Якасная работа – якасныя і вынікі

Date 30.05.2023 Man
Comment 2572
Якасная работа – якасныя і вынікі

Масавую касьбу траў у ААТ “Брадзец” распачалі яшчэ на мінулым тыдні, і сёння з палеткаў гаспадаркі раз-пораз дастаўляецца свежая правяленая маса, якая адразу ж трапляе на захоўванне ў траншэі. К канцу чацвёртага дня кампаніі тут ужо завяршалі закладку адной траншэі, што размешчана ў в. Пуцькава.

Не ведаюць стомы і перапынкаў у рабоце механізатары і вадзіцелі, якія заняты гэтай стратэгічна важнай для гаспадаркі справай, бо ад тэмпаў, старання і ўмення цэлага ланцужка спецыялістаў залежыць будучая сытая зімоўка жывёлы і паказчыкі малочнай і мясной галін. Першымі ў справу ўступаюць механізатары Генадзь Гушчын і Сяргей Аўсянскі. Іменна яны кладуць у пракосы траву і забяспечваюць аб’ём работы астатнім членам звяна па нарыхтоўцы кармоў.

Хаця, наўрад ці назавеш звяном занятых на касавіцы працаўнікоў, бо адных толькі транспартных сродкаў на дастаўцы нарыхтаваных кармоў шэсць – чатыры магутныя МАЗы і 2 трактары. Тут жа на падборцы правяленай масы шчыруюць механізатары КВК Віталь Аўсянскі і Валерый Стасевіч. Запатрабаваным спецыялістам з’яўляецца таксама і Аляксей Юнец з прычэпленымі да трактара граблямі. Дастаўленая да месца захоўвання маса шчыльна трамбуецца, трапіўшы пад колы двух “Амкадораў”, якія выдзелены ў гаспадарцы для гэтай мэты.

Тэмпамі работы механізатары задаволены. Вадзіцель Мікалай Новікаў, напрыклад, за папярэдні дзень зрабіў 19 рэйсаў, хапае нагрузкі і іншым кіроўцам транспартных сродкаў. Рабочы дзень яны пачынаюць з сямі гадзін раніцы (хаця з гаража выязджаць на палетак даводзіцца крыху раней), доўжыцца ён да паловы восьмай вечара. Падчас працоўнага дня занятыя на работах забяспечваюцца гарачым харчаваннем.

– Ды і па аплаце працы ў нас таксама ўсё добра, – расказвае Валерый Стасевіч. – З яе ўмовамі нас пазнаёмілі яшчэ да пачатку касавіцы. Так што ведаем, за што працуем. Летась пакрыўджанымі не былі.

– Ад нашай увішнасці залежыць якасць нарыхтаваных кармоў. Таму імкнёмся ў поўнай меры вытрымліваць тэхналогію, – дадае Аляксей Юнец. – Траву на гэтым полі скасілі яшчэ ўчора, за суткі яна паспела правяліцца да патрэбнай кандыцыі і вось толькі зараз яе з валкоў загружаюць для адпраўкі ў сянажныя траншэі. Там таксама спецыялісты гаспадаркі пільна сочаць за тэхналогіяй закладкі, шчыльнасцю, тэрмінамі і г.д. На першым полі, дзе мы вялі нарыхтоўку, травастой быў не вельмі багатым, а вось тут ён зусім някепскі. Зразумела, дажджоў не хапае, таму чакаем іх з нецярпеннем.

– А для мяне гэтая кампанія – першая ў жыцці, – дзеліцца ўражаннямі Уладзімір Альшэўскі. – Толькі трэці месяц працую ў “Брадцы”. Уладкаваўся сюды па аб’яве. Пакуль што не шкадую. Сам з Беразіно (на работу прывозяць), доўгі час працаваў у “Белдартрансе”, таксама вадзіцелем МАЗа, але разам з сям’ёй вярнуўся на малую радзіму. Дарэчы, прымаў удзел у будаўніцтве трасы Мінск – Магілёў.

Касавіца – свайго роду першае выпрабаванне вяскоўцаў на вартасць перад пачаткам больш адказнай пары жніва. І многія з тых, хто сёння рупіцца на брадзецкіх палетках у якасці нарыхтоўшчыкаў кармоў, неўзабаве перасядуць за штурвалы камбайнаў. А пакуль што іх галоўны клопат – надзейная кармавая база.

Анатоль ПАЛЫНСКІ.

Фота Алены ГРОМАВАЙ.

Источник:
Нашли ошибку? Выделите её и нажмите CTRL + ENTER