А працуе тут усяго чатыры чалавекі

Date 03.02.2023 Man
Comment 1282
А працуе тут усяго чатыры чалавекі

Асноўным жывёлагадоўчым аб’ектам адкрытага акцыянернага таварыства “Першамайскі” з’яўляецца малочнатаварны комплекс “Мікулічы”, дзе ўтрымліваецца асноўнае пагалоўе, для якога ствараюцца належныя ўмовы.

Яшчэ адна ферма гаспадаркі размешчана ў в. Лагі. Займаюцца тут выключна адкормам буйной рагатай жывёлы. Не так даўно, літаральна ў студзені, калектыў узначаліў новы кіраўнік Таццяна  Жалезная. Як расказвае жанчына, у жывёлагадоўлі яна не навічок, раней таксама даводзілася займаць аналагічную пасаду.

– Было гэта, праўда, яшчэ падчас перабудовы. За мінулыя гады шмат чаго змянілася ў галіне ў лепшы бок, – распавядае яна, – як у плане ўтрымання жывёлы, так і ствараемых умоў для работнікаў. Думаю, што разам з калектывам нам удасца істотна павялічыць вытворчыя паказчыкі і наладзіць належны парадак на самой ферме. Менавіта гэтыя задачы лічу першачарговымі ў сваёй рабоце. Мне тут падабаецца, асабліва людзі, з якімі давядзецца працаваць. Яны працавітыя, шчырыя, прынялі мяне і ва ўсім дапамагаюць.

Таццяна Пятроўна на Бярэзіншчыну пераехала з Брэсцкай вобласці разам з мужам, каб быць бліжэй да малодшай дачкі, яна ў “Першамайскім” працуе галоўным ветурачом і мае маленькае дзіцятка, дапамагаць гадаваць якое і ўзяліся бабуля з дзядулем.

Галоўны цяжар работы на лагаўской ферме, як і самі вытворчыя паказчыкі прыбаўленняў у вазе, – клопат даглядчыкаў Наталлі Бабровік і Пятра Бубенькі. Разам яны не толькі на працы, бо з’яўляюцца яшчэ і сямейнай парай.

– Так што абавязкі не дзелім на мужчынскія і жаночыя не толькі дома, а і тут, – усміхаецца Наталля Анатольеўна. – Добра ўпісваецца ў наш калектыў і вартаўнік Уладзімір Рослік. Вось і ўся наша каманда. Спраў хапае. Пакуль што ў гэтыя месяцы паказчыкі не вельмі высокія, хоць жывёла не адчувае ніякага дэфіцыту ў кармах, хапае і камбікармоў. Ведаю па мінулых гадах, што з завяршэннем зімовага перыяду прывагі стануць расці. Так што аптымізму не губляем і на працу заўсёды ідзём з добрым настроем. Спадзяёмся і на тое, што наш новы брыгадзір таксама паспрыяе росту паказчыкаў.

(На фота: муж і жонка Наталля Бабровік і Пётр Бубенька і кіраўнік калектыва Таццяна Жалезная)

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER