У госці да працаўнікоў ААТ “Брадзец”

Date 15.02.2023 Man
Comment 1065
У госці да працаўнікоў ААТ “Брадзец”

Сёння ў раёне завяршылася рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод”, у рамках якой старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Марына Каўзуновіч разам са старшынёй прафсаюзнай пярвічкі ААТ “Брадзец” Валянцінай Смольскай наведаліся з падарункамі і добрымі пажаданнямі ў малочна-таварныя фермы названай гаспадаркі.

- Наша традыцыйная штогадовая акцыя стартавала 22 снежня. Мы наведаліся ў госці да жывёлаводаў ва ўсіх гаспадарках Бярэзіншчыны, - пракаментавала Марына Аляксандраўна. – У ліку задач акцыі – праверыць умовы працы жывёлаводаў, наяўнасць у іх спецадзення, выслухаць скаргі і прапановы, удакладніць тэмпературны рэжым, у якім даводзіцца працаваць, пракантраляваць бытавыя ўмовы і, вядома ж, выказаць словы падзякі за працу, падбадзёрыць людзей добрым словам, аказаць прафсаюзную падтрымку.

З улікам таго, што сёння Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, прафсаюзы ў першую чаргу наведалі вартаўніка машыннага двара ААТ “Брадзец” Яўгенія Гарошка, які ў свой час выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, сказалі некалькі сардэчных слоў і ўручылі падарунак.

Далей па маршруту была МТФ “Месціна”. Між іншым, тут знаходзяцца 702 галавы БРЖ і 511 галоў маладняка на дарошчванні.

- У рамках акцыі мы абавязкова наведваем жывёлагадоўчыя аб’екты, - расказала прысутным Марына Каўзуновіч. – Ваша работа неабходная раёну і гаспадарцы, і мы разумеем, наколькі яна нялёгкая. Дзякуем усім за работу, і жадаем каб павялічваўся статак і надоі, а ў вас каб было здароўе!

- Таксама і я далучаюся да ўсяго сказанага, - дадала Валянціна Смольская. – Прафсаюзная арганізацыя гаспадаркі таксама выказвае словы падзякі, прыміце маленькія сувеніры!

Дарэчы, у загадчыцы фермы Алены Осіпавай 18 лютага будзе дзень нараджэння і наступленне пары заслужанага адпачынку.

- Ведаеце, асабіста мне хочацца пажадаць міру нават больш чым здароўя, - дзеліцца набалелым Алена Іосіфаўна і тлумачыць, што дзеці жывуць ва Украіне, і яна штодзень за іх перажывае і турбуецца.

- Прыемна вас бачыць, дзякуй за падарункі і цёплыя словы, - зазначылі напрыканцы работнікі фермы.

Наступным пунктам на маршруце гасцей быў МТК-1 “Брадзец”. Па словах прафсаюзных лідэраў гэты жывёлагадоўчы аб’ект адзін з лепшых у раёне, тут дояць 9 тон малака ў суткі. Кароўкі даюць у сярэднім па 15 літраў.

- Умовы для нашых працаўнікоў створаны добрыя, - сведчыць Валянціна Аляксандраўна. – Створаны ўсе неабходныя ўмовы для быту і працы.

Між іншым, тут праходзе практыку студэнтка Віцебскай ветэрынарнай акадэміі Марыя Валасюк, асвойвае навуку ветурача. Хоць прыехала толькі на два месяцы, але ўжо паказала сябе са станоўчага боку, мясцовыя работнікі задаволеныя. Дзяўчына здольная, старанна засвойвае навыкі, шкада толькі, што па размеркаванню паедзе ў іншы раён.

Далей была ферма “Гара” па дарошванню маладняга БРЖ. Тут таксама прагучалі словы падзякі, цёплыя пажаданні далейшага плёну ў працы. Жывёлаводам былі ўручаны падарункі і салодкія сувеніры.

 

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.

Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER