Нас уратуе толькі вакцынацыя!

Date 04.02.2022 Man
Comment 1043
Нас уратуе толькі вакцынацыя!

Новая хваля каранавіруснай інфекцыі нарошчвае моц. Як складваецца сітуацыя ў Бярэзінскім раёне?

На гэтую тэму мы размаўляем з намеснікам галоўнага ўрача Бярэзінскай ЦРБ Таццянай ЕРМАКОВАЙ.

– Новы штам каранавірусу “амікрон” набірае абароты. Колькасць захварэўшых COVID-19 пацыентаў з кожным днём павялічваецца.

Рост захворванняў у адносінах да мінулага тыдня – на 170%.

– Што характэрна для “амікрона”?

– Захворванне ім працякае ў лёгкай форме, але кранае большую частку насельніцтва. Іншымі словамі: “амікрон” высока кантагіёзны. Яшчэ важная асаблівасць штама: вялікая колькасць захварэўшых дзяцей. У нас пачала функцыянаваць “чырвоная зона” не толькі для дарослага насельніцтва, але і для дзяцей, у тым жа самым корпусе выдзелены асобны кабінет для прыёму дзетак з тэмпературай, у агульную катэгорыю пацыентаў на першым паверсе паліклінікі яны ўжо не трапляюць.

Хачу яшчэ звярнуць увагу, што з 31 студзеня ўступіў у сілу новы загад Міністэрства аховы здароўя, які дазваляе выстаўляць дыягназ “каранавірусная інфекцыя” толькі па клінічных прыкметах. Таксама дадаткова можа быць рэнтгеналагічнае пацвярджэнне.

Аднак мы абавязкова будзем рабіць тэсты пацыентам, якія накіроўваюцца на шпіталізацыю пры хранічнай і вострай паталогіі, не звязанай з кавідам, калі мы ўбачым у іх на рэнтгенаграме пнеўманію.

– Якія яны – клінічныя сімптомы “амікрона”?

– Гэта стандартныя сімптомы рэспіраторнай інфекцыі: боль у горле, насмарк, кашаль, тэмпература, дрыжыкі, слабасць. Асобных характэрных толькі “амікрону” прыкмет няма. З “амікронам” можна пераблытаць звычайную прастуду.

– Шмат звяртаюцца да ўрача з апісанымі сімптомамі?

– У “чырвонай зоне” зараз працуюць 3 урачы. На кожнага даводзіцца каля 60 пацыентаў за дзень. Акрамя таго, яшчэ 2 урачы задзейнічаны на выкліках на дом.

– Раскажыце пра эфектыўнасць сённяшніх вакцын супраць новага штама.

– Вакцына эфектыўна пры любой каранавіруснай інфекцыі. Дарэчы, па дадзеных расійскага і замежнага спецыялізаванага друку найбольш добры вынік супраць “амікрона” паказала вакцына “Спутник-лайт”. Прымяненне дадзенай вакцыны мае найбольшы эфект. Яна аднакампанентная, не выклікае пабочных рэакцый. У нас дадзеная вакцына ў дастатковай колькасці.

– Можна сказаць, што дзеці зараз у групе павышанай рызыкі?

– Менавіта. Назіраецца тэндэнцыя да росту захворванняў каранавіруснай інфекцыі сярод дзяцей. У мінулыя хвалі кавіда для хворых дзяцей была перапрафілявана толькі дзіцячая абласная бальніца. Зараз жа пад гэтыя мэты дадаткова перапрафіляваны яшчэ тры бальніцы на Міншчыне: у Маладзечна, Жодзіна, Барысаве. Варта адзначыць, “амікрон” больш цяжэйшы для дзяцей, чым для дарослых.

– Як праходзіць вакцынацыя дзяцей?

– Па нарматыўнай дакументацыі Міністэрства аховы здароўя вакцынаваць дзяцей можна ва ўзросце ад 12 да 17 гадоў. Праводзім гутаркі ў школах, выступаем на бацькоўскіх сходах, размаўляем індывідуальна пры наведванні бацькоў у працоўных калектывах. І ўсё гэта дае станоўчы вынік: з 1 студзеня ў раёне і горадзе мы вакцынавалі больш за 100 дзетак. Дарэчы, добра складваецца сітуацыя ў гэтым плане ў сельскай мясцовасці, туды выязджаюць педыятры і прышчапляюць на месцы. Праўда, многія людзі ўсё яшчэ ставяцца да вакцынацыі з недаверам.

Між іншым, дзеці і дарослыя вакцыну пераносяць добра.

– Дзе можна прышчапіцца дзецям?

– У адпаведнасці з загадамі Міністэрства аховы здароўя ў нас прадугледжана вакцынацыя дзяцей ва ўстановах адукацыі. Праводзіцца апытанне бацькоў, бярэцца пісьмовая згода, медработнік выязджае ў медпункт установы адукацыі і прышчапляе. Таксама робім прышчэпкі дзецям у працэдурным кабінеце паліклінікі.

– Ці працуе на базе ЦРБ шпіталь?

– З пятніцы 4 лютага функцыянуе адно аддзяленне на 22 койкі для шпіталізацыі дарослага насельніцтва з кавідам, і сімптомамі кавіда.

– Якія маюцца метады прафілактыкі для тых, хто патрапіў на самаізаляцыю?

– У хатніх умовах асноўны метад – шмат піць вады. Калі на самаізаляцыі ёсць магчымасць – прагулкі на свежым паветры без кантактаў з іншымі людзьмі. Таксама вітамін С у выглядзе натуральных прадуктаў: журавіны, лімон, чай з імбірам.

– Вашыя дадатковыя рэкамендацыі: як зберагчы здароўе?

– Асноўны шлях: сацыяльнае дыстанцыянаванне. Хоць “амікрон” і працякае значна лягчэй, чым папярэднія штамы, але варта помніць пра сацыяльную дысцыпліну. Калі назіраю нашых грамадзян у грамадскіх месцах, то становіцца не па сабе: людзі або забыліся, што ў нас пандэмія, або сталі бясстрашнымі – амаль ніхто не карыстаецца маскамі. Між іншым неабходнасць выкарыстання сродкаў індывідуальнай аховы не страціла актуальнасці. Варта пры паходах у магазіны, банкі, іншыя шматлюдныя месцы карыстацца маскамі і абавязкова апрацоўваць рукі антысептычнымі сродкамі. Нельга чалавеку, у якога дыягназавалі каранавірусную інфекцыю, хадзіць па магазінах. Ён павінен абараніць сваіх блізкіх ад сябе самога. Асабістая гігіена павінна прысутнічаць абавязкова.

Яшчэ трэба кожнаму вакцынавацца, а калі наспее тэрмін – рэвакцынавацца. За ўсю практыку вакцынавання насельніцтва, якое мы распачалі летась з 15 сакавіка, яшчэ не было ніводнага сур’ёзнага выпадку пабочнага ўздзеяння ад вакцыны. Таму баяцца вакцыны абсалютна не трэба. За папярэднія хвалі ніводнага прышчэпленага хворага не было ў рэанімацыі на апараце штучнай вентыляцыі лёгкіх. Адзінкавыя знаходзіліся ў стацыянары. Так, рызыка заражэння існуе для кожнага чалавека: і прышчэпленага і непрышчэпленага. Але, як правіла, у прышчэпленых або рэвакцынаваных пацыентаў кавід працякае значна лягчэй, з мінімальнымі і кароткачасовымі сімптомамі. Як правіла, у асноўным гэта на працягу 2-3 дзён тэмпература 37° і лёгкія катаральныя з’явы кшталту насмарку, пяршэння ў горле. Без вакцыны мы не пераможам!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER