Малады спецыяліст, які поўны ідэй

Date 23.06.2023 Man
Comment 983
Малады спецыяліст, які поўны ідэй

Пра тое, што звяжа жыццё з лесам, Ілья Мельнічэнка ведаў ужо з дзяцінства. І ўсё дзякуючы дзядулю, аддаўшага шмат гадоў працы ў Камарынскім лясгасе на Брагіншчыне, які ў свой час дзяліўся багатай леснікоўскай мудрасцю, расказваў пра расліны і дрэвы і прывіваў любоў да лесу.

Таму вялікіх ваганняў і сумненняў у выбары прафесіі не было. Закончыўшы з чырвоным дыпломам Полацкі дзяржаўны лясны каледж па спецыяльнасці майстар лясной гаспадаркі, герой нашага матэрыялу прыбыў у якасці маладога спецыяліста па размеркаванні на Бярэзіншчыну і ўладкаваўся ва Ушанскае лясніцтва.

У работу ўпрэгся адразу, усё было цікавым і захапляльным. Майстар лесу можа літаральна ўсё рабіць: і дзялянку з дапамогай планшэта адмераць, і пры неабходнасці ўзяць сякеру ў рукі.

– Да мяне адразу вельмі добра паставіліся і дырэктар лясгаса Сяргей Чэмка, і ляснічы Іван Лукашэвіч, і памочнік ляснічага Крысціна Савіч, і іншыя калегі, усім я вельмі ўдзячны, – гаворыць Ілья. – Уліўся ў работу хутка, тым больш, што справа мне падабаецца, гэта маё прызванне, працягваю сямейныя традыцыі, іду дзедавай сцежкай.

Лясгас адразу падтрымаў маладога чалавека, выдзеліў фінансавую дапамогу, дапамог вырашыць праблему з жыллём – Ілья атрымаў пакой у інтэрнаце.

У сакавіку споўніўся год, як Ілья шчыруе на ніве лясной гаспадаркі. Да канца абавязковай адпрацоўкі засталося менш года.

– Пакуль мяркую заставацца працаваць тут і далей, – дзеліцца малады чалавек. – Але будзе бачна.

Ілья не любіць забягаць наперад і шмат расказваць пра планы, перакананы, што ўсё павінна ісці сваім парадкам. Аднак прызнаецца, што вельмі спадабаўся яму бярэзінскі край, і ўшанскія лясы сталі роднымі за гэты кароткі прамежак часу.

Зараз малады спецыяліст заклапочаны атрыманнем вышэйшай адукацыі. Адразу пасля заканчэння каледжа паступіў на завочны факультэт у Беларускі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт па спецыяльнасці інжынер лясной гаспадаркі.

 

Насычанае жыццё

Дарэчы, Ушанскае лясніцтва немаленькае, прыблізна 11-12 тысяч гектараў, работа ёсць тут заўсёды: і дзялянку абмераць, і ўдзельнічаць у пагрузцы-разгрузцы лесапрадукцыі и г.д. Але справа не бывае цяжкай, калі яна любімая ў жыцці.

– Усё ж мая работа – гэта пастаянныя стасункі с прыродай, яе абаронай, гэта мне падабаецца, да чаго імкнецца душа.

Давялося Ілью сустракаць дзікую жывёлу – ласёў, казуль, назіраць сляды прабывання дзікоў. Між іншым, на тэрыторыі лясніцтва жывуць і сямействы мядзведзяў. Праўда, мясцовыя жыхары сустракаюць іх рэдка, гаспадары лесу ўсё ж трымаюцца далей ад чалавека.

Так ужо склалася, што вольнага часу ў маладога спецыяліста не так і многа, ўсё залежыць ад рабочых планаў на дзень. Бывае, што ў летні перыяд выпадае вялікі аб’ём работы, сіл напрыканцы дня хапае толькі на душ, вячэру і сон. Аднак, калі выпадае хвіліна, Ілья з задавальненнем наведваецца ў басейн.

Таксама ахвотна ўдзельнічае ў пасяджэннях маладзёжнага парламента, і пра гэта асаблівая размова. Малады чалавек поўны рашучасці і крэатыўных ідэй. Як няўрымслівы па жыцці чалавек, Ілья актыўнічае ў БРСМ, выступае з рознымі ініцыятывамі.

– Прыехаўшы на Бярэзіншчыну, захапіўся гісторыяй раёна, краязнаўства блізкая да мяне тэма, – зазначае Ілья. – Улічваючы, што ў горадзе няма краязнаўчага музея, на пасяджэнні парламента выказаў ідэю стварэння віртуальнага фотаальбома, карты памяці, прысвечаных гісторыі Бярэзіншчыны. Гэта здольна зацікавіць і прывабіць увагу многіх людзей… Жыццё ў мяне насычанае, сумаваць не прыходзіцца. На свята Дня моладзі хачу пажадаць нашым маладым людзям, хлопцам і дзяўчатам, творчага развіцця, актыўнасці, жыццярадаснасці, упэўненасці ў будучыні, дзякуючы якой мы здольны дасягнуць жаданых мэт.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER
« Декабрь 2024 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
            1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30 31