Да кожнага пацыента – уважліва і прафесійна!

Date 12.11.2021 Man
Comment 710

У Любушанскім ФАПе працуюць тры чалавекі. Акрамя загадчыцы, ёсць яшчэ санітарка і апальшчык. Рамонт быў праведзены ў 2017 годзе, зараз тут цёпла і ўтульна, пункт забяспечаны ўсім неабходным. У зоне абслугоўвання пражывае 505 дарослых і 97 дзяцей.

Шчыруе тут ужо чацвёрты год фельчар Марыя Цяляк, якая ў свой час скончыла Маладзечанскі медыцынскі каледж і пасля абавязковай адпрацоўкі пераехала на радзіму мужа ў Любушаны.

Мы сустрэліся, каб паразмаўляць пра сітуацыю з каранавіруснай інфекцыяй і працэс вакцынацыі ў Любушанскім рэгіёне.

Тэмпы вакцынацыі

– На сённяшні дзень у нашым ФАПе прышчапіліся ад каранавіруснай інфекцыі больш за 200 чалавек. Таксама 170 прайшлі вакцынацыю ад грыпу, – расказвае Марыя Цяляк. – Выкарыстоўваем расійскую і кітайскую вакцыны. На дадзены момант 100% прайшлі вакцынацыю работнікі школы. Набіраюць абароты вакцынацыі і ў гаспадарцы “АграМАЗ”. Мы праводзім інфармацыйныя выступленні ў арганізацыях, установах, тлумачым людзям пра жыццёвую неабходнасць прышчэпак. Прыемна, калі прыслухоўваюцца і робяць станоўчыя высновы.

Тэндэнцыя да зніжэння

– Пацыентаў з падазрэннем на каранавірусную інфекцыю ўжо становіцца менш. Яшчэ ў мінулым месяцы сітуацыя была вельмі складаная, у Любушанах перахварэла вялікая колькасць насельніцтва, сярод іх шмат дзяцей.

У самыя гарачыя дні за дапамогай звярталіся да 30 і больш пацыентаў у дзень. Галоўная адметнасць: у асноўным гэта тыя, хто не прышчапіўся. Асабліва кепска адчуваюць сябе пацыенты з хранічнымі захворваннямі. Аднак зараз сітуацыя палепшылася. Людзі пачалі актыўней прышчапляцца, цікавяцца гэтым пытаннем. Напрыклад, днямі вакцынавалі жыхароў Уюноўкі, Дулебаў, Карбаўскога, Несцяроўкі. Усё гэта спрыяе зніжэнню колькасці захворванняў COVID-19.

Сталі лепш ставіцца да прышчэпак

– Радуе, што людзі пачалі больш добразычліва глядзець на вакцынацыю. Бо галоўная праблема крыецца ў недаверы насельніцтва, які падмацоўваецца чуткамі ды “добразычліўцамі” ў інтэрнэце. Зразумела, ёсць тыя, хто катэгарычна супраць прышчэпак, але час усё расстаўляе па сваіх месцах. Напрыклад, нядаўна выпісаліся тры чалавекі, якія пісалі адмовы ад вакцынацыі. Яны цяжка хварэлі, былі ў рэанімацыі. Цячэнне хваробы ўзмацнілася яшчэ наяўнасцю хранічных захворанняў і лішняй вагі. Зараз іх чакае доўгі перыяд рэабілітацыі, як правіла, палова года, або год. А каб своечасова вакцынаваліся, хварэлі б у лёгкай форме.

Пры неабходнасці прышчапляем на даму

– Вакцынуем па папярэднім запісе. Звычайна мы абзваньваем насельніцтва, ходзім па дварах, высвятляем колькасць жадаючых вакцынавацца, пасля назначаем дакладны дзень, заказваем вакцыну і прышчапляем людзей першай прышчэпкай, праз 21 дзень – другой.

Калі чалавеку далёка дабірацца, прыязджаем і вакцынуем на даму.

Самай старэйшай – 92!

Прышчапляецца шмат пажылых людзей. Быў выпадак, захацела прайсці вакцынацыю ад кавіду 92-гадовая бабуля. Адметны факт: дзеці і ўнукі яе адгаворвалі, а бабуля папрасілася сама. Так і сказала: я пры памяці і ў здаровым розуме, гэта маё асабістае рашэнне. Бабуля перанесла цудоўна і першую прышчэпку, і другую, нават тэмпература не паднімалася. Здаровая, не хварэе зараз.

Пра ўласны досвед

– Сама прышчапілася ў красавіку, два разы, і муж таксама. Наступстваў амаль не назіралася. Праўда, і ў мяне, і ў мужа пасля першай прышчэпкі была кароткі час субфертыльная тэмпература і характэрная ламата ў целе, але хутка ўсё нармалізавалася.

Галоўнае ў рабоце

– Працаваць у ФАПе вельмі падабаецца. Тут і педыятрыя, і тэрапія, і ўсе профілі — гэта для мяне цікавей, чым асобная вузкая спецыфіка. Калі быў пік захворванняў, даводзілася шчыраваць ударнымі тэмпамі, выкладвацца на сто адсоткаў, рабочы дзень заканчваўся глыбокім вечарам. Зараз даводзіцца яшчэ разам з загадчыкамі іншых ФАПаў дзяжурыць па графіку ў пункце вакцынацыі ў басейне ў Беразіно.

Бывае, што паступае выклік да хворага нават апоўначы. З задавальненнем удзяляю ўвагу ўсім, каму патрабуецца дапамога, бо галоўным у прафесіі лічу ў першую чаргу чалавечыя адносіны.

Часам добрае слова – дзейсная тэрапія

– Здараецца, што бабуля ці дзядуля выклікаюць на дом. Раблю агляд, слухаю стэтаскопам, апытваю наконт высвятлення сімптомаў і раптам разумею, што старыя людзі выклікалі з адной прычыны – ім проста адзінока. Зразумела, у такіх выпадках стараюся ўдзяліць шмат увагі падобным пацыентам, узбадзёрыць і падтрымаць добрым словам, аддаць часцінку цеплыні.

Людзі ставяцца да маладога фельчара з цеплынёй і падзякай

Наталля ДУБОВІК:

– У нас перахварэла ўся сям’я на кавід. Спачатку дзядуля з бабуляй, потым і ўсе астатнія. У лёгкай форме. І зараз мы проста перакананыя ў тым, што трэба вакцынавацца. Вельмі падабаецца наш мясцовы фельчар Марыя Андрэеўна, вельмі прафесійная, прыстойная, добрая, як спецыяліст, і як чалавек. Сама да яе звяртаюся па любым пытанні, звязаным са здароўем. Калі ціск мучыў, яна прыходзіла на дом па два разы на дзень і ўкол зрабіць, і проста падтрымаць. Адказная.

Уладзімір СТАРАВОЙТАЎ:

– У жніўні хварэў каронай, ляжаў у бальніцы ў Барысаве, праўда, штучная вентыляцыя лёгкіх не патрабавалася. Да жніўня працаваў вальшчыкам у лясгасе, зараз быў вымушаны перайсці на больш лёгкую работу і працую качагарам у школе, бо пасля хваробы мучае задышка. Марыя Андрэеўна – цудоўны фельчар, заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу ў любы час.

Галіна ЦЭДРЫК:

– Я таксама перахварэла каранавіруснай інфекцыяй. Зараз чакаю, калі скончыцца перыяд пасля хваробы, і абавязкова прышчаплюся. Вельмі задаволена нашым фельчарам. Нядаўна муж хварэў, дык Марыя Андрэеўна пастаянна да нас прыходзіла рабіць уколы, яна добры спецыяліст і чулы чалавек. І пракансультуе, і падтрымае.

Аксана РАССЕКА:

– Прышчапілася яшчэ ў красавіку. Марыя Андрэеўна – ўважлівы фельчар, прыме з любым пытаннем, заўсёды растлумачыць пра хваробу, гатовая прыйсці на дапамогу ў любы час сутак. Нават у выхадныя дні можа прыйсці на выклік. Ніколі кепскага слова ад яе не пачуеш, ні пагарды, ні абурэння. Нам пашанцавала з ёю. Так мяркуюць усе, каго ведаю ў Любушанах.

Наталля ЯРМОЛІНА:

– А я працую санітаркай у чырвонай зоне Бярэзінскай ЦРБ, па сабе ведаю асаблівасці і ўзровень загружанасці і адказнасці медыцынскіх работнікаў у перыяд пандэміі, і як парою ім бывае складана з хворымі людзьмі. Скажу вось, асабіста мне вельмі падабаюцца адносіны да сваіх абавязкаў Марыі Андрэўны, яе прафесіяналізм. Пры неабходнасці да нашага фельчара можна звярнуцца за кансультацыяй нават у выхадныя дні. Заўсёды чулая, спагадлівая, уважлівая, ніколі не адмовіць, прыйдзе на дапамогу.

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER