«Амікрон» наступае!

Date 08.02.2022 Man
Comment 874
«Амікрон» наступае!

З мінулага тыдня ў Бярэзінскай ЦРБ пачало працаваць інфекцыйнае аддзяленне №1, разлічанае на 22 месцы, прызначанае для шпіталізацыі дарослага насельніцтва з каранавіруснай інфекцыяй і сімптомамі COVID-19.

З 8 лютага пачало функцыянаваць дадаткова створанае інфекцыйнае аддзяленне №2, разлічанае на 20 коек, якое ўзначаліла ўрач-тэрапеўт Валянціна Лушчык. Мы сустрэліся, каб паразмаўляць пра сітуацыю з чарговай хваляй каранавіруснай інфекцыі.

– Валянціна Валер’еўна, з якімі тэмпамі наступае “амікрон”?

– З вельмі хуткімі тэмпамі. Гэта бачна па афіцыйнай статыстыцы па краіне (проста рэкордныя лічбы захварэўшых), ці, дакладней, антырэкордных, што вельмі прыкметна на мясцовым узроўні: і па колькасці людзей на прыёме ў “чырвонай” зоне, і тых, у каго станоўчы вынік тэста выяўляецца ў прыёмным пакоі падчас шпіталізацыі.

– Які назіраецца рост захворванняў?

– У параўнанні з мінулым тыднем колькасць пацыентаў з дыягназам “каранавірус” павялічылася на 67%.

– У чым розніца паміж “амікронам” і грыпам?

– Клінічна цяжка дэферэнцыраваць. Калі ў студзені дамініраваў грып, у пацыентаў назіралася наступная клініка: павышаная тэмпература, з якой і пачынаецца хвароба, боль у горле, сухі кашаль, адсутнасць катаральных з’яў. Зараз на першы план выйшаў “амікрон”, для якога характэрны субфебрыльная тэмпература да 38 градусаў, пяршэнне ў горле, насмарк, малапрадуктыўны сухі кашаль. Сімптаматыка “амікрона” і грыпу аднолькавая. Аднак пры “амікроне” ў большасці выпадкаў прэваліруюць катаральныя з’явы і больш нізкая тэмпература. Канешне, бываюць і выключэнні.

– І што рабіць чалавеку, калі падобныя сімптомы раптам з’явіліся?

– З-за цяжкасцей выяўлення захворвання толькі па сімптомах, пры наяўнасці пералічаных з’яў у арганізме, варта ізалявацца, каб не заразіць іншых людзей і знізіць рызыку распаўсюджвання інфекцыі. І абавязкова прыйсці на прыём да ўрача, які ўжо вызначыць правільны дыягназ.

– Улічваючы, што дыягназ “каранавірусная інфекцыя” дазволілі ставіць без тэстаў, ці не ўзнікае блытаніна? Хворага “амікронам” могуць пераблытаць з хворым на грып і пакласці ў стацыянар разам з хворымі на іншыя паталогіі?

– Адпаведна з новай пастановай экстранная шпіталізацыя пацыента праводзіцца пры аналізе на антыген, які бяруць прама ў прыёмным пакоі. Так што ў дадзеным выпадку памылка выключаецца, хворага на “COVID-19” не пакладуць разам з пацыентамі, у якіх назіраюцца іншыя паталогіі. Калі пацыент прыбыў з павышанай тэмпературай, то пытанні па ім вырашаюцца ўрачом у “чырвонай” зоне. У любым выпадку, калі пацыенту патрабуецца экстранная шпіталізацыя па розных паталогіях, напрыклад, хваробы сэрца, гіпертэнзія ці наяўнасць хірургічнай паталогіі, ці што іншае, мы абавязкова правяраем на наяўнасць каранавіруснай інфекцыі шляхам праверкі антыгена. Калі ў пацыента, напрыклад, востры грып, ён кладзецца на стацыянар у інфекцыйнае аддзяленне. У прыёмным пакоі дзяжурны ўрач вымярае тэмпературу, высвятляе, ці ёсць сімптомы каранавіруснай інфекцыі. Калі ёсць – тады кладуць у інфекцыю.

– “Амікрон” характэрны высокай хуткасцю распаўсюджвання. Як зберагчыся ад гэтай напасці на рабоце, на вуліцы?

– Па-першае, масачны рэжым ніхто не адмяняў. Таксама абавязкова сацыяльнае дыстанцыянаванне і вакцынацыя. Наогул, гэтыя складальнікі з’яўляюцца галоўнымі. Варта абавязкова карыстацца сродкамі індывідуальнай аховы: маскамі, антысептыкамі.

– Ратуе сітуацыю вакцынацыя?

– Так! Па асабістых назіраннях, і не толькі маіх, вакцынаваныя пацыенты пераносяць захворванне значна лягчэй. Гледзячы па пацыентах, шпіталізаваных у інфекцыйнае аддзяленне з “амікронам”, прышчэпленыя адчуваюць сябе значна лепш у параўнанні з тымі, хто не вакцынаваўся. Вакцынаваным не патрабуецца рэанімацыя і кіслародная падтрымка. Калі прышчэпленыя траплялі ў стацыянар у мінулыя хвалі, то літаральна праз некалькі дзён выпісваліся. У лабараторных доследах паказчыкі іх аналізаў былі ў межах нормы.

– Праўда, што вакцынацыя гэта ўдар па імуннай сістэме?

– З негатыўнага боку – не. Вакцына дапамагае выпрацаваць антыцелы і актывізаваць сістэмы абароны арганізма, падрыхтоўвае арганізм да віруснага “ўдару”. І гэта добра адчуваюць тыя, хто прышчапіўся, а потым усё ж захварэў.

– Раскажыце трошкі пра сябе…

– Закончыла Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, з 2017 года працую загадчыцай тэрапеўтычнага аддзялення Бярэзінскай ЦРБ. У час хваляў каранавірусу часцяком працую ў інфекцыйных аддзяленнях, займаюся лячэннем пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй на стацыянарным этапе. Належнага прыктычнага вопыту ўжо шмат. Сама пера-хварэла “амікронам” тыдзень назад. Лічу, што вакцынаванне насельніцтва – асноўны шлях барацьбы з каранавірусам. Асабліва актуальна вакцынавацца пажылым пацыентам, якія абцяжараны рознымі саматычнымі паталогіямі. Хаця не толькі ім, вакцынавацца трэба ўсім.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER