Паўсюдна ўстанаўліваюць і зарадныя станцыі для электрамабіляў. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў – і такім відам транспарту ўжо нікога не здзівіш: папулярнасць яго расце як ва ўсім свеце, так і ў нашай краіне. За такімі аўтамабілямі будучыня. І гэтую будучыню, эканамічна выгадную і экалагічна бясшкодную, ствараюць і нашы аўтамабілебудаўнікі.
Падчас наведвання СЗАТ «БЕЛДЖЫ» Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку паведамілі аб выніках работы Нацыянальнай акадэміі навук і Міністэрства прамысловасці па распрацоўцы і стварэнні электрамабіля на базе платформы аўтамабіля «БЕЛДЖЫ», а таксама прадэманстравалі ўзоры новай тэхнікі.
Кіраўнік дзяржавы зрабіў акцэнт на тэрмінах запуску вытворчасці айчыннага электрамабіля, падкрэсліўшы, што часу на раскачку няма і трэба варушыцца, пакуль у свеце трэнд на такія машыны і попыт на іх расце. Пастаўлена задача да 1 студзеня 2025 года падысці да серыйнай вытворчасці электрамабіля. Дарэчы, айчынны электрамабіль створаць на базе беларускага BELGEE X50. Ужо сёлета будзе выпушчана вопытна-прамысловая партыя электракараў BELGEE - E X50 і яны пройдуць выпрабаванні.
Беларускі электратранспарт ужо зараз карыстаецца на рынку вялікім попытам. На дарогах сталіцы з кожным годам прыкметна расце колькасць электробусаў і тралейбусаў з аўтаномным ходам. Усё гэта беларускай вытворчасці. Даганяюць сталіцу і рэгіёны. У краіне рэалізуюцца два пілотныя праекты па пераводзе пасажырскага транспарту на электратранспарт у Жодзіне і Шклоўскім раёне з развіццём адпаведнай інфраструктуры. Гэтаму садзейнічае ўвядзенне ў работу другога энергаблока Беларускай АЭС. Заканчэнне рэалізацыі праектаў і пастаўка электратранспарту плануецца ў 1-м квартале 2024 года. Такім чынам будзе ажыццяўляцца паэтапнае нарошчванне выкарыстання электрычнай энергіі ў пасажырскіх перавозках, зніжэнне ўзроўню забруджвання паветра, адпрацоўка на практыцы існуючых у краіне кампетэнцый у вытворчасці электратранспарту і зарадных станцый.
Аднак новы аўтамабіль – не адзіная мадэль электратранспарту, які выпускаецца на прадпрыемствах Мінпрама і Нацыянальнай акадэміі навук. З узорамі такіх мадэляў азнаёмілі Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку. Сярод навінак – першы вопытны ўзор сядзельнага цягача MAZ X (аўто, аснашчанае дызельным рухавіком і двума электрарухавікамі з запасам ходу ў 3 тысячы кіламетраў), еўразійскі электробус мадэлі Е321 (ступень яго лакалізацыі — 80 працэнтаў). На выставе таксама прадстаўлены 130-тонны БЕЛАЗ 7513М2, які працуе на вадародзе, 90-тонны электрасамазвал БЕЛАЗ 7558Е на ліційіонных акумулятарных батарэях.
Кіраўнік дзяржавы не раз падкрэсліваў, што развіццё электратранспарту – гэта не даніна модзе, а неабходнасць, бо яго выкарыстанне вырашае адразу некалькі праблем, звязаных і з уплывам на навакольнае асяроддзе, і са спажываннем энергарэсурсаў.
Юлiя БУКЕЛЬ.