. Няхай іх лепш не будзе! Тым боль, што ўбіраць у гаспадарцы застаецца яшчэ палова запланаваных плошчаў.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота аўтара.