На Новы год «хуткая» працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці

Date 23.12.2021 Man
Comment 381
На Новы год «хуткая» працуе ў рэжыме павышанай гатоўнасці

Набліжаюцца святы — у радасць людзям і дзеля прыемнага адпачынку. Час добрых пажаданняў і лагоднага настрою.

Праўда, адпачываць давядзецца не ўсім, экстранныя службы нясуць дзяжурствы ў перыяд свят з павышанай напружанасцю. Асабліва гэта тычыцца “хуткай дапамогі”, нагрузкі на якую і без таго ўзмацніліся ў сувязі з пандэміяй.

Павялічаныя нагрузкі

— У сярэднім за суткі на аддзяленне “хуткай дапамогі” выпадае каля 30 выклікаў, але гэта ў спакойны перыяд. Падчас эпідэміялагічных пад’ёмаў выклікаў бывае ад 50 і вышэй, — расказвае старшы фельчар Уладзімір Пікулік. — Нават цяпер, калі, здаецца, пайшла на спад чарговая хваля каранавіруснай інфекцыі, колькасць выклікаў не зменшылася, у сярэднім — 50 за суткі.

Нагрузкі высокія, несумненна, гэта павышае стамляльнасць, і нават не ў фізічным плане, а больш у маральным. Даводзіцца забіраць і цяжкіх хворых, не толькі кавідных, бо ніхто не адмяняў звычайныя паталогіі.

Як і ўсе экстранныя службы, “хуткая дапамога” функцыянуе круглыя суткі. На дапамогу людзям тут спяшаюцца тры бры-гады, у складзе якіх 22 фельчары. Таксама ёсць 4 дыспетчары, санітарка і 12 вадзіцеляў. Брыгады працуюць суткі праз двое, гэта ў межах допуску, толькі ў вадзіцеляў змены доўжацца па 12 гадзін.

Новая структура

— З ліпеня 2020 года Бярэзінскае аддзяленне “хуткай дапамогі” ўваходзіць у склад дзяржаўнай установы аховы здароўя “Мінскі абласны цэнтр хуткай медыцынскай дапамогі” з адміністрацыяй у Бараўлянах. Дадзеная структура аб’ядноўвае ўсе аддзяленні хуткай дапамогі на Міншчыне. У перспектыве будзе створаны або адзіны кол-цэнтр, або рэгіянальныя дыспетчарскія службы.

У дапамогу тэхналогіі

— У сувязі з працэсам цэнтралізацыі служба “хуткай дапамогі” працуе ў спецыяльнай камп’ютарнай праграме, якая дазваляе адсочваць усю неабходную для работы інфармацыю: колькі машын на выездзе, куды спяшаюцца, адкуль вяртаюцца, ці вязуць пацыента ў бальніцу, якія пацыенту па дарозе аказваюцца працэдуры. На маніторы камп’ютара можна паглядзець, у якой геаграфічнай кропцы знаходзіцца машына з брыгадай у дадзены момант.

Сёлета з сакавіка брыгады ездзяць на выклік са спецыяльнымі планшэтамі, і ў гэтым плане Бярэзінскае аддзяленне “хуткай дапамогі” — першапраходзец. На планшэце можна ўбачыць аператыўную інфармацыю па выкліку: імя і ўзрост пацыента, прычына выкліку, дадзеныя электракардыяграмы, артэрыяльнага ціску, дыягназ, аказаную дапамогу. У перспектыве — вывад на планшэт гісторыі хваробы. Усё гэта значна аблягчае і паскарае работу медыкаў і спрыяе павышэнню якасці абслугоўвання
пацыента.

Калі едзе «хуткая»?

— Работа “хуткай дапамогі” рэгулюецца пастановай Міністэрства аховы здароўя. Зараз ёсць паняцці экстраннага выкліку і неадкладнага.

Статус “экстраннага” надаецца выкліку, калі пацыент знаходзіцца ў стане, які ўяўляе небяспеку жыццю. Напрыклад, чалавек трапіў у пажар, ці дарожна-транспартнае здарэнне. Ці раптам адбылося рэзкае змяненне рухавай актыўнасці, маюцца на ўвазе вострыя парушэнні мазгавога кровазвароту.

Неадкладныя выклікі — гэта часцей за ўсё выпадкі з абвастрэннем хранічных захворванняў. Напрыклад, галаўны боль ці іншыя віды болю, або алергія. Але алергія бывае розная. Напрыклад, анафілактычны шок, выкліканы ўкусам насякомага, або рэакцыяй на якія-небудзь харчовыя вырабы — гэта экстранны выпадак. А вось алергія ў выглядзе высыпанняў на скуры — выпадак неадкладны.

“Хуткая дапамога” ў першую чаргу служба экстранная, накіраваная на тое, каб уратаваць чалавечае жыццё. На жаль, далёка не ўсе людзі тое разумеюць, і выклікаюць «хуткую» тады, калі ў гэтым няма неабходнасці. Таму вельмі важна спакойным голасам і дакладна расказаць дыспетчару, што здарылася, калі і пры якіх умовах, каб дыспетчар мог правільна вызначыць катэгорыю выкліку. Маюцца таксама нюансы: калі паступіла адначасова некалькі выклікаў, прыярытэт аддаецца дзецям і цяжарным жанчынам. Да іх брыгада накіроўваецца ў першую чаргу.

Тэхніка і нарматывы

— Парк машын “хуткай дапамогі” поўнасцю абнавіўся. У нас ёсць новы “УАЗ” з сучасным абсталяваннем. Таксама маюцца “Пежо” і дзве “Газелі”. Усе машыны абсталяваныя ўкладкамі для прэпаратаў, кардыёграфамі, тэрмакантэйнерамі для прэпаратаў, медыцынскім кіслародам і кіслароднымі інгалятарамі.

У фельчараў абавязкова з сабою дэфібрылятар-манітор для аказання рэанімацыі.

Існуюць нарматывы даездаў: ад прыняцця выкліку да прыбыцця брыгады медыкаў. Падчас экстраннага выкліку ў гора-дзе гэта 20 хвілін, па раёне — 35. Пры неадкладных выкліках гэта адпаведна 75 і 135 хвілін.

Пра сябе і вакцынацыю

— Вырашыў стаць медыкам, дзякуючы захапленню серыяламі на медыцынскую тэматыку. Вельмі спадабаўся “Доктар Хаўс”. Вось так свет кіно можа паўплываць на лёсаносныя вырашэнні, — усміхаецца Уладзімір Пікулік. — Сам я з Бярэзіншчыны, нарадзіўся ў 1993-м у вёсцы Дамашкі. Мама — бухгалтар, тата — будаўнік. Скончыў у 2014 годзе Барысаўскі медыцынскі каледж. Падчас вучобы падпрацоўваў санітарам на Барысаўскай станцыі меддапамогі. Потым размеркаваўся ў Беразіно. Працаваў 6 гадоў фельчарам, маю першую кваліфікацыйную катэгорыю. Зараз з’яўляюся старшым фельчарам, кірую аддзяленнем: складаю графікі, заказваю медпрэпараты, абсталяванне. Падпрацоўваю на палову стаўкі фельчарам па выкліках. Дарэчы, жонка таксама фельчар, працуем разам. Пазнаёміліся ў час вучобы, яна з Новалукомля, маем двух дзетак. Жывём у Беразіно, купілі дом. У вольны час люблю рыбалачку, або што-небудзь дома карыснае зрабіць, напрыклад, змайстраваць кату домік.

Ад кавіда прышчапіліся ўсім калектывам. Асабіста я — расійскай вакцынай яшчэ вясной і на каранавірусную інфекцыю не хварэў. Раю ўсім бярэзінцам абавязкова прайсці вакцынацыю, тым самым зберагчы жыццё і здароўе.

Павышаная гатоўнасць

— У рабоце хуткай дапамогі прадугледжаны тры рэжымы работы: штодзённы рэжым, рэжым павышанай гатоўнасці, і работа ў рэжыме надзвычайнай сітуацыі. На святы мы будзем знаходзіцца ў стане павышанай гатоўнасці. Гэта значыць, дадаткова ствараецца рэзерв супрацоўнікаў, якіх можна тэрмінова пры неабходнасці “падняць па званку”, і адпаведна, іншае. У навагоднія святы — асаблівая ўвага, бо выкарыстоўваюцца феерверкі і петарды, і ўсякае можа здарыцца… Вось так: пакуль людзі гуляюць і адпачываюць, мы працуем!

Аляксандр БЫЧКОЎСКІ.
Фота аўтара.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER