Неўзабаве на Бярэзіншчыне “высадзіцца” чарговы дэсант маладых спецыялістаў. А сёння мы пагаворым з тымі, хто паспеў ужо адпрацаваць на нашай зямлі год-два. Нашы суразмоўцы – маладыя прафесіяналы сельскай гаспадаркі.
Дзіяна ЛІГЕР:
– Сама я з Гродна, на Бярэзіншчыну трапіла па размерваканні пасля заканчэння Гродзенскага ўніверсітэта імя Я. Купалы. Па адукацыі я інжынер-эканаміст-лагіст. Вось такі шырокі профіль. А працую інжынерам па тэхніцы бяспекі ў ААТ “Брадзец”. Калі вы думаеце, што справа, якой я займаюся, не вельмі цікавая, то вы вельмі памыляецеся. Ад маіх намаганняў напрамую залежыць стан не толькі вытворчых працэсаў, а і само жыццё працаўнікоў, бо ахова працы з‘яўляецца адным з важнейшых напрамкаў работы кожнага калектыву. Зразумела, у гэтую справу ўключаны і многія іншыя спецыялісты гаспадаркі – загадчыкі ферм, інжынерная служба, ды і сам кіраўнік Аляксандр Крук вельмі патрабавальна ставіцца да захавання тэхнікі бяспекі ў час правядзення не толькі асноўных сельскагаспадарчых кампаній, а і пры выкананні штодзённых спраў.
Сустрэлі мяне ў Брадцы добра, падабаецца і калектыў, у які трапіла. Прыемна і тое, што ў выдзеленым гаспадаркай доме жыву не адна, а разам з Лізаветай Зубчонак, якая таксама з’яўляецца маладым спецыялістам і працуе бухгалтарам. Так што вольны час праходзіць цікава і змястоўна, хаця яго ў аграрыяў, як вядома, заўсёды няшмат. Канечне, цягне дамоў, бо бываю там вельмі рэдка. Пакуль што за плячыма толькі год самастойнай працы. І вельмі важна, лічу, што за гэты час я не расчаравалася ў выбранай спецыяльнасці і ў тым, што працую на ніве сельскай гаспадаркі.
Дзяніс ЦІТАВЕЦ:
– Я таксама не з’яўляюся бярэзінцам: родам з суседняга Крупскага раёна і дома бываю кожны дзень, бо сёння адлегласць у 30 кіламетраў не з’яўляецца перашкодай для таго, каб дабірацца на работу. Так, мне прапаноўвалі добраўпарадкаванае жыллё ў Пагосце, але я палічыў за лепшае іменна такі варыянт. У ААТ “Пагосцкі” вось ужо два гады пасля заканчэння Смілавіцкага аграрнага каледжа. Працую аграномам. Справа вельмі падабаецца, нягледзячы на складанасці і праблемы, якія сёлета падкінула нам спякотнае і без дажджоў лета. Але ж і кармы нарыхтоўваць трэба, і пра маючае адбыцца жніво клапаціцца. Хаця, з нашым кіраўніком, Наталляй Сокал, усе праблемы вырашальныя. Яна падабрала надзейны і граматны штат, умее наладзіць справу і з’яўляецца сапраўдным лідарам. І мне вельмі падабаецца тая рабочая атмасфера, што існуе ў калектыве. Сапраўды, ужо гавару “нашым”, бо паспеў зрадніцца з ім. Таму, нягледзячы на завершаны тэрмін абавязковай адпрацоўкі, заключыў кантракт яшчэ на год. Да таго ж паступіў завочна вучыцца ў сельгасакадэмію на агранома. Так што ёсць у мяне і належная работа, і дружны калектыў, дзе таксама працуе нямала маладых спецыялістаў, і перспектыва далейшага прафесійнага росту, і адчуванне сваёй запатрабаванасці.
Інга ГАБЕЦ:
– Мне з працаўладкаваннем пашанцавала, бо пасля вучобы ў Навапольскім аграрна-эканамічным каледжы я вярнулася на сваю малую радзіму. Калектыў ААТ “Бярэзінскі райаграсэрвіс” прыняў мяне прыязна і гасцінна. І мне тут вельмі падабаецца. Даспадобы, напрыклад, тое, што на работу дабірацца далёка не трэба, бо жыву я ў Беразіно. Падабаецца і наш невялікі бухгалтарскі калектыў, дзе мяне, як самую маладую, узялі пад сваю апеку больш вопытныя спецыялісты. Так што практыку набываю выдатную. Ды і тэарэтычныя веды таксама не забываю пашыраць: вось ужо закончыла без адрыву ад вытворчасці першы курс Горацкай акадэміі.
Стараюся быць актыўнай і ў грамадскім жыцці. Так, яшчэ на мінулых раённых Дажынках выступала з прывітальным словам ад імя маладых спецыялістаў. Уваходзіла ў састаў зборнай раёна ў час правядзення абласнога турзлёту і паказала някепскі вынік у бегу. Не менш паспяховым быў удзел і ў раённай спартакіядзе сярод каманд аграпрамысловага комплексу, дзе мы заваявалі ганаровае другое месца і ў якасці прыза атрымалі пральную машыну. Ды і ў час правядзення вольнага часу таксама не люблю сядзець без спраў, а займаюся агародніцтвам на нашым невялікім прысядзібным участку побач з бацькоўскім домам, дзе жыву.
Кожны з нас па сабе ведае аб тым, наколькі важным з‘яўляюцца тыя абставіны, у якія трапляе малады спецыяліст, прыехаўшы на сваё першае рабочае месца. Ад таго, наколькі калектыў будзе прыязным і дружным, наколькі твой першы кіраўнік акажацца “правільным” не толькі як спецыяліст, а і чалавек, у многім залежыць, ці будзе ў маладога спецыяліста жаданне раскрыць сябе як асобу і атрымаць магчымасць далейшага развіцця і росту. Думаецца, што ў нашых герояў з гэтымі абставінамі ўсё ў парадку і яны годна праявяць сябе і на абранай ніве, і на Бярэзіншчыне.
Анатоль ПАЛЫНСКІ.