Юнакі практычна праз некалькі дзён пасля выпускнога балю сталі студэнтамі самых прэстыжных нашай краіне стаматалагічных факультэтаў Беларускага і Віцебскага дзяржаўных медыцынских універсітэтаў. Двое ўвайшлі ў першую дваццатку і адзін – у дзясятку па мэтавым наборы студэнтаў. Яны і сёння яшчэ не да канца ўсведамляюць, што здарылася, і якім чынам іх запаветная мара ажыццявілася. Але яны заслужана валодаюць студэнцкімі білетамі і ў думках выбіраюць фасон белага халата.
Арцемій, Мікіта і Аляксандр – школьныя сябры. Сёлета яны сказалі “Бывай” роднай гімназіі. Тут іх назаўсёды запомняць стараннымі і працавітымі, настойлівымі і прынцыповымі выпускнікамі, якія яшчэ з сярэдняга звяна імкнуліся стаць абавязкова стаматолагамі. Для Арцемія, які нарадзіўся ў сям’і стаматолагаў, гэта заканамерна, а вось жыццё Мікіты і Аляксандра літаральна перавярнула сустрэча са стаматолагамі.
– Стаматалогія – гэта здорава, – гавораць яны, – і яшчэ – надзвычай цікава і захапляльна. Ты тут можаш быць не толькі ўрачом, але і артапедам, і хірургам. Таму наш выбар свядомы – толькі стаматалагічны факультэт.
Не астудзіў юнацкі запал юнакоў ні высокі конкурс, ні невялікая колькасць набору і нават цяжкая вучоба. Яны мэтанакіравана ішлі за сваёй марай. Усе трое добра вучыліся. Мікіта скончыў гімназію з сярэбраным медалём, а Арцемій у дадатак да школьнага медаля набраў па хіміі на цэнтралізаваным экзамене 98 балаў са 100.
– Дзеля гэтага прыйшлося практычна адмовіцца ад адпачынку, прагулак з сябрамі, займацца з рэпетытарамі, – расказваюць яны, – выключыць дадаткі ў тэлефоне і нярэдка да глыбокай ночы карпець над падручнкамі. Ды і “пашанцавала” нам моцна – давялося здаваць цэнтралізаваны экзамен і адначасова рыхтавацца да вуснага экзамену ў медыцынскім універсітэце. А там кожнае пытанне ахоплівае, бывае, і дзевяць школьных параграфаў! А гэта, паверце, цяжка.
Цяпер, калі ўступная “эпапея” для юнакоў скончылася, яны збіраюцца ў рэшце рэшт добра адпачыць.
– Спачатку трэба выспацца за ўсе бяссонныя ночы, – гавораць Мікіта і Аляксандр, – а потым пойдзем патусім, завіснем крыху ў тэлефоне і пацягаемся па горадзе. Нам жа з 1 верасня ізноў за падручнікі. А там будзе яшчэ цяжэй, чым у школе. Ведаем гэта добра, бо сястра Арцемія, Аляксандра, сёлета паспяхова здала дзяржэкзамены на стаматалагічным факультэце медуніверсітэта і будзе працаваць у інтэрнатуры. Думаю, мы таксама планку ведаў не апусцім – трэба ўжо сёння дбаць пра свой прафесіяналізм. Таму ў нас адна парада ўсім – не лянуйцеся вучыцца і тады нават самае немагчымае стане рэальнасцю.
Мілана ТРАПЯНОК.
Фота Алены ГРОМАВАЙ.