Зараз жа частка мяркуемых на год работ адлюстроўваецца ў даведзеным вышэйстаячай арганізацыяй бізнес-плане, а частку кіраўніцтва ПМС па-ранейшаму выяўляе самастойна.
І такіх аб’ёмаў сёлета ў меліяратараў дастаткова на цэлы год. Па-першае, гэта работы па доглядзе меліярацыйных сетак. Па-другое, два аб’екты на тэрыторыі Бярэзіншчыны: правядзенне культуртэхнічных работ у раёне населеных пунктаў Мацевічы і Багушэвічы. Рэканструкцыя аднаго з аб’ектаў ажыццяўляецца ў Лагойскім раёне. Яго здача намечана на жнівень. У лістападзе надыдзе час здаваць аналагічны аб’ект на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна, тады ж павінны завяршыцца работы і на Крупшчыне (да работ на ім прадпрыемства толькі прыступае). Будуць працаваць бярэзінцы і ў Пухавіцкім раёне. Праўда, выконваць ім там давядзецца не меліярацыйныя работы, а займацца торфараспрацоўкай ўчастка. Гэты варыянт у ПМС разглядаюць як добры дадатковы заробак і папаўненне ўласнай казны.
А неабходнсць такая тут ёсць. Мяркуйце самі: па словах дырэктара ПМС Мікалая Куксёнка, за апошні год прадпрыемства прыкладна на 80% памяняла свой аўтатрактарны парк. Тут набылі легкавыя аўтамабілі, Газелі, аўтобусы, 3 бульдозеры, па 2 экскаватары і энерганасычаныя трактары МТЗ, папоўніліся і МАЗамі. За набытую тэхніку неабходна своечасова разлічыцца. У планах Мікалая Валер’евіча прыдбаць і такі дэфіцытны агрэгат, як шматкаўшовы дрэнажны экскаватар. На сённяшні дзень ён толькі адзін на тры раёны (наш, Барысаўскі і Крупскі), а таму і вельмі запатрабаваны, і пры граматнай эксплуатацыі прыносіць за месяц каля ста тысяч рублёў.
Дапамагае павялічыць аб’ёмы выконваемых работ рэарганізацыя графіка работы асноўных відаў тэхнікі. Зараз за кожнай з іх замацавана па два чалавекі, якія працуюць у графіку 2 цераз 2 дні па 12 гадзін.
Выпрацоўка істотна павялічылася. Акрамя таго, гэта дало магчымасць папоўніць калектыў. І калі на пачатку года ён складаў 55 чалавек, то зараз налічвае ўжо 62. Прадпрыемству да таго ж патрабуюцца майстар участка, механізатары на абкоску меліярацыйных каналаў. Набыць навыкі выконваць спецыфічную работу тут вучаць. Ды і зарплата ў калектыве даволі някепская. У сярэднім па прадпрыемстве яна складае 1529 рублёў, амаль на трэць вырасла да аналагічнага леташняга перыяду.
Істотна палепшыліся і іншыя паказчыкі работы ПМС. Назавём асноўныя з іх (па чатырох месяцах сёлетняга і мінулага гадоў). Так, выручка ад рэалізацыі тавараў і выкананых паслуг на аднаго работніка (з падаткамі) склала 23,7 тысячы рублёў супраць леташніх 9,9 тысяч. У цэлым па прадпрыемстве аб’ём выкананых работ узрос з 523 да 1394 тысяч рублёў. Пры гэтым удзельная вага зарплаты ў аб’ёме выкананых работ скарацілася з 44,6 да 29,3 працэнта, а прадукцыйнасць працы ўзрасла з 9,9 да 23,7 тысячы рублёў. І яшчэ што немалаважна: пры мінулагодніх адмоўных паказчыках сёлета дасягнуты чысты прыбытак у 133 тысячы рублёў, а рэнтабельнасць дасягнула 20,6 працэнта. Істотна за апошні час скарацілася па прадпрыемстве і запазычанасць па падатках, якая сёння складае каля 60 тысяч.
Па словах Мікалая Куксёнка, пад яго пачаткам сабраўся дружны і адказны калектыў аднадумцаў, дзе кожны на сваім месцы выконвае даведзеныя яму заданні. Таму вызначаць кагосьці асобна – няма магчымасці. Але, тым не менш, не змог не ўзгадаць ветэранаў галіны. Сярод іх цяперашні камендант інтэрната Ганна Навумава, якая ўсё жыццё да гэтага працавала на розных адказных пасадах, і зараз, будучы пенсіянеркай, таксама знаходзіцца ў страі. У ліку іншых спецыялістаў, якія працуюць не адзін год, бульдазерысты Анатоль Вяргейчык і Уладзімір Камінскі, экскаватаршчыкі Раман Маркоўскі і Ігар Касця-невіч, механізатары, занятыя абкоскай каналаў – Уладзімір Кероль і Уладзімір Фурс. У ліку маладога папаўнення вызначаюцца Вячаслаў Стульба, Павел Папкоў і Аляксандр Стасевіч. Выдатным спецыялістам праявіў сябе і Андрэй Даўгучыц, які ў свой час выпускніком ВНУ прыйшоў у ПМС і за час сваёй работы дарос да пасады галоўнага інжынера ПМС.
Так у прадпрыемства ёсць станоўчыя напрацоўкі, станоўчыя зрухі, ёсць і перспектыва папаўнення маладой зменай. І хаця работа ў сістэме меліярацыі не з самых лёгкіх, яна вельмі ўдзячная і карысная, бо вяртае да эфектыўнай аддачы землі, на якіх аграрнікі пры граматным іх выкарыстанні могуць атрымліваць высокія ўраджаі.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.