Наступіла зіма, будзьце асцярожнымі!

Date 07.12.2021 Man
Comment 461
Наступіла зіма, будзьце асцярожнымі!

З надыходам халадоў, першага снегу і абледзянення на дарогах, узнікла рызыка падзенняў, атрымання так званых галалёдных траўм. Так, літаральна крыху больш як за тыдзень па рэспубліцы зарэгістравана каля 300 зваротаў грамадзян з такімі траўмамі ў лячэбныя ўстановы краіны.

У чым крыецца небяспека галалёду, і як яе пазбегнуць? За каментарыем звярнуліся да ўрача-траўматолага Бярэзінскай ЦРБ Уладзіміра САВАСЦЕЕНКА.

– Зімняя пара – гэта час узмоцненага траўматызму. Прычынамі служаць галалёдзіца, ранняе наступленне цемнаты, скользкі абутак. У ліку найбольш частых пашкоджанняў – удары, вывіхі, пералом касцей канечнасцяў, часам чэрапна-мазгавыя траўмы.

Бываюць пашкоджанні пазваночніка і пераломы таза. Звяртаюцца з падобнымі траўмамі ў асноўным людзі працаздольнага ўзросту, аднак бяда можа здарыцца і з пажылым, састарэлым чалавекам.

Найбольш часта ламаецца прамянёвая косць: калі чалавек падае, то няправільна інстыктыўна вытыркае руку ці нагу. Таксама сустракаюцца пераломы ладыжак, ключыцы, удары плечавой касці, пашкоджанне звязачных апаратаў голені, каленнага сустава.

Бывае, пацыент несвоечасова звяртаецца за дапамогай. Напрыклад, атрымаў траўму, махнуў рукою – “само зажыве”, а потым пачынаюцца ацёк і праблемы.

Правакуюць падобныя траўмы таксама абутак на высокім абцасе або нязручнае аддзенне. Напрыклад, быў выпадак, калі жанчына выходзіла з аўтобуса, зачапілася за доўгае паліто нагой і ўпала на бардзюр, зламала нагу.

Зазначу, здараецца, што чалавек, які атрымаў траўму, знаходзіўся ў нецвярозым стане.

Рэкамендацыі

Падрыхтуйце зручны абутак, без высокіх абцасаў, з рыфлёнай падэшвай. Можна да падэшвы прыляпіць палоску наждачнай паперы або звычайны пластыр.

Не спяшайцеся на вуліцы. Бо здараецца, чалавек пачынае хутка крочыць, не прыкмячае лёду пад снегам, падслізгваецца і падае. Напрыклад, летась быў у раёне выпадак, калі на працягу паловы гадзіны на замерзлай лужыне па вуліцы Савецкай тры чалавекі, адзін за другім, падслізнуліся і ўпалі: двое атрымалі пералом рабрыны, адзін пералом ладыжкі. Нядаўна чалавек даганяў аўтобус, не дагнаў, зламаў руку. Усё гэта вынік спешкі.

Абміноўвайце небяспечныя ўчасткі. Асабліва тыя, дзе зверху звісаюць сасулькі, якія могуць адарвацца і нанесці траўму. Пры выхадзе з грамадскага транспарту або дзе маецца спуск, важна трымацца за поручні і пярылы, або папрасіць чалавека побач падаць руку.

Глядзіце ўважліва пад ногі.

Асобна хочацца сказаць: не ездзіце на веласіпедах зімою! Было пару выпадкаў, калі чалавек падаў і атрымліваў пералом бядра літаральна на роўным месцы.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER